Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польска-беларускі канфлікт – у цэнтры ўвагі ўсёй Польшчы


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Сьпікер польскага Сэйму Уладзімеж Цімашэвіч не выключае, што амбасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка можа быць аб’яўлены пэрсонай нон грата і будзе вымушаны пакінуць Польшчу. Між тым у Польшчы працягваецца абмеркаваньне сытуацыі вакол Саюзу палякаў Беларусі – пра гэта пішуць сёньня ўсе вядучыя газэты. Шэраг арганізацыяў і палітыкаў заклікалі дапамагаць палякам, што жывуць у Беларусі ўсімі магчымымі сродкамі, а чарговы польскі горад вырашыў спыніць дачыненьні зь Беларусьсю.

Праблема польска-беларускіх дачыненьняў абмяркоўваецца ў Польшчы паўсюль – у парлямэнце, урадзе і на вуліцы.

Сэйм прыняў ухвалу у справе падзеяў вакол Саюзу палякаў, выбраўшы сярод двух праектаў больш мяккі – цяперашняя апазыцыя, якая празь некалькі месяцаў, праўдападобна, будзе кіраваць Польшчай, выказала з гэтай нагоды абурэньне, заклікаўшы да больш рашучых дзеяньняў.

МЗС Польшчы накіраваў сёньня лісты кіраўнікам Эўразьвязу з заклікам падтрымаць Польшчу ў барацьбе за правы прадстаўнікоў польскай меншасьці ў Беларусі. “Gazeta Wyborcza” падае, што польскі МЗС мае намер таксама пашырыць сьпіс асобаў з атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы.

Між тым намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Ян Трушчыньскі заявіў, што Эўразьвяз і ЗША павінны больш актыўна абмяркоўваць сытуацыю ў Беларусі з Расеяй, бо, паводле віцэ-міністра, Масква павінна быць зацікаўленая хаця б у частковай дэмакратызацыі Беларусі.

(Трушчыньскі: ) “Паміж Эўразьвязам і ЗША супрацоўніцтва ў справе Беларусі даволі шчыльнае. Адзін са шляхоў гэта больш шырокі дыялёг з Расеяй, калі, канечне, сама Масква палічыць, што ў пэрспэктыве на гэтым ёсьць яна таксама выйграе”.

Між тым лідэр адной з найбольш папулярных польскіх партыяў – цэнтрысцкай “Грамадзянскай плятформы” Доналд Туск заявіў, што ягоная партыя разам з Хэльсынскім фондам правоў чалавека ўжо адкрыла рахунак і пералічыла туды першыя грошы на юрыдычную дапамогу палякам, што жывуць у Беларусі:

(Туск: ) "Мы прапаноўваем акрамя словаў дапамагаць таксама і матэрыяльна і аказаць дапамогу ў выглядзе вольнага слова. Грошы і свабоднае радыё для Беларусі радыё – гэта практычная дапамога палякаў і Польшчы як для беларусаў, так і для палякаў, што жывуць у Беларусі".

У Варшаве і Беластоку каля беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтваў прайшлі ўчора акцыі пратэсту супраць перасьледу Саюзу паляка, плянуюцца чарговыя.

Пасьля Уроцлаву, сёньня пра спыненьне супрацоўніцтва зь Беларусьсю заявіў таксама Люблін. Улады Любліну адмянілі плянаваны раней удзел у днях Берасьця.

Між тым аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita” адзначае ў сёньняшнім нумары, што дагэтуль Польшча сыстэматычна выступала за зьмякчэньне санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, якія рыхтаваў Эўразьвяз. Газэта піша, што Варшава некалькі разоў парушала рашэньне Брусэлю не сустракацца з прадстаўнікамі беларускага ўраду.

“Цяпер Польшча радыкальна зьмяніла свой курс што да Беларусі”, – падкрэсьлівае “Rzeczpospolita”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG