Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Лёндану пагаджаюцца на відэаназіраньне


Юрась Бушлякоў, Прага Здымкі твараў тэрарыстаў, прычынных да выбухаў у лёнданскім транспарце, амаль імгненна абляцелі сьвет. Здымкі былі зробленыя камэрамі сыстэмы скрытага відэаназіраньня. Камэры аказаліся надзвычай важнай зброяй у змаганьні з тэрарызмам. У Лёндане, здаецца, яны ўстаноўленыя ўсюды. Як вынікае зь нядаўняга дасьледаваньня, камэр відэаназіраньня ў брытанскай сталіцы болей, чым у якім іншым горадзе сьвету. Некаторыя лёнданцы ў сувязі з гэтым жаляцца, што ўвесь час адчуваюць на сабе вочы камэр, як той Оруэлаў герой з раману “1984”. Але бальшыня жыхароў сталіцы Вялікабрытаніі ўсё ж прызнае, што ў цяперашніх варунках татальнае відэаназіраньне – далёка ня самая вялікая праблема.

Камэры сыстэмы відэаназіраньня далі магчымасьць ідэнтыфікаваць людзей, прычынных да лёнданскіх тэрактаў як 7-га, так і 21 ліпеня. Камэры таксама дапамаглі аварыйным службам пры ліквідацыі наступстваў выбухаў у транспарце брытанскай сталіцы.

Паводле экспэртаў у галіне бясьпекі, сыстэма скрытага відэаназіраньня адыграла пасьля тэрактаў у Лёндане нават большую ролю, чым тое дапускала паліцыя.

Пітэр Конвэй – рэдактар брытанскага часопісу “Risk UK”.

(Конвэй: ) “Я думаю, гэта абсалютна відавочна. Хіба ня так? Бо адзінае, што мы маем пра выканаўцаў тэрактаў, гэта здымкі, зафіксаваныя камэрамі. Так што, сапраўды, бяз камэр ніхто б не дазнаўся, кім былі тэрарысты”.

Конвэй перакананы, што сыстэмы відэаназіраньня могуць быць “надзвычай магутным інструмэнтам” у руках службаў бясьпекі.

Бальшыня лёнданцаў да паўсюдных камэр ставіцца спакойна, з разуменьнем, аднак нямала й тых, хто ва ўмовах татальнага відэаназіраньня адчувае сябе некамфортна. 38-гадовага паштавіка Фрэда не пакідае адчуваньне, што за ім увесь час сочаць.

(Фрэд: ) “Я думаю, гэтага ўжо празь меру. Праўда. Скрозь камэры відэаназіраньня глядзяць на людзей”.

Пітэр Конвэй адзначае, што такое ўспрыманьне камэр – часта проста зь няведаньня.

(Конвэй: ) “Праблема ў тым, што людзі, як бачаць камэру, думаюць, што яна сочыць за імі. Але ж яны не ўсьведамляюць, што камэра можа быць устаноўленая для пэўных патрэб. Напрыклад, камэра на будынку. Можа быць так, што толькі тады, як дзьверы ў будынку адчыненыя, камэра ўключаецца. Вось жа шмат якія людзі, кажучы, што камэры ўрываюцца ў іхнае жыцьцё, сочаць за імі ўвесь час, думаюць так проста зь няведаньня”.

Конвэй прыводзіць статыстыку: толькі адзін зь дзесяці лёнданцаў баіцца вока камэры відэаназіраньня. 37-гадовая сакратарка Джэйн, спытаная ў часе паездкі па крамах з сваім сынам-падлеткам, гаворыць, што не адчувае праз камэры ніякіх праблем:

(Джэйн: ) “Калі вы не вінаватая, то з чаго вам нэрвавацца? Яны маюць паставіць болей камэр – я ў гэтым зацікаўленая”.

Джэйн спадзяецца, што якраз-такі новыя, атрыманыя дзякуючы камэрам назіраньня і абнародаваныя лёнданскай паліцыяй здымкі падазраваных у дачыненьні да тэрактаў акажуцца тым ключом, які дазволіць знайсьці й арыштаваць злачынцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG