Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 20 чалавек, затрыманыя ў выніку захопу амонаўцамі будынку Саюза палякаў, адпушчаныя


Сяргей Астраўцоў, Горадня Затрыманыя ўчора ўвечары ў Саюзе палякаў у Горадні старшыня арганізацыі Анжаліка Борыс, журналісты, у тым ліку замежных мас мэдыя, а таксама іншыя асобы, былі ўначы адпушчаны.

У 00.45 усіх затрыманых выпусьцілі, так мне нядаўна заявіў дзяжурны Ленінскага райаддзелу міліцыі Ражноў. Хаця паводле іншай інфармацыі Анжаліку Борыс выпусьцілі пазьней. Як сказаў міліцыянт, “усіх апыталі паводле наяўных дакумэнтаў”, а таксама азнаёмілі з рашэньнем Мінюсту наконт нелегітымнасьці новага кіраўніцтва Саюзу палякаў. Усіх адпусьцілі, не складаючы пратаколаў, сказаў дзяжурны, але потым дадаў—“пакуль”. Карацей, нельга выключыць, што каго-небудзь з затрыманых не пакараюць.

Увечары міліцэйскія сілы ачапілі будынак Саюзу палякаў Беларусі, які знаходзіцца на скрыжаваньні вуліц Дзяржынскага і 17 верасьня. У 22 гадзіны амонаўцы выламалі дзьверы ў Саюзе і ўвайшлі ўнутр будынка. Два амонаўцы вывелі і пасадзілі ў машыну старшыню Саюзу палякаў Анжаліку Борыс. А ў будынак увайшоў былы старшыня Саюзу Тадэвуш Кручкоўскі, якога ўлады ўвесь гэты час працягвалі лічыць легітымным кіраўніком гэтай грамадзкай арганізацыі.

12 з затрыманых даставілі ў Ленінскі райаддзел міліцыі, яшчэ 6—у міліцэйскі аддзел “Дзевятоўка”. А тым часам у будынку пачаўся вопіс маёмасьці .

Усё гэта адбылося пасьля таго, як улады пачалі больш рашуча дзейнічаць супраць новага кіраўніцтва Саюзу. У Шчучыне ў другой палове дня ў сераду сябры былой Галоўнай рады СПБ паводле патрабаваньняў мінюсту прызначылі дату паўторнага правядзеньня апошняга зьедзу Саюзу палякаў, каб выбраць кіраўніцтва, якое задаволіць улады.

Такім чынам, было выканана патрабаваньне мінюсту, якое Галоўная рада павінна была ажыцьцявіць яшчэ пры канцы траўня. Гэтае рашэньне ў Шчучыне разьвязала ўладам рукі. Хаця ўчора ганаровы старшыня Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін мне гаварыў: гэтае рашэньне нельга лічыць легітымным. Паводле Статуту СПБ, у Галоўнай радзе павінна быць 35 асобаў, для кворуму—18, а было, як сьцьвярджаюць самі арганізатары шчучынскага паседжаньня, толькі 13 чалавек з той Галоўнай рады, якую прызнаюць улады. З гэтага вынікае, што ўлады, гаворачы, што на 6-м зьезьдзе былі нібыта парушаны дэмакратычныя працэдуры, самі абапіраюцца на рашэньне, прынятае ўчора ў Шчучыне, якое, паводле Статуту СПБ нельга назваць легітымным.

.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG