Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30-годзьдзе АБСЭ: ці трэба праводзіць рэарганізацыю?


Уладзімер Глод, Менск Сёньня АБСЭ – Арганізацыя бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе – адзначае 30-ую гадавіну з дня заснаваньня. Аднак АБСЭ далёка да спакойнага сьвяткаваньня. Апошнім часам некаторыя краіны, што ўваходзяць у арганізацыю, асабліва краіны СНД, усё часьцей уздымаюць пытаньне пра неабходнасьць рэарганізацыі АБСЭ. Ці патрэбна рэарганізацыя АБСЭ?

Вядома, што ідэальных міжнародных арганізацыяў не існуе наагул. А АБСЭ, не забываймася, аб''ядноўвае 55 вельмі розных краінаў – як прынята казаць, ад Ванкувэру да Ўладзівастоку.

Усё, як вядома, пачыналася пасьля падпісаньня знакамітага Хэльсынскага пагадненьня ў 1975 годзе. І перадусім трэба памятаць, што АБСЭ ўзьнікла ў часе халоднай вайны як кампраміс паміж буйнымі палітычнымі сыстэмамі, блёкамі дзяржаваў...

Натуральна, некаторыя мэханізмы ўжо састарэлі і не адпавядаюць сёньняшняму часу. Прыкладам, правядзеньне выбараў – адзін з асноўных кірункаў дзейнасьці АБСЭ. А агульнапрынятых крытэраў, згодна зь якімі можна было б абсалютна беспамылкова вызначыць, былі выбары дэмакратычнымі ці не, дагэтуль не існуе. І нават калі нейкая выбарчая кампанія, прыкладам у Беларусі, прызнаецца недэмакратычнай, няма мэханізму, які мог бы паўплываць на непрызнаньне вынікаў, на зьмену выбарчага заканадаўства, на практыку яго ўжываньня...

Тыдзень таму на разьвітальнай прэсавай канфэрэнцыі кіраўніка офісу АБСЭ ў Беларусі Эбэргарда Гайкена я пацікавіўся, што ён думае пра рэфармаваньне арганізацыі, дзе працаваў апошнія гады.

(Гайкен:) “Пра неабходнасьць рэфармаваньня, на якім настойваюць некаторыя краіны, асабліва шмат гаварылі летась у сьнежні на паседжаньні міністраў замежных справаў краінаў АБСЭ ў Сафіі. Тады нават стварылі так званую раду наймудрэйшых. Яны павінны распрацаваць адпаведныя рэкамэндацыі, і, праўдападобна, у верасьні пройдуць адмысловыя кансультацыі на вельмі высокім роўні. Пасьля гэтага будуць прымацца нейкія рашэньні. Рэформы будуць зробленыя. Але, на мой погляд, асноўныя прынцыпы арганізацыі будуць захаваныя”.

Рэфармаваньне АБСЭ – безумоўна, велізарная праца. Ясна, што беларусаў найбольш цікавіць дзейнасьць так званых палявых місіяў, офісаў ды іншых установаў, якія працуюць у праблемных краінах.

Што да місіяў, тут таксама няма прапісаных стандартаў. Шмат што залежыць ад канкрэтнай краіны, ад іхнага кіраўніцтва. І гэта калі-нікалі прыводзіць да дэвальвацыі прысутнасьці міжнародных дыпляматаў. Рэч у тым, што мандат місіі абавязкова ўдакладняецца з урадам той краіны, дзе яна працуе. І калі ўрад ня хоча ісьці на саступкі, дык місія фактычна ператвараецца ў структуру, якая, будучы ў краіне, ня мае мэханізму ўплыву на сытуацыю. На думку Анатоля Лябедзькі, менавіта так адбываецца ў Беларусі.

(Лябедзька:) “І мы бачым гэта на прыкладзе Беларусі. Калі першы фармат і тыя інструкцыі, якія тады дзейнічалі, давалі мажлівасьць ня толькі назіраць за сытуацыяй, але і ўплываць на яе, дык апошнім часам АБСЭ толькі абазначае сваю прысутнасьць. Вось тут патрэбны рэформы! Патрэбны адзіныя крытэры. А гэта азначае, што ня ўрад вызначае мандат місіі, а менавіта міжнародная арганізацыя і яе стандарты загадзя вызначаюць, зь якімі паўнамоцтвамі і функцыямі працуе тая ці іншая місія АБСЭ ў той ці іншай краіне”.

Анатоль Лябедзька вельмі актыўна кантактаваў з усімі прадстаўнікамі АБСЭ ў Беларусі. Таму я папрасіў яго параўнаць працу камандаў Ганса-Георга Віка і Эбэргарда Гайкена.

(Лябедзька:) Што да асобаў, і Вік, і Гайкен – дасьведчаныя дыпляматы. Але зыходзячы з тых розных паўнамоцтваў, якімі яны валодалі, натуральна, перавага ёсьць у Віка і ягоных супрацоўнікаў. Гэта ўсё ж была праца, якую бачылі і ўрад, і палітычныя апанэнты рэжыму, і нават звычайныя грамадзяне, якія ішлі у місію, як ва ўстанову, дзе можна шукаць праўды. І колькасьць такіх людзей была вялікая. Я думаю, гэта самы галоўны крытэр”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG