Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: “Эўропа павінна прадэманстраваць, што дбае аб правох чалавека"


Алесь Дашчынскі, Менск Паводле беларускага Міністэрства замежных справаў, пасол Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Паўляк знаходзіўся ў адпачынку і меў вярнуцца ў Менск 31 ліпеня. Аднак на рашэньні польскіх уладаў пасол Польшчы ў Менск ня вернецца, ён адкліканы для кансультацыяў у Варшаву – да часу, пакуль ня будзе вырашана сытуацыя вакол Саюзу палякаў Беларусі.

Нагадаю, старшыня камісіі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец заявіў, што беларускі бок адкажа адэкватна і адкліча свайго пасла з Польшчы. Але ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі заяўляюць, што беларускі пасол працягвае працу ў Варшаве. Сьпікер польскага Сэйму Ўладзімеж Цімашэвіч заявіў, што амбасадар Беларусі ў Польшчы Павел Латушка можа быць аб’яўлены пэрсонаю нон грата і будзе вымушаны пакінуць Польшчу.

Як ставяцца да такой пэрспэктывы ў беларускім Міністэрстве замежных справаў, тлумачыць начальнік аддзелу прэс-службы Марыя Ваньшына:

(Ваньшына: ) “Ну, Цімашэвіч – вядомы палітык, мы пачулі, што ён сказаў. Але ён толькі пакуль сказаў гэта... Хто афіцыйна аб’яўляў? Ніхто Латушкі не аб’яўляў. Мы ведаем, што заявіў Цімашэвіч, але наш пасол працуе пакуль”.

Як перадало БЕЛТА, у беларускую амбасаду ў Варшаве паступаюць тэлефанаваньні з патрабаваньнем да дыпляматычных работнікаў выехаць з Польшчы. Каля будынку амбасады ў Варшаве на мінулым тыдні пачалася акцыя пратэсту польскіх грамадзянаў. Учора амбасаду Польшчы ў Менску пікетавала праўрадавая арганізацыя – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, які выступіў супраць дэстабілізацыі беларуска-польскіх стасункаў.

А як ставяцца да дзеяньняў беларускіх уладаў супраць Саюзу палякаў беларускія праваабаронцы? Паводле старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, улады спрабуюць усталяваць кантроль над няўрадавымі арганізацыямі.

(Бяляцкі: ) “Што да нашага камэнтару як праваабаронцаў у гэтай сытуацыі, то мы, безумоўна, асуджаем дзеяньні беларускіх уладаў і расцэньваем гэта як грубае ўмяшаньне ў дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў”.

Грамадзкі лідэр Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што афіцыйны Менск ня пойдзе на саступкі і ў выніку яго дзеяньні прывядуць да расколу гэтай уплывовай грамадзкай арганізацыі.

(Мілінкевіч: ) “Гэта канфлікт ня толькі што да Саюзу палякаў, гэта працяг палітыкі беларускіх уладаў адносна грамадзянскай супольнасьці, якая мэтадычна зьнішчаецца з 2001 году. Сёньня палова арганізацыяў зьяўляюцца незарэгістраванымі, хаця дзейнічаюць. Дагэтуль, безумоўна, беларускі ўрад не хацеў чапаць Саюзу палякаў – усё ж такі вельмі ўплывовая, магутная арганізацыя, прытым цесныя дачыненьні з суседзямі. І ўсё ж такі перад выбарамі вырашылі гэта зрабіць. І ў выніку, я думаю, што будуць два саюзы: адзін саюз для ўлады, легальны, зарэгістраваны, ёй падпарадкаваны, і саюз незарэгістраваны – сапраўдны саюз палякаў, які будзе мець дачыненьні з польскім бокам. Я ня думаю, што беларускія ўлады саступяць, яны ўвогуле такога ня робяць, ніколі не дэманструюць сваёй нібыта слабасьці, хаця гэта дэманстрацыя свайго глупства”.

Нагадаю, міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд накіраваў ліст кіраўніцтву Эўрапейскага Зьвязу з просьбаю выпрацаваць пазыцыю адносна апошніх падзеяў у Беларусі, калі сядзіба арганізацыі ў Горадні была гвалтоўна захопленая міліцыяй і спэцслужбамі, былі затрыманыя на некалькі гадзін сябры Саюзу палякаў. Гэты ліст накіраваны Джэку Стро, міністру замежных справаў Вялікабрытаніі, якая цяпер старшынюе ў Зьвязе, а таксама вярхоўнаму камісару Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Хавіеру Саляну і камісару ў пытаньнях замежных стасункаў Эўразьвязу Бэніце Фэрэра-Вальднэр.

Польскі міністар запрапанаваў падняць беларускае пытаньне на верасьнёўскай сустрэчы міністраў замежных справаў у Брусэлі. Пакуль жа адрэагавала на зварот Польшчы камісар Беніта Ферэра-Вальднер – яна рашуча асудзіла рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць Саюзу палякаў Беларусі. Фэрэра-Вальднэр заклікала Беларусь прытрымлівацца правоў чалавека адпаведна нормам АБСЭ і міжнароднага права.

Старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі зазначае, што эўрапейскія структуры ўважліва сочаць за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

(Бяляцкі: ) “Сытуацыя з Саюзам палякаў у Беларусі – тыповы выпадак парушэньняў правоў беларускіх грамадзянаў на арганізацыі. Ранейшыя рэзалюцыі, прынятыя Эўрапейскім парлямэнтам, выказваньні АБСЭ і тая рэзалюцыя, прынятая камісіяй ў правох чалавека ААН, заўсёды падкрэсьлівалі апошнім часам вось гэтыя сыстэмныя парушэньні, якія адбываюцца з правамі чалавека ў Беларусі”.

Грамадзкі лідэр Аляксандар Мілінкевіч спадзяецца на сур’ёзнае рэагаваньне Эўразьвязу ў цяперашняй сытуацыі вакол Саюзу палякаў.

(Мілінкевіч: ) “Эўропа павінна прадэманстраваць, што яна дбае аб правох чалавека на ўсім эўрапейскім кантынэнце. Усё ж такі мы памежная краіна, краіна-сусед Эўразьвязу, і калі Эўразьвяз будзе абыякавы да гэтага канфлікту і будзе называць яго польска-беларускім, я думаю, ён пакажа проста сваю слабасьць, недзеяздольнасьць. Ён павінен умяшацца ў гэты канфлікт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG