Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску – дэфіцыт імпартных цыгарэт


Іна Студзінская, Менск У Менску – чарговы дэфіцыт папулярных марак імпартных цыгарэт. Зьніклі з вітрынаў "L&M", "Marlboro", "Winston". Затое вялікі выбар айчынных цыгарэт – Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі і менскай "Тытунь-Інвэст". Дзяржава вырашыла падтрымаць айчынных вытворцаў, рэзка скараціўшы квоту на ўвоз імпартнага тытуню. Што чакае курыльшчыкаў, высьвятляла наша карэспандэнтка.

Спачатку я вывучала асартымэнт шапікаў і крамаў. У бліжэйшым шапіку налічыла 10 гатункаў айчынных цыгарэт кшталту "Арбіты", "Гродна", "Прымы". І два віды імпартных.

(Карэспандэнтка: ) "Раней на вітрынах крамаў, шапікаў было шмат імпартных цыгарэт. Зараз толькі вельмі дарагія "Kim", "Vogue". Што здарылася?"

(Прадавачка: ) "Мне цяжка растлумачыць. У продажы толькі тое, што вы бачыце на вітрыне. Няма закупак. Нашы пакупнікі скардзяцца, што мы ня можам задаволіць іх патрабаваньні. Але ад нас мала што залежыць".

Што з нагоды зьнікненьня імпартных цыгарэт думаюць людзі, якія паляць?

(Спадар: ) "Я асабіста хачу кінуць паліць, і гэта будзе мне стымулам. Але мяне якасьць беларускіх цыгарэт не задавальняе, я не магу іх паліць. Магу паліць толькі замежныя цыгарэты, яны больш прыемныя на смак ў адрозьненьні ад беларускіх".

(Спадарыня: ) "Беларускія цыгарэты – гэта як атамная бомба, тым больш для жаночага арганізму. Калі дзяржава такім чынам абараняе вытворцаў, яна абараняе за кошт здароўя сваіх грамадзянаў. Што ўсе хуценька пяройдуць на айчынная цыгарэты – я слаба гэта ўяўляю. Будзе зноў дэфіцыт".

(Спадар: ) На жаль, розьніца ў якасьці імпартных і айчынных цыгарэт вельмі вялікая. Я палю "Winston" даўно, не магу паліць "Гродна". Зь іншага боку, я не разумею дзяржаву. Калі чалавек плаціць падаткі за гэтыя цыгарэты і хоча іх купляць за паўтары тысячы, а не за 500 рублёў, то хай ён іх паліць. Калі ў нас так званая рынкавая эканоміка, кожны чалавек павінен выбіраць, што яму купляць".

Рашэньнем ураду квота на імпарт тытуню на 2005 год была зьменшана больш чым ўдвая ў параўнаньні з мінулым годам. Першапачатковую квоту выбралі на мінулым тыдні. Цяпер курыльшчыкам прыйдзецца паліць айчынны тытунь?

Намесьнік міністра гандлю Міхаіл Сьвянціцкі сказаў, што на скарачэньне аб''ёмаў імпарту ўрад пайшоў выключна дзеля абароны айчынных вытворцаў.

Але, як паказвае практыка, калі зьявіцца дэфіцыт, зноў будзе квітнець чорны рынак. Магчыма, зьявяцца кантрабандныя цыгарэты з Украіны, Расеі. На думку кіраўніка аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леаніда Заікі, адміністрацыйнымі і сілавымі мэтадамі прымусіць спажыўца купляць "айчыннае" яшчэ нікому не ўдавалася.

(Заіка: ) "Лепш павялічыць квоты і даць магчымасьць закупіць імпартныя цыгарэты ў адпаведнасьці з попытам. На жаль (а можа, на шчасьце) прэзыдэнт сам ня паліць, урад таксама імкнецца браць зь яго прыклад. І пры рашэньні гэтай праблемы некурыльшчыкі выламваюць рукі курыльшчыкам".

Такім чынам, чакаецца альбо істотнае падвышэньне цэн на цыгарэты, альбо актыўнае разьвіцьцё кантрабанды, мяркуюць эканамісты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG