Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз палякаў усё ж правядзе паўторны 6-ы зьезд (абноўлены)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Шчучыне сабраліся ўдзельнікі Галоўнай рады Саюзу палякаў мінулага скліканьня. Яны прызначылі дату і месца паўторнага правядзеньня 6-га зьезду СПБ. Ён мае адбыцца 27 жніўня у Ваўкавыску. Гэтага патрабавала міністэрства юстыцыі, якое прызнала несапраўднымі вынікі апошняга — 6-га зьезду Саюзу (Горадня, 12-13 сакавіка 2005 г.), на якім было абрана новае кіраўніцтва на чале з Анжалікай Борыс.

Дом польскі ў Шчучыне сёньня ахоўвала міліцыя. Журналістаў і сябраў Саюзу палякаў, якія прыехалі з Горадні, унутр міліцыя не пусьціла.

Міліцыянты часова затрымалі журналістаў Польскага тэлебачаньня Агнешку Раманоўскую і Рамана Васілюка.

Пасьля заканчэньня паседжаньня на вуліцу выйшаў старшыня Галоўнай рады СПБ мінулага скліканьня Канстанцін Тарасевіч і паведаміў аб прынятым рашэньні правесьці зьезд у Ваўкавыску. Ён зазначыў, што на паўторным зьезьдзе ў парадку дня будзе толькі адное пытаньне — выбары кіраўнічых органаў. Былі прапанаваныя тры месцы правядзеньня зьезду — Ліда, Івянец і Ваўкавыск. Спыніліся на апошнім.

Напярэдадні Канстанцін Тарасевіч мне прызнаўся, што існуюць шанцы сабраць у Шчучыне максымум 16 сябраў Галоўнай рады з 35-ці, а для кворуму патрэбная была прысутнасьць 18-ці. І вось якім чынам сёньня абышлі гэтую праблему кворуму:

(Тарасевіч: ) “Па-першае, у нас адкарэктаваны сьпіс і засталося 27 сябраў Галоўнай рады. Некаторыя, якія былі абраныя ў новую раду, папрасілі іх не лічыць, бо яны застаюцца ў новай Радзе, таму мы ня мелі права іх ня выключыць”.

Спадар Тарасевіч сказаў, што ў выніку, паводле іхніх новых разьлікаў, для кворуму стала патрэбна усяго 14 чалавек, а прысутнічала толькі 13. Але некалькі адсутных, маўляў, напісалі завераныя натарыюсам паперы, што яны аддаюць свае галасы за паўторны зьезд.

Вось як пракамэнтаваў падзею Ганаровы старшыня і стваральнік Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін:

(Гавін:) “Я лічу, што тое, што адбылося ў Шчучыне, ня мае ніякай правамоцнасьці. Таму што прысутнічалі, як яны кажуць, толькі 13 асобаў, хаця мы налічылі, што іх было 11. Рада ў такім складзе ня можа прымаць рашэньні, гэта з аднаго боку. З другога боку, сёньня ў Шчучыне ўдзельнічалі ў паседжаньні тыя людзі, якія супрацоўнічаюць з рэжымам, верна яму служаць і якім за свае ўчынкі яшчэ будзе сорамна”.

Канстанцін Тарасевіч апраўдвае свае дзеяньні наступным чынам:

(Тарасевіч:) “Найлепей было б, каб мы селі разам усе і прыйшлі да нейкага паразуменьня. На жаль, так не атрымоўваецца, таму што давялі да такога стану, што ня толькі руку падаць ці размаўляць, але і глядзець адзін на аднаго ня могуць. Таму тое, што мы зрабілі сёньня, я лічу, — якраз выйсьце з гэтага крызысу, а іншага выйсьця няма”.

Канстанцін Тарасевіч патлумачыў, што прадстаўніцтва на зьезьдзе будзе наступным: па два дэлегаты ад меншых арганізацыяў Саюзу палякаў і па пяць — ад большых. Усяго будзе абрана каля 170 дэлегатаў. На апошнім — 6-м зьезьдзе было 286 дэлегатаў з 332 абраных.

Тым часам будынак Саюзу палякаў у Горадні сёньня наведалі прадстаўнікі пракуратуры, яны гутарылі з кіраўніком Саюзу Анжалікай Борыс. Пасьля гэтага зьявіліся інфармацыя, што ўлады сканфіскавалі два аўтамабілі, якія належалі Саюзу палякаў і што хочуць забраць камяніцу, у якой знаходзіцца сядзіба СПБ, яна была пабудавана на грошы польскай дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG