Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 29 ліпеня 1078 году прыпадае першая летапісная згадка пра Лагойск


RFE/RL 29 ліпеня праваслаўныя беларусы ўшаноўваюць Афінагена. У народзе казалі, што лета ў гэты дзень пераступае сьпёку, а птушкі - задумваюцца, інакш кажучы, сьціхаюць, перастаюць сьпяваць.

На 29 ліпеня 1078 году прыпадае першая летапісная згадка пра Лагойск. Найбольшую славу гэты горад набыў як родавае гняздо сям’і Тышкевічаў, што ператварылі Лагойск у сапраўдны музэйны цэнтар, славуты далёка за межамі Беларусі. Праўда, сёньня ад той славы засталіся адно згадкі.

29 ліпеня 1908 году нарадзіўся беларускі паэт Юрка Лявонны. Родам ён быў з Чавусаў і пражыў зусім нядоўгае жыцьцё, бо на 29-м годзе быў арыштаваны НКВД і расстраляны, як і многія ягоныя раўналеткі-паэты. Можна толькі ўяўляць, якая будучыня чакала паэта, што на самым пачатку творчасьці пасьпеў напісаць і выдаць шэсьць зборнікаў вершаў. На словы Лявоннага стваралі песьні найлепшыя беларускія кампазытары Чуркін, Сакалоўскі, Любан.

29 ліпеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет расейскі мастак армянскага паходжаньня Іван Айвазоўскі, італьянскі дыктатар Бэніта Мусаліні і грэцкі кампазытар Мікіс Тэадаракіс.

Цяпер – пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

30 ліпеня ў 1812 годзе – гэта значыць у напалеонаўскую вайну – каля вёсак Клясьціцы і Якубава на Полаччыне распачалася бітва расейскага і францускага войскаў. Пра маштабы таго рысталішча сьведчаць лічбы. З абодвух бакоў удзельнічала 60 тысячаў чалавек. Асабліва спрычыніліся да перамогі гусары Гарадзенскага палка (у складзе расейскай арміі). Страты французаў -- 10 тысяч забітымі і параненымі, болей за 3 тысячы патрапілі ў расейскі палон.

30 ліпеня ў 1840 годзе расейскі цар Мікалай І выдаў указ, у якім забараніў выкарыстаньне слова «Беларусь». Цяпер нашу краіну афіцыйна трэба было называць «губэрнямі Паўночна-Заходняга краю».

А яшчэ 30 ліпеня, у самы разгар антырасейскага паўстаньня 1863 году ў Беларусі, у Амэрыцы прыйшоў на сьвет Генры Форд, той самы, які прыдумаў знакаміты аўтамабіль. Навіна вынаходніцтва была ў тым, што паўсюль на аўтамабілі тады глядзелі як на дзіва (ішоў 1908 год), а Форд зрабіў канвэер і стаў выпускаць стандартную і недарагую мадэль.

30 ліпеня 1991 году на беларуска-літоўскай мяжы каля Меднікаў былі расстраляныя шасьцёра літоўскіх мытнікаў. Адзін зь іх дзівам выжыў і распавёў, што наезд на мытны пастарунак зрабілі амонаўцы з Рыгі. Сёньня на месцы расстрэлу мытнікаў зроблены мэмарыял.
XS
SM
MD
LG