Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па тры мільёны штрафу – за віншаваньне з Днём незалежнасьці


Браніслава Станкевіч, Віцебск Барыс Хамайда і Сяргей Міркушоў выйшлі сёньня ў цэнтар Віцебску зь бел-чырвона-белым сьцягам і плякатам “Віншуем усіх зь Днём Незалежнасьці!” Гэткім чынам яны вырашылі нагадаць землякам пра ўгодкі Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, прынятай Вярхоўным Саветам БССР 27-га ліпеня 1990-га году.

Ужо праз 25 хвілінаў апазыцыйных актывістаў затрымалі міліцыянты і байцы АМОНу. Пасьля складаньня пратаколу абодвух затрыманых адразу з пастарунку накіравалі ў Чыгуначны раённы суд.

Паводле судовага рашэньня, спадары Хамайда і Міркушоў павінныя заплаціць грашовыя штрафы – кожны па 3 мільёны 185 тысяч беларускіх рублёў. Іх абвінавацілі ў арганізацыі грамадзкай акцыі без дазволу ўладаў.

Між тым сёньня ў Віцебску пройдзе санкцыянаванае гарвыканкамам сьвяткаваньне ўгодкаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце: сябрам партыі БНФ, якія падавалі заяўку на правядзеньне сьвяточнае акцыі, улады дазволілі праводзіць імпрэзу. Але ня ў цэнтры гораду, на Пляцы Волі, як прасілі арганізатары, а ў Парку культуры і адпачынку «Мазурына», які на ўскрайку. Арганізатары пагадзіліся і на такія ўмовы, і сёньня ў Віцебску ўпершыню за апошнія некалькі год Дзень Незалежнасьці будзе адсьвяткаваны паводле ініцыятывы прадстаўнікоў апазыцыйных сілаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG