Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнік Ф.Скарыну будзе ўсталяваны ля новай Нацыянальнай бібліятэкі


Галіна Абакунчык, Менск Помнік Францішку Скарыну будзе ўсталяваны каля новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі. У Міністэрстве культуры паведамляюць, што манумэнтальная скульптура першадрукара зьявіцца перад уваходам у бібліятэку сёлета, да 1 верасьня. Але многія пытаньні, зьвязаныя зь ягоным адкрыцьцём, застаюцца нявырашанымі.

На будаўніцтве новай бібліятэкі цяпер аўрал. Яшчэ не завершаны дах і няма галоўнага ўваходу, але ўжо зьявілася частка ягонага аздабленьня — каменнае пано ў выглядзе аркуша разгорнутай кнігі. На гэтай стылізаванай кніжнай старонцы — фрагмэнты старабеларускіх тэкстаў, а таксама надпісы на лаціне ды іншых мовах сьвету. На гэтым тле будзе ўсталяваны помнік Францішку Скарыну, паведаміў адмысловец у справе манумэнтаў Міністэрства культуры Вадзім Лукашык.

(Лукашык: ) “Скарына павінен стаяць каля бібліятэкі наперадзе зьлева. Помнік гатовы, і ўсе справы вырашаныя”.

Паводле спадара Лукашыка, помнік Францішку Скарыну будзе ўсталяваны да 1 верасьня. Але яшчэ і сёньня многія пытаньні ў аздабленьні манумэнту і будынку бібліятэкі нявырашаныя, паведаміў “Свабодзе” кіраўнік мастацкай рады Іван Місько.

(Місько: ) “За гэты кароткі час будзе вызначанае месца для ўстаноўкі помніка. А цяпер ідуць дэтальныя адпрацоўкі адносна назвы бібліятэкі, як падпісаць помнік Францішка Скарыны, які шрыфт павінен быць. Пра гэта яшчэ ідзе гаворка, і канчатковага рашэньня няма”.

Паводле спадара Місько, існуе некалькі варыянтаў надпісу на помніку, але якія менавіта — ён сказаць адмовіўся. Скульптура Францішка Скарыны, які трымае ў руках кнігу, разам з пастамэнтам складзе каля сямі мэтраў. Нагадаю, што помнік меліся ўсталяваць каля будынку Нацыянальнай Акадэміі навук яшчэ дзесяць гадоў таму. Але тады з пратэстам выступіла група навукоўцаў, і рэалізацыя праекту была прыпыненая. Цяперашняе зьяўленьне ў Менску помніка першадрукару кіраўнік Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў пракамэнтаваў гэтак:

(Трусаў: ) “Месца, магчыма, і ня самае ўдалае. Але лепш мець помнік, чым ня мець яго зусім. Таму ў цэлым я гэтую ідэю падтрымліваю, але вельмі шкадую, што гэта здарылася вельмі позна. І на маю думку, помнік у цэнтры Менску, каля Акадэміі навук, значна лепш, чым у тым месцы, дзе яго ставяць”.

Нагадаю, што паводле ранейшых плянаў, помнік Францішку Скарыну мусіў быць усталяваны на праспэкце, які носіць ягонае імя. Але гэты праспэкт сёлета ў траўні быў перайменаваны паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер бронзавая фігура Францішка Скарыны будзе стаяць на праспэкце Незалежнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG