Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны мэдычны цэнтар “Экамэдсэрвіс” спыніў працу


Галіна Абакунчык, Менск Вышэйшы гаспадарчы суд не задаволіў пазову прыватнага мэдычнага цэнтру “Экамэдсэрвіс-інвэст” да Міністэрства аховы здароўя. Кіраўніцтва кампаніі прасіла прызнаць беспадстаўным рашэньне міністэрства аб ануляваньні ліцэнзіі. Мэдычная дзейнасьць цэнтру была забароненая з прычыны парушэньня ліцэнзійных патрабаваньняў у справе пераатэстацыі спэцыялістаў-мэдыкаў. Аднак суд прызнаў дзеяньні міністэрства законнымі, і “Экамэдсэрвіс-інвэст” сёньня спыніў сваю дзейнасьць.

Рашэньне Міністэрства аховы здароўя набыло законную сілу адразу пасьля завяршэньня разгляду пазову “Экамэдсэрвісу” ў Вышэйшым гаспадарчым судзе. Такім чынам, у другой палове дня кіраўніцтва кампаніі мусіла тэрмінова спыніць працу і зачыніць будынак цэнтру, паведаміла ў інтэрвію “Свабодзе” прадстаўніца “Экамэдсэрвісу” Натальля Крамнёва.

(Крамнёва: ) “Мы вымушаныя ў той жа момант здымаць касу і цалкам зачыняць цэнтар, бо ня маем болей права аказваць мэдычныя паслугі. Лекарам тлумачылі сытуацыю і адпраўлялі дахаты. Непрыемная сытуацыя, і ад яе ня выйграў ніхто: ні дзяржава, ні людзі, ні прадпрымальнікі — ніхто”.

Паводле спадарыні Крамнёвай, цягам наступнага дня кіраўніцтва “Экамэдсэрвісу” будзе праводзіць сходы з супрацоўнікамі прадпрыемства ў справе інвэнтарызацыі абсталяваньня і звальненьня супрацоўнікаў. У цэнтры працуюць каля 200 чалавек, 140 зь іх — сярэдне-спэцыяльны і тэхнічны пэрсанал. Ад сёньня ўсе яны беспрацоўныя. Адмыслоўцы ў справе бізнэсу заяўляюць, што ануляваньне ліцэнзіяў такіх буйных мэдычных цэнтраў, як “Экамэдсэрвіс”, ёсьць сплянаванай кампаніяй уладаў супраць прыватнай мэдыцыны і прыватнага бізнэсу ўвогуле. Гаворыць лідэр грамадзкай арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка:

(Шумчанка: ) “Мы яшчэ пабачым не адно разьбіральніцтва з прыватнымі структурамі, бо нашая дзяржава пабудаваная такім чынам, што ёй заўсёды трэба паказваць сваю дзейнасьць на карысьць народу. Не дарэмна ж сёньня ядуць свой хлеб Камітэт дзяржкантролю і тысячы іншых кантрольных органаў. І мы яшчэ ня раз пераканаемся, што нашая дзяржава сёньня карная, а не дабрадзейная. Мяркую, што не адзін яшчэ будзе выпадак адкліканьня ліцэнзіяў у прыватных кампаніяў”.

Ліцэнзія “Экамэдсэрвісу” была ануляваная пасьля таго, як Камітэт дзяржкантролю правёў комплексную праверку гэтага прадпрыемства, а таксама мэдычных кампаніяў “Нардзін” і “Сучасная мікрахірургія вока”. Гэтымі днямі Дзяржкантроль выставіў усім тром прадпрыемствам штрафныя санкцыі за парушэньні ў справе коштаўтварэньня. Штраф беларуска-амэрыканскай кампаніі “Экамэдсэрвіс-інвэст” складае 1 мільярд 240 мільёнаў рублёў.

Днямі ў Вышэйшым гаспадарчым судзе завяршыўся судовы працэс паводле аналягічнага пазову. Прыватны мэдычны цэнтар “Нардзін” спрабаваў прызнаць незаконным рашэньне Міністэрства аховы здароўя пра ануляваньне ліцэнзіі сваёй кампаніі. Мэдычная дзейнасьць “Нардзіну” была забароненая з той жа прычыны, што і “Экамэдсэрвісу” — невыкананьне ліцэнзійных патрабаваньняў. Суд стаў на бок Міністэрства аховы здароўя, і “Нардзін” таксама спыніў дзейнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG