Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амонаўцы выціснулі ўдзельнікаў акцыі з Кастрычніцкай плошчы (фота)


Альгерд Невяроўскі, Менск Менскі АМОН не дазволіў дэмакратычнай апазыцыі правесьці акцыю салідарнасьці са Сьвятланай Завадзкай, зьбітай тры тыдні таму міліцыянтам. Гэта адбылося падчас акцыі памяці, прысьвечанай пятай гадавіне зьнікненьня яе мужа – апэратара расейскай тэлекампаніі ОРТ Зьмітра Завадзкага. Удзельнікі сёньняшняй акцыі былі выціснутыя з Кастрычніцкай плошчы. Сёньня ж пракуратура Цэнтральнага раёну Менску адмовіла спадарыні Завадзкай у завядзеньні крымінальнай справы супраць амонаўца, які яе зьбіў.

Сёньня на заклік лідэраў партыяў дэмакратычнай апазыцыі праявіць салідарнасьць са Сьвятланай Завадзкай на менскую Кастрычніцкую плошчу выйшлі больш за 30 чалавек. Трымаючы ў руках партрэты яе мужа Зьмітра Завадзкага, удзельнікі акцыі расьцягнуліся уздоўж плошчы.

Адзін з арганізатараў акцыі, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў у інтэрвію беларускай Свабодзе:

(Лябедзька: ) “ Калі сытуацыю не трывожыць, то так і застанецца. Што Сьвятлана Завадзкая вінаватаю ў гэтай сытуацыі, і што яна зьдзейсьніла нейкія неправавыя дзеяньні супраць сілавікоў. Я думаю, што раўнадушша й цішыня – гэта самая дрэнная сытуацыя. Толькі калі мы будзем трывожыць, казаць, што мы памятаем пра гэту сытуацыю, толькі тады можна прымусіць уладу рабіць нейкія дзеяньні”.

Сьвятлана Завадзкая акцыя - Sviatlana Zavadzkaja protest

На плошчы прысутнічала й сама Сьвятлана Завадзкая, якая 7 ліпеня атрымала ўдар у твар ад амонаўца падчас разгону акцыі памяці яе мужа, які зьнік у невядомых акалічнасьцях пяць гадоў таму. Анатоль Лябедзька падарыў ёй вялікую чырвоную ружу. Сьвятлана Завадзкая падзякавала ўсім, хто прыйшоў выказаць зь ёй сваю салідарнасьць.

Сьвятлана Завадзкая акцыя - Sviatlana Zavadzkaja protest

Вось, як яна пракамэнтавала інфармацыю, распаўсюджаную агенцтвам "Інтэрфакс" пра тое, што пракуратура Цэнтральнага раёну адмовіла ёй сёньня ў завядзеньні крымінальнай справы супраць таго амонаўца:

(Завадзкая: ) “ Калі гэта сапраўды так і мне адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы, то ў прынцыпе, іншага адказу я й не чакала. Тое, як паводзяць сябе беларускія ўлады ўсе апошнія гады, гаворыць пра тое, што іншага выніку чакаць было немагчыма”.

Пры гэтым жонка зьніклага журналіста сказала, што абавязкова абскардзіць гэтае рашэньне.

Тым часам удзельнікаў акцыі атачыў аддзел АМОНу і пачаў выціскаць з плошчы. Афіцэр, які кіраваў гэтай апэрацыяй, загадаў сваім падначаленым паводзіць сябе вельмі карэктна. Удзельнікаў акцыі, сярод якіх былі актывісты партыі БНФ на чале зь яе лідэрам Вінцуком Вячоркам, прадстаўнікі АГП, "Маладога фронту", руху "Зубр" ды іншых арганізацыяў амонаўцы выціснулі на вуліцу Няміга і там пакінулі. Анатоля Лябедзьку некалькі агентаў у цывільным суправаджала да самай ягонай машыны.

Сьвятлана Завадзкая акцыя - Sviatlana Zavadzkaja protest

Падрабязнасьці слухайце ў эфіры і чытайце пазьней на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG