Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як бачыць Лукашэнка замежную палітыку Беларусі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 27 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік галоўнага рэдактара “Белорусской газеты” Віктар Марціновіч і кіраўнік аналітычных праграмаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “Пасьля перамоваў Лукашэнкі і Пуціна на мінулым тыдні ў СМІ зьявілася шмат вэрсіяў аб іх зьмесьце, у тым ліку і такіх, якія шкодзілі рэпутацыі беларускага кіраўніка ў вачах намэнклятуры і электарату. Гаварылі, што Масква прымусіла Лукашэнку сысьці, шукае яму замены, што Беларусь і Расея хутка аб’яднаюцца і іншае. І кіраўнік дзяржавы пасьпяшаўся абвергнуць гэтыя чуткі. Дзеля гэтага ён зладзіў адмысловую нараду, на якой расказаў пра перамовы ў Завідава, шмат разважаў пра сытуацыю вакол Беларусі, замежную палітыку краіны. Найперш, зьвернем увагу на пытаньне будаўніцтва саюзнай дзяржавы. Што вынікае з рэплікаў Лукашэнкі па гэтай праблеме?”

(Віктар Марціновіч: ) “Тое, што пасьля перамоваў у Завідаве не было выніковай прэс-канфэрэнцыі, і Лукашэнка пачаў казаць пра вынікі сустрэчы толькі празь некалькі дзён, пацьвярджае некаторыя чуткі, якія ўзьніклі пасьля таго візыту. А менавіта чуткі пра тое, што яны ні пра што не дамовіліся. Таму цяпер можна чакаць сур’ёзных зьменаў у саюзным будаўніцтве, нейкага пахаладаньня ў беларуска-расейскіх зносінах.

Мне найбольш спадабалася такая чутка, што ў красавіку гэтага году Пуцін зрабіў Лукашэнку прапанову, каб Беларусь больш актыўна інтэгравалася ў склад Расеі. Гэтая прапанова была зробленая ў зьвязку з рэвалюцыямі ва Ўкраіне і Грузіі. На думку Крамля, гэта адзіны шанец захаваць Беларусь пад уплывам Расеі. Без такой інтэграцыі, лічаць у Маскве, у Беларусі непазьбежна будзе рэвалюцыя. І, здаецца, на сустрэчы ў Завідаве Лукашэнка адмовіўся ад гэтай прапановы.

Калі б яны дамовіліся і былі задаволеныя вынікамі перамоваў, Лукашэнка не пачаў бы нейкіх разважаньняў наконт таго, што будзе, калі Расеі павялічыць цэны на газ. Таму з гэтай нарады можна зрабіць выснову, што інтэграцыі Беларусі і Расеі пагражае запавольваньне тэмпаў, па меншай меры”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Найперш, хачу падкрэсьліць, што найбольш радыкальныя вэрсіі аналітыкаў наконт зьместу перамоваў пакуль ня спраўджваюцца. Нагадаю, што з аднаго боку, выказваліся меркаваньні, нібыта Лукашэнка паехаў да Пуціна ўзгадняць пытаньне пра датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Іншыя казалі, што Лукашэнку загналі ў кут, і цяпер стаіць пытаньне, каб ён ціха сыходзіў пад гарантыі асабістай бясьпекі.

Але насамрэч сытуацыя не такая, што нехта некага загнаў у кут. Іншая рэч, не зьяўляецца навіной тое, што Крэмль марыў і працягвае марыць пра нейкі варыянт інкарпарацыі Беларусі. Але ўчорашні выступ Лукашэнкі на нарадзе меў мэту расставіць акцэнты, але, здаецца, спарадзіў у назіральнікаў яшчэ болей пытаньняў. Напрыклад, што такое намер беларускага боку будаваць саюзную дзяржаву паводле мадэлі, блізкай да СССР. Бо ў Савецкім Саюзе ў Беларусі не было ніякага сувэрэнітэту ўвогуле, хіба толькі намінальны.

Выглядае на тое, што сёньня інтэграцыя топчацца на месцы. Высьветлілася, што Пуцін мусіў нават адкласьці ў доўгую скрыню пытаньне пра адзіную валюту.

Што тычыцца Канстытуцыйнага акту, дык як вынікае з учорашняга выступу Лукашэнкі, паміж двума лідэрамі няма нават канцэптуальнага паразуменьня. І яны дамовіліся ў лістападзе ў Менску на паседжаньні найвышэйшага дзяржсавету толькі супаставіць, параўнаць канцэптуальныя падыходы. Так што гэта доўгая песьня. Што пацьвердзіў і Лукашэнка, які сказаў, што да выбараў ніякіх целарухаў у пляне будаўніцтва адзінай дзяржавы ня будзе.

Выглядае на тое, што ніводнаму з бакоў ня выгадна абвастраць стасункі. Як гэта ні парадаксальна, кожны бок лічыць, што іншы бок нікуды не падзенецца. Крэмль думае, што Лукашэнка настолькі сапсаваў стасункі з Захадам, што ўсё адно ён “наш”, так бы мовіць. Зь іншага боку, беларускі лідэр таксама думае, што Крэмль нікуды не падзенецца, пад пагрозай каляровай рэвалюцыі ён так ці іначай, незалежна ад рэальнага прасоўваньня інтэграцыйнага працэсу, усё адно будзе падтрымліваць дзейную ўладу ў Беларусі. Так што гэтая інтэграцыйная гульня будзе, відаць, працягвацца. І ў кожнага з бакоў ёсьць свае козыры”.

(Карбалевіч: ) “Галоўная выснова з вынікаў перамоваў у Завідаве палягае ў тым, што гэтая сустрэча ня стала “этапнай”, як казалі некаторыя палітыкі. Сапраўды, па вялікім рахунку, бакі чарговы раз не дамовіліся. Гледзячы па ўсім, саюзная дзяржава па-ранейшаму застанецца даўгабудам. Падаецца, квінтэсэнцыяй пазыцыі Лукашэнкі ў гэтым пытаньні можа быць ягоная фраза: “Нас задавальняе той узровень беларуска-расейскіх дачыненьняў, які сёньня існуе. Дай Бог іх захаваць такімі ж роўнымі”.

Можа, сапраўды, цяперашні ўзровень, мадэль дачыненьняў з Расеяй для Лукашэнкі зьяўляецца аптымальнай. З аднаго боку, нізкія цэны на газ, палітычная падтрымкі. А зь іншага боку, ужо Расея не настойвае на ўвядзеньні свайго рубля, ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі, Пуцін нават не зьбіраўся абмяркоўваць сытуацыю з правамі чалавека тут, як абяцаў Караганаву. Амаль ідылія. Чаго больш хацець?”

(Марціновіч: ) “Сапраўды, гэтая сытуацыя ідэальная для Лукашэнкі, але ж яна непрымальная для Пуціна. Мы маем танны газ на пэўных умовах. Часткай з гэтых умоваў зьяўляецца рух наперад у інтэграцыі. Я ўпэўнены, што тыя кошты на энэрганосьбіты, якія мы цяпер маем, гэта аванс. Яго далі, спадзеючыся на тое, што мы будзем далей інтэгравацца. Але Беларусь гэтага ня робіць. А калі Беларусь не гуляе ў гульню Пуціна, ня ўводзіць расейскі рубель, не інкарпаруецца ў склад Расеі, то ня будзе і таннага газу. Таму тое, што нас прываблівае ў інтэграцыі з Расеяй (і танны газ, і палітычнае заступніцтва на міжнароднай арэне, і іншае), хутка зьнікне. Гэтага ня будзе, калі Лукашэнка будзе намагацца захаваць статус кво. Таму што Расея мае іншае ўяўленьне пра тое, што для яе ёсьць ідэальным статус кво, якое мае сэнс захоўваць”.

(Класкоўскі: ) “Думаю, што сапраўды расейскі бок не задавальняе цяперашняя сытуацыя. Хаця ўчора беларускі лідэр выглядаў вельмі задаволеным, увесь час падкрэсьліваў, што ў шэрагу прынцыповых пытаньняў унутранай і вонкавай палітыкі погляды двух лідэраў вельмі блізкія ці нават аднолькавыя, думаю, не выпадае казаць пра нейкае ідылічнае супадзеньне інтарэсаў Масквы і Менску. Ёсьць сфэры, дзе іх інтарэсы супярэчаць. Адчуваецца, што сапраўды, празь нейкі час ад беларускага лідэра могуць запатрабаваць, каб ён, так бы мовіць, адпрацаваў усе гэтыя авансы. Гэта можа быць бліжэй да 2008 году, калі паўстане пытаньне аб тым ці іншым варыянце працягу паўнамоцтваў Пуціна.

Іншая рэч, што беларускага лідэра таксама голымі рукамі ня возьмеш. Ён ужо неаднаразова высьлізгаў з братэрскіх абдымкаў Расеі. Пакуль што Лукашэнка выдатна гуляе на вялікадзяржаўных комплексах расейскай эліты. І невыпадкова ўчора ён яшчэ раз падкрэсьліў, што рэвалюцыя ў Беларусі — гэта рэвалюцыя ня проста ў Расеі, а ў Маскве. Гэтыя страшылкі пакуль што дзейнічаюць”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, нягледзячы на патрабаваньні Расеі адпрацоўваць гэтыя авансы, Лукашэнка іх адпрацоўваць ня хоча і ўвесь час бярэ новыя авансы. Але ж Масква іх працягвае даваць, вось у чым праблема. Зьвернемся да іншай тэмы. Калі адносіны з Расеяй у Беларусі добрыя, дык дачыненьні з усімі іншымі краінамі, па выказваньнях Лукашэнкі, вельмі кепскія. Усе краіны, асабліва суседзі ў камандзе ЗША, нібыта толькі і думаюць, каб нашкодзіць Беларусі, зьдзейсьніць тут рэвалюцыю, нават рыхтуюць інтэрвэнцыю. Прычым, беларускі кіраўнік прапанаваў новыя тлумачэньні, навошта гэта робіцца. Па-першае, Беларусь апынулася ў эпіцэнтры глябальнай палітыкі ЗША. А па-другое, суседнія краіны баяцца беларускага прыкладу разьвіцьця. Як можна пракамэнтаваць гэтыя тэзы?”

(Марціновіч: ) “З выступу Лукашэнкі вынікае, што Беларусь падае прыклад, як у свой час СССР. Нібыта, цяпер усе краіны навокал усьлед Беларусі пачнуць будаваць сацыяльна арыентаваныя дзяржавы і будуць квітнеючымі. Вядома ж, гэта нейкая недарэчнасьць. Колькі я памятаю Аляксандра Рыгоравіча, ён заўсёды быў у эпіцэнтры глябальнай палітыкі ЗША і галоўным ворагам “усясьветнай закулісы”. Цяпер ён прапанаваў новае тлумачэньне таго, чаму Беларусь намагаецца яшчэ больш самаізалявацца.

У сытуацыі, калі разгортваецца нейкі зусім дзікунскі скандал вакол Польшчы, пасварыліся з Украінаю, трэба нешта казаць пра “ўсясьветную закулісу”. Зразумела, што ў фокусе замежнай палітыкі ЗША цяпер знаходзіцца зусім не Беларусь”.

(Класкоўскі: ) “Думаю, мы назіраем клясычную гіпэрбалізацыю ролі Беларусі і яе лідэра ва ўсясьветнай палітыцы. Тут матывы зразумелыя. Такім чынам дзейны прэзыдэнт уздымае сваю гістарычную ролю, надае ёй такое высакароднае адценьне. У мяне складваецца ўражаньне, што ён рэхам паўтараў тое, пра што яны з Пуціным гаварылі ў Завідаве. Што вось Захад наступае, у эпіцэнтры Беларусь, геапалітычныя амбіцыі ЗША і іншае. Зразумела, калі такою тэрміналёгіяй карыстаюцца ў Крамлі. Усё ж Масква была сталіцай імпэрыі, фактычна ёй і застаецца. Іншае пытаньне: ці трэба гэта Беларусі? Учора амаль з гонарам было сказана, што мы ўвязаліся ў сур’ёзнае супрацьстаяньне з Захадам. Узьнікае простае пытаньне: ці трэба гэта нам? Ці варта гэтым ганарыцца? Беларусь — невялікая краіна. Яна ня мае ўсясьветных амбіцыяў.

Атрымліваецца, Беларусь па-ранейшаму прывязаная да расейскай вялікадзяржаўнай калясьніцы. Нават абвастрэньне стасункаў з суседзямі, у прыватнасьці, з Польшчай (што выглядае зусім незразумела), болей выгаднае Маскве. Сапраўды, чым больш ізаляваны беларускі рэжым, тым больш ён будзе хінуцца да Масквы, хутчэй можа пайсьці на яе ўмовы. Прыкра тое, што Беларусь, так ці іначай, губляе гістарычны час. Беларускі народ колькі гадоў застаецца закладнікам няшчырых і вельмі небясьпечных інтэграцыйных гульняў”.

(Карбалевіч: ) “Так, калі Беларусь, магчыма, і ня мае глябальных амбіцыяў, то яе кіраўнік, мусіць, такія амбіцыі мае. Такім чынам, дружба з Расеяй і канфлікт з астатнім сьветам — вось формула замежнай палітыкі, зь якой Беларусь прыйдзе да прэзыдэнцкіх выбараў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG