Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску высякаюць Сэндайскі (японскі ) сквэр


Вячаслаў Кулік, Менск У цэнтры Менску ля тэатру музычнай камэдыі ня стала некалькіх дзясяткаў дрэваў. На іх месцы распачата новае будаўніцтва. Паводле эколягаў, парушана цэласнасьць Сэндайскага сквэру, які так названы ў гонар японскага гораду - пабраціму Менску.

На месцы высечкі дрэў, дзе зараз будуецца новы бізнэс-цэнтар я гутарыў з жахаркай дому нумар 76 па вуліцы Мясьнікова Галінай Кунц.

(Кунц: ) “Раней гэта было нашым улюбёным месцам для адпачынку. Была вельмі прыгожая алея ліпаў і каштанаў. І мы былі ўзрушаны тым, што дрэвы зьніклі. Я пісала заяву наконт таго, хто ж гэта распарадзіўся зьнішчыць 48 дрэў? “

(Карэспандэнт: ) “Галіна Іванаўна, насупраць вашыя дамы – 140 кватэраў – і калі будзе пабудаваны гэты адміністрацыйны будынак, то жыхары стануць нібыта закладнікамі “каменнага мяху”.

(Кунц: ) “Мы, сапраўды, засталіся бяз чыстага паветру. Тым больш, што ў нашым двары яшчэ і стыхійная бясплатная аўтастаянка. Тут ставяць аўтамашыны дзяржустановы, бо ў іншых месцах дорага, а тут бясплатная стаянка. Мы задыхаемся!”

Паводле Галіны Кунц, жыхары зьвярталіся непасрэдна да мэра Менску Міхаіла Паўлава, а адказ дасланы з Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва. Як вынікае з дакумэнту, дрэвы меліся захаваць, але пры будаўніцтве ў глебе нібыта быў выяўлены могільнік зь небясьпечнымі адыходамі навукова-дасьледчага інстытуту мікрабіялёгіі, які знаходзіцца побач. Гарадзкі цэнтар гігіены й эпідэміялёгіі прапанаваў замяніць заражаны грунт. Дрэвы, вядома, не ўцалелі. Дарэчы, усяго ў 20 кроках ад іх на высокай мэталічнай апоры ўмацаваны гадзіньнік, які паказвае час у Беларусі і Японіі. На бронзавай шыльдачцы пазначана, што гэта падарунак горада Сэндай гораду-пабраціму Менску. Яшчэ адзін надпіс нагадвае, што тут тэрыторыя Сэндайскага сквэру. Вядома, што ў 2003 – 2004 гадах Сэндай і Менск абмяняліся афіцыйнымі дэлегацыямі. Гэта быў час 30-годзьдзя ўсталяваньня між гарадамі-пабрацімамі адпаведных стасункаў і, як паведамлялі сродкі масавай інфармацыі, старшыня Менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў выяжджаў з дэлегацыяй у Японію на два тыдні. Былы амбасадар Беларусі ў Японіі Пятро Краўчанка кажа, што ведае мэнталітэт насельніцтва Краіны ўзыходзячага сонца. Па яго словах, японцам цяжка патлумачыць чаму людзі нішчаць дрэвы.

(Краўчанка: ) “За мяжой дастаткова добра ведаюць пра гэты сквэр. У японцаў увогуле вельмі трапяткія адносіны да прыроды, да расьлінаў, да дрэваў. У свой час дэлегацыя Менгарвыканкаму вазіла ў горад Сэндай беларускія дрэвы, якія былі высаджаныя ля адной са школаў. Так што тое, што робіцца зараз у сквэры ў Менску, для японцаў гэта дзікунства. Я мяркую, што зь іх дастаткова глыбокім філязофскім стаўленьнем да прыроды гэта абсалютна нецывілізаваная зьява”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG