Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Дубавец: “У Вільні ніхто ня робіць падкопаў пад Беларусь”


Міхась Скобла, Менск (эфір 24 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

15 гадоў таму на Нацыянальнай літоўскай тэлевізіі адбылася прэм’ера беларускай перадачы “Віленскі сшытак”. З таго часу штотыдзень на літоўскім экране зьяўляецца тэлежурналістка Тацяна Дубавец і расказвае пра нашы беларускія справы ў Літве.

(Міхась Скобла: ) “Тацяна, ты нарадзілася ў вёсцы Маркава на Маладэчаншчыне — акурат на паўдарозе ад Менску да Вільні. Да абедзьвюх сталіцаў была аднолькавая адлегласьць. У цябе няма шкадаваньня, што апынулася ў сталіцы замежнай?”

(Тацяна Дубавец: ) “Няма ў мяне такога шкадаваньня. У Вільні я апынулася празь Менск. Калі прыйшоў час мне, дзіцяці вясковаму, выбірацца ў людзі, бацькі адправілі мяне ў горад, у той, да якога было дабірацца прасьцей. А да Менску хадзіла электрычка. І я з Маладэчна скіравалася ў Менск, прымярала яго на сябе, не прыжылася ў ім і падалася ў Вільню. А Вільня якраз па мне. Бо ёсьць пытаньне сумаштабнасьці, сувымернасьці чалавека і гораду. Менск для мяне завялікі, і я так яго і не зразумела. І баюся, што і я яму няблізкая, і Менск мяне ня вельмі каб прыняў. А ў Вільні я вельмі хораша пачуваюся. Беларусь, Вільня — для мяне адна прастора. І я ў Вільні з задавальненьнем пераконваюся, што я разумею ўсіх іншамоўных на гэтай прасторы, а яны разумеюць маю беларускую мову”.

(Скобла: ) “І для якіх ты ствараеш сваю тэле-Беларусь. За 15 гадоў выйшла больш за 500 выпускаў “Віленскага сшытку”. Твае гледачы — гэта толькі беларусы Віленшчыны?”

(Дубавец: ) “Можа быць, глядач майго “Віленскага сшытку” — грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага, чалавек які цікавіцца іншым і іншымі. Бо беларусы, якія жывуць у Літве, пачуваюцца літоўцамі. Ёсьць жа такі панятак: амэрыканец беларускага паходжаньня, амэрыканец зь літоўскімі каранямі. Воляй лёсу некаторыя жыхары Літвы патроху прывыкаюць, што яны літоўцы караімскага паходжаньня, жыдоўскага паходжаньня, беларускага паходжаньня. Але ёсьць і рыцары Вялікага Княства Літоўскага. То я думаю, што мая перадача акурат для іх. Для мультыкультуралістаў, для людзей, якія хочуць ведаць ня толькі сваю, але і іншыя культуры. Якіх цікавіць Беларусь не лукашэнкаўская, не чарнобыльская, а Беларусь духоўная”.

(Скобла: ) “Для рэжысэра Васіля Шукшына найлепшым апэратарам стаў беларус Анатоль Забалоцкі. А хто табе дапамагае перанесьці твае задумкі на экран?”

(Дубавец: ) “У мяне ёсьць апэратарка Наташа Калесьнік, зь якой мы разам працуем на літоўскім тэлебачаньні ўсе 15 гадоў. І за гэты час мы прызвычаіліся аднолькава дыхаць, аднолькава бачыць, аднолькава адчуваць. Мы сябруем, мы многа размаўляем. Яна ўкраінка з нацыянальнасьці, але прасякнулася беларускім жыцьцём, яна вельмі добра адчувае маіх герояў, бачыць іх быццам маімі вачыма”.

(Скобла: ) “Галоднай куме адно наўме. Скажы, толькі шчыра, як часта літоўская цэнзура ўмешваецца ў твае перадачы?”

(Дубавец: ) “Ні разу. За ўсе 15 гадоў не было ніводнага выпадку, каб хтосьці мне сказаў: гэтая тэма ня вартая тваёй увагі, а пра таго чалавека ня трэба рабіць перадачу. Альбо: у тым сюжэце ты сказала ня тое слова, у сёньняшняй палітычнай сытуацыі тую тэму трэба было падаць у гэткім ракурсе і падобнае. І гэта не таму, што літоўскія ўлады абыякавыя да маёй перадачы, сапраўды, цэнзуры на літоўскім тэлебачаньні няма. А зь іншага боку, я думаю, ува мне сядзіць някепскі рэдактар (ня цэнзар, а рэдактар). Я сама дастаткова добра разьбіраюся ў этыцы і эстэтыцы. У нас на тэлевізіі пануе сытуацыя даверу да сваіх работнікаў. Кіраўніцтва цалкам давярае майму густу, майму прафэсіяналізму, майму выбару”.

(Скобла: ) “Ці атрымліваецца ў цябе супрацоўніцтва зь беларускай амбасадай? Бо ж і чыноўніку, відаць, прыемна “засьвяціцца” ў “Віленскім сшытку”?”

(Дубавец: ) “Супрацоўніцтва, на жаль, не атрымліваецца. Хоць на нейкую нармальную супрацу я была гатовая. Я з прыемнасьцю прыгадваю блаславёныя для маёй перадачы часы, калі дарадцам па культуры пры беларускай амбасадзе працаваў Уладзімер Скараходаў. У яго не было задачы “засьвяціцца” на экране. Дарэчы, у амбасадзе яго недалюблівалі за тое, што ў яго было многа сяброў у літоўскіх культурніцкіх і інтэлектуальных колах. Я гэта ведаю дакладна. Дык Скараходаў мне заўсёды тэлефанаваў і казаў: “Таня, будзе файная выстава”. І мне было радасна разам з гэтым чалавекам прадстаўляць для тэлегледача Беларусь. Ведаеш, адна з задачаў “Віленскага сшытку” — прыносіць у хату, у кватэру разам з тэлевізійнай карцінкай прыгожы вобраз Беларусі. Дык вось, такія людзі, як Скараходаў, якраз і дбалі, каб прывозіць у Літву зь Беларусі нешта вартае.

Вось у той час у мяне атрымлівалася супрацоўніцтва з амбасадай. А цяпер я бачу, што амбасада ня хоча са мной размаўляць. Калі яны нешта ладзяць, яны зьвяртаюцца на іншыя тэлеканалы, да мяне не зьвяртаюцца. Я думаю, што гэта ад таго, што я задаю пытаньні, на якія чыноўнікам ня хочацца адказваць. Але мне крыўдна, бо тое, што прывозіцца для паказу ў Літве, яно вартае ўвагі “Віленскага сшытку”.

(Скобла: ) “Твая перадача ідзе па-беларуску. Ці разумеюць яе літоўцы? Я нядаўна са зьдзіўленьнем даведаўся, што ў нас агульная лексыка налічвае ажно 2000 адзінак. А ты літоўскую вывучыла?”

(Дубавец: ) “На побытавым узроўні я мовай валодаю. І шмат цікаўлюся агульнай моўнай спадчынай. Ёсьць, напрыклад, цэлы пласт архаічнай лексыкі, якая, можа быць, ня самая ўжывальная ў сёньняшняй літоўскай мове, але безь яе нашы продкі наўрад ці маглі паразумецца. Як было ў Вялікім Княстве Літоўскім? Не існавала ж нейкай агульнай мовы. Была агульная мова дзяржаўная, мова друку, мова афіцыйных папераў, але мовы гутарковыя былі розныя. Але ў тых гутарковых мовах аднолькава гучалі многія словы, напрыклад: скрыня, патэльня, кветка, крупнік… Паразумецца было нескладана. Асабліва гэтая сытуацыя паказальная на літоўска-беларускім памежжы, дзе-небудзь у Дзукіі, дзе беларускія моўныя ўплывы вельмі магутныя. Напрыклад, ёсьць такая гумарыстычная перадача на адным з камэрцыйных каналаў літоўскай тэлевізіі. Там у якасьці герояў выступаюць такія браткі — bratko tu mano (братка ты мой). І вось гэтыя браткі, парадзіруючы мову дзукаў, гавораць мовай, якая на адсоткаў трыццаць складаецца са звычайнай беларускай лексыкі”.

(Скобла: ) “Як нашыя Саша і Сірожа. Тацяна, бывае прыкра чытаць, напрыклад, у “Газэце выборчай”: “Беларусь — дзяржава Лукашэнкі”. А для літоўцаў Беларусь таксама асацыюецца зь яе калярытным кіраўніком?”

(Дубавец: ) “У Літве таксама ёсьць стаўленьне да Беларусі, як да краіны Лукашэнкі, як да краіны Чарнобылю, то бок да краіны, якую варта шкадаваць, на якую можна глядзець трошкі зьверху. Я думаю, што падобны імідж Беларусі літоўскімі СМІ фармуецца, магчыма, і сьвядома. Ёсьць пэўная спакуса такім чынам уяўляць Беларусь і такой падаваць яе праз СМІ. Гэта дае магчымасьць сябе падвысіць ва ўласных вачах: ах, яны там такія маленькія, загнаныя… Часам і ў мяне пытаюцца: ды што ў вас за народ такі, які адрокся ад мовы, адмовіўся ад гістарычных сымбаляў, які дазволіў… І падобнае. А я ў такіх выпадках адказваю: затое ў нас шмат чаго наперадзе, вось вы ўсё сфармавалі, у вас усё ёсьць, а ў нас наперадзе — пэрыяд творчасьці, самы цікавы час. Трэба нам зайздросьціць.

Цяпер што тычыцца стаўленьня літоўскіх уладаў да беларусаў у Літве. Ведаеш, усе ваганьні палітычнай амплітуды не зьмяняюць стаўленьня літоўцаў да беларускай меншыні ў Літве. Хоць я і не люблю гэтага слова — меншыня. У Вільні існуе беларуская школа, ёсьць беларуская катэдра ва ўнівэрсытэце, існуе ўрэшце наша беларуская перадача на тэлевізіі. Сродкі на ўсё гэта выдзяляюцца, і ніхто ня робіць падкопаў пад беларускую справу”.

(Скобла: ) “Віленскі сшытак” вядзе абаяльная, жыцьцярадасная, разумная тэлежурналістка Тацяна Дубавец. А дзе падзелася паэтка Тацяна Сапач? Гэта ж таксама ты. І тут я хацеў бы прыгадаць тваю, даўнюю ўжо, кніжку “Восень”. Бываюць кнігі зь неабавязковымі вершамі, бываюць вершы зь лішнімі радкамі, бываюць радкі зь лішнімі словамі. У тваёй “Восені” не было ніводнага лішняга гуку. Абсалютны паэтычны слых у аўтаркі. Дык куды зьнікла паэтка Сапач?”

(Дубавец: ) “Давайце разам задамося гэткім пытаньнем — дзе падзелася Тацяна Сапач? Я ня ведаю. Зьнікла, і ўсё. Не дае ёй Бог радасьці пісаць вершы. У тым, што ёсьць паэзія Сапач, няма ніякай маёй заслугі. Я паводле занятку — не літаратурны работнік, я не выбірала сабе гэткага рамяства, хоць стаўлюся да яго зь вялікай пашанай, нават піетэтам. Людзі працуюць у літаратуры, цяжка працуюць, а мне гэта было дадзена Богам, і было дадзена менавіта столькі часу. І дзякуй за гэта Богу. Ледзь ня кожнаму ў юначым узросьце даецца ўменьне пісаць вершы. Але потым гэтую здольнасьць забіраюць ад цябе. Мне гэта было дадзена ня толькі ў юнацтве. Але потым я, відаць, у нечым саграшыла, Бог ад мяне здольнасьць гэтую забраў, я цяпер ня ўмею… І цяпер часам сама дзіўлюся, што гэтыя вершы мной напісаныя. Мабыць, і ня мною ўсё-ткі. Рэдка, але і цяпер вершы здараюцца, але для гэтага ў душы павінна быць незвычайнае пачуцьцё лёгкасьці. А я стала трохі цяжэйшай, адказнай, нагрузіла сябе прагматызмам, вечнай заклапочанасьцю. А Богам абранаму творцу трэба быць вельмі лёгкім. Але калі здараецца такі стан, я крычу: “Огоў! Здароў, Таня Сапач!”

(Скобла: ) “Ты ў Вільні ўжо 15 гадоў, працуеш на літоўскай тэлевізіі. Ці няма ў цябе адчуваньня небясьпекі, што, пройдзе яшчэ колькі часу, і Вільня цябе далікатненька так выпіхне. І беларусы ў дарэшты зьлітуанізаванай Вільні стануць не патрэбныя?”

(Дубавец: ) “Ня тое што адчуваньне небясьпекі, ёсьць адчуваньне рэальнасьці: гэта іншая краіна, іншая дзяржава, у якой ёсьць свой дзяржаўны інтарэс. Зь іншага боку, калі б так здарылася, было б вельмі шкада тае ранейшае Вільні, бо яна зрабілася б аднастайнай, менш багатай. Бо Вільня спрадвеку — гэта места шматмоўнае, шматкультурнае, шматаблічнае. Але наўрад ці здарыцца тое, пра што ты пытаесься. Бо мы не прэтэндуем, каб сабою беларусізаваць Літву, мы хочам заставацца беларусамі ў Вільні. Вільня падобная да ракі, што здольная да самаачышчэньня. Колькі дзяржаўных уладаў было над Вільняй — і польская, і расейская, і беларуская савецкая… А Вільня шторазу непатрэбнае, наноснае вымывала, пакідаючы толькі тое, што яе жывіла. І яна да гэтага часу, нягледзячы на ўсе ўціскі, застаецца і шматаблічнай, і шматкультурнай”.

(Скобла: ) “Сапраўды, Вільня — горад дзівосны. Ведаеш, у старажытнасьці камплімэнты жанчынам гаварылі, параўноўваючы іх з горадам. Памятаеш, у Бібліі: “Ты прыгожая, як Фірца, харошая, як Ерусалім”. Мне здаецца, беларускія мужчыны маглі б гаварыць: “Ты прыгожая, як Вільня!” Але… Мне прызнаўся адзін зь літоўскіх паэтаў, што Вільня не натхняе іхных творцаў. Як ты лічыш — чаму?”

(Дубавец: ) “Я думаю, што яна ўсё ж такі натхняе літоўскіх паэтаў і мастакоў, проста ня ў гэткай ступені, як беларускіх. Бачыш, якая рэч: Вільня натхняе трошкі збоку, тады, калі ты пра яе марыш. Калі Вільня становіцца горадам, дзе ты жывеш, ходзіш на працу, яна перастае быць для цябе недасягальнаю мараю.

Паглядзі, хто напісаў беларускія вершы пра “Вострую Браму сьвятую”, пра касьцёл Сьвятой Ганны… Паэты-паяжджане, тыя, хто імкнуўся да Вільні, хто бачыў яе здалёку, хто яе ўяўляў, сьніў. Вільня не натхняе літоўцаў, бо яна не зьяўляецца для іх нявысьненым сном, марай, песьняй, якімі яна зьяўляецца для беларусаў. Літоўцам яна проста дасталася, і ўсё. А беларусы да гэтай пары яе сьняць. І трэба, каб беларусы ў Вільні бывалі як найчасьцей, хоць паяжджанамі. Каб беларуская мова чулася на віленскіх вуліцах, каб Вільня была таксама і беларускай. Як ёй і належыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG