Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне на вуліцах Менску: Калі Беларусь зрабілася незалежнай?


Галіна Абакунчык, Менск 27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР ухваліў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Калі Беларусь зрабілася сапраўды незалежнай?

(Спадар: ) “Калі гэта было зроблена Вярхоўным Саветам, на дзяржаўным узроўні, то я так думаю, што тады гэта й было зроблена. Легітымным чынам, так бы мовіць”.

(Юначка: ) “Я лічу, што Беларусь, калі набыла сувэрэнітэт у 1990 годзе, насамрэч гэтай сувэрэннасьці ня мела. Таму што залежнасьць ад іншых дзяржаваў засталася й гэтая залежнасьць ёсьць і сёньня. І сапраўдны сувэрэнітэт у нашай дзяржавы, я лічу, будзе яшчэ вельмі ня хутка. Сувэрэнітэт будзе тады, калі мы здолеем быць незалежнымі ад той жа нафты, таго ж газу. А сёньня ніякага сувэрэнітэту ў Беларусі няма”.

(Спадар: ) “На сёньня Беларусь - незалежная сувэрэнная дзяржава. Усе органы ўлады ў нас ёсьць, і палітычныя пытаньні, здаецца, вырашаюцца тут, у Менску. Гэтак ёсьць апошнімі гадамі”.

(Юначка: ) “Пра Свабоду пытаньне ўвогуле вельмі складанае. Ці бывае яна абсалютная? Усё вельмі адносна”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі адбылася незалежнасьць Беларусі?”

(Юнак: ) “У 1990 годзе, так. Таму, што беларуская мова стала ўжывацца паўсюдна: у дакумэнтах, у назвах і гэтак далей. Таму я лічу, што тады й адбылася незалежнасьць. Але пасьля 1994 году ўсё пайшло на спад і зараз гэтага ня будзе”.

(Спадарыня: ) “У нейкай ступені, лічу, што Беларусь – сувэрэнная дзяржава й сёньня. І як бы я ні ставілася да Лукашэнкі, але я думаю, што ўсё ж-такі ён абараняе нашую незалежнасьць”.

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю, ці ёсьць цяпер незалежнасьць Беларусі, бо мы вельмі зьвязаныя з Расеяй. Але, напэўна, нешта ёсьць: людзі пачалі адчуваць сваю духоўную незалежнасьць, свае карані, сваю культуру, сваю мову. Але гэта яшчэ далёка ад той сапраўднай незалежнасьці, якая магла б быць”.

(Спадар: ) “Незалежнасьць Беларусі адбылася падчас Вялікага Княства Літоўскага. Усе апошнія дэманстрацыі нейкай незалежнасьці - гэта толькі пусты гук. Як зрабілася Беларусь “паўночна–заходнім краем” Расейскай імпэрыі, так і застаецца. Гэткая й цяпер незалежнасьць дзьмутая, бо Беларусь – маленькі дадатак Расеі. Сёньня Беларусь ня мае ні сваёй індывідуальнасьці, ні сваёй жыцьцёвай праграмы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG