Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт і кампутарныя гульні


Вольга Канапелька, Ягор Маёрчык, Менск (эфір 24 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

(Вольга Канапелька: ) “У праграме “Маладыя галасы” вас вітаюць Вольга Канапелька”...

(Ягор Маёрчык: ) “...і Ягор Маёрчык. Мы гаворым пра Інтэрнэт і кампутарныя гульні”.

(Канапелька: ) “Гэтымі днямі запускаецца беларуская вэрсія паштовай службы парталу “Гугл”. У нашай праграме — інтэрвію з ініцыятарам беларусізацыі знакамітага рэсурсу”.

(Маёрчык: ) “У працяг тэмы беларусізацыі ўсясьветнага сеціва ў нас будзе яшчэ адна гутарка. На пытаньні “Маладых галасоў” адказвае адзін з адміністратараў беларускай часткі “Вольнай інтэрнэт-экцыкляпэдыі”.

(Канапелька: ) “А тым часам у сеціве ўзьнікла віртуальная беларуская вёска. Там усё па-сапраўднаму: ёсьць жыхары і мясцовая ўлада”.

(Маёрчык: ) “Мы таксама пагутарым пра кампутарныя гульні. Крывавыя стралялкі, спартовыя сымулятары і інтэлектуальныя стратэгі прыцягваюць увагу падлеткаў і выклікаюць насьцярожанасьць бацькоў ды пэдагогаў. Ці ўплываюць гульні на паводзіны моладзі? Паспрабуем знайсьці адказ на гэтае пытаньне”.

Гаворкі пра беларускі “Гугл”

(Маёрчык: ) “Пераклад на беларускую мову паштовай службы парталу “Гугл” дакладна ўвойдзе ў гісторыю байнэту. Гэта будзе другі, пасьля tut.by, паштовы сэрвіс, якія пачне размаўляць з карыстальнікам на роднай мове”.

(Канапелька: ) “Шаноўныя слухачы, не зусім дасьведчаны ў сеціве Ягор Маёрчык, крыху памыляецца. Партал “Гугл” ужо два гады падтрымлівае беларускую мову”.

(Маёрчык: ) “Я табе не пра партал, а пра ягоную пошту — gmail.com. Ейная беларуская вэрсія толькі запускаецца. Ты, Канапелька, лепей адкажы на пытаньне: чаму твая прыватная паштовая скрыня месьціцца на mail.ru. Неяк непатрыятычна атрымліваецца”.

(Канапелька: ) “Калі я сабе заводзіла гэтую пошту, ні tut.by, ні “Гуглу” яшчэ і ў плянах не было. Апроч гэтага, патрапіць у лік карыстальнікаў gmail ня так ужо і проста. Зарэгістравацца там можна толькі паводле запрашэньнья. А ў мяне такога няма”.

(Маёрчык: ) “Я табе ў якасьці падарунку арганізую такое запрашэньне”.

(Канапелька: ) “Ура! Няўжо і ты карысным можаш быць?”

(Маёрчык: ) “Магу. Пасьля эфіру можаш пацалаваць мяне ў шчочку”.

(Канапелька: ) “Ну, ты загнуў! Надта шмат хочаш за такую драбязу!”

(Маёрчык: ) “Ня хочаш — як хочаш! Аддамо якой іншай дзяўчыне. Глядзіш, і ня толькі пацалуе, можа, яшчэ нешта перападзе”.

(Канапелька: ) “Ягор, ты як і ўсе хлопцы: на працы пра дзяўчат, а зь дзяўчатамі пра працу. Я вярнуся да тэмы нашае размовы. Выйсьці на аўтара беларускай вэрсіі паштовай службы аказалася ня так проста. Ён жыве ў Злучаных Штатах Амэрыкі і хаваецца пад мянушкай. Але для таго, каб слухачы атрымалі ўяўленьне, што гэта за працэс — пераклад інтэрнэт-рэсурсу — у менскую студыю Радыё Свабода мы запрасілі Ягора... Не пужайцеся — не Маёрчыка, а Ягора Шумскага. Ён распачынальнік беларусізацыі знакамітай пошукавай сыстэмы”.



(Шумскі: ) “Пачалося ўсё з таго, што я напісаў ліст у іхны амэрыканскі офіс. Мне адказалі, што калі ёсьць жаданьне, можна перакладаць. Уведаўшы пра такую магчымасьць, я паведаміў праз партал “Дзед Талаш”. Адгукнулася яшчэ некалькі перакладчыкаў. Такая праца заняла некалькі месяцаў. У “Гугле” трэба было перакласьці 700 выразаў. І хутка будзе перакладзены паштовы сэрвіс “Гуглу”. Пераклад адбываецца цяпер жа. Ім займаецца хлопец з Вашынгтону. Ён не раскрывае свайго імя і хаваецца пад мянушкай Вольны”.

(Маёрчык: ) “А хто кантралюе якасьць перакладу?”

(Шумскі: ) “Гэтак званая нябачная рука — гэта іншыя перакладчыкі. Там ёсьць такая магчымасьць рэдагаваць выразы, якія перакладзеныя іншымі людзьмі і тым самым палепшаць якасьць. Хто зьяўляецца найбольш актыўным перакладчыкам, той і вызначае дэталі перакладу”.

(Маёрчык: ) “А гэта выключна аматарская ініцыятыва, ці вы далучалі навукоўцаў, мовазнаўцаў і лінгвістаў?”

(Шумскі: ) “Гэта перакладаецца валянтэрамі, якія добра ведаюць кампутар, але не знаёмыя з усімі тонкасьцямі беларускай мовы. Мовазнаўцы далучаліся. Але ўся праблема ў тым, што беларускія мовазнаўцы адарваныя ад кампутараў. Ім дастаткова складана патлумачыць, чаго ты ад іх хочаш. А калі і патлумачыў, складана атрымаць ад іх адказ. Ня ўсе выразы маюць дакладны пераклад на беларускую. І тут трэба вынаходлівасьць, самому прыдумляць беларускія аналягі. Гэта і ёсьць вялікай цяжкасьцю беларускага байнэту”.

Гаворкі пра “Вікіпэдыю”

(Маёрчык: ) “Нашу ўвагу прыцягнуў яшчэ адзін рэсурс. Гэта “Вікіпэдыя” — “Вольная інтэрнэт-энцыкляпэдыя”. Знаходзіцца яна па лучыве be.wikipedia.org”.

(Канапелька: ) “На галоўнай старонцы напісана: “Дапамагчы праекту можа кожны! Для гэтага ня трэба ніякай рэгістрацыі. Ня трэба загружаць і ўсталёўваць ніякіх праграмаў. Кожны наведнік “Вікіпэдыі” можа выправіць памылку ў існуючым артыкуле ці дадаць новыя зьвесткі, і нават напісаць новы артыкул самастойна. Ня трэба баяцца звышнавуковага слова “энцыкляпэдыя”, удзельнічаць могуць усе, і неабавязкова для гэтага мець акадэмічныя веды”.

(Маёрчык: ) “А далей там пазначана, што “Вікіпэдыя” — ня скончаны праект, яна ўвесь час пашыраецца і паляпшаецца”. І тут Канапелька, у мяне нарадзілася ідэя...”

(Канапелька: ) “Ты вырашыў напісаць артыкул?”

(Маёрчык: ) “Менавіта так”.

(Канапелька: ) “Паўсюль улезеш!”

(Маёрчык: ) “Дый не адзін, а некалькі. Першы, натуральна, будзе называцца “Маладыя галасы” — трэба абясьсьмерціць нашу з табой працу”.

(Канапелька: ) “Згодная!”

(Маёрчык: ) “А другі я напішу пра цябе”.

(Канапелька: ) “Не пагаджаюся!”

(Маёрчык: ) “У мяне назьбіралася дастаткова інфармацыі для таго, каб стварыць твой сапраўдны партрэт”.

(Канапелька: ) “Я, Маёрчык, на тваім месцы так не рызыкавала б. Ты прымі да ўвагі, што і я магу напісаць артыкул, і не адзін, і ўсё пра цябе. І ў маім тэксьце кампрамату будзе нашмат болей”.

(Маёрчык: ) “Нічога ў цябе не атрымаецца. У мяне ёсьць свае падвязкі. Я пазнаёміўся з адміністратарам “Вікіпэдыі”. Папрашу Андрэя, і ён выдаліць усе напісаныя табой брыдкасьці”.

(Канапелька: ) “Гэтага ў цябе не атрымаецца. З інтэрвію Андрэя вынікае, што цэнзуры ў “Вікіпэдыі” няма. Там ёсьць функцыя абмеркаваньня артыкулаў. І я мяркую, што знойдуцца карыстальнікі, якія падтрымаюць мяне”.

(Андрэй: ) “Вікіпэдыя” была створаная два гады таму. Беларуская частка існуе са жніўня 2004 году. Там больш за сотню моваў, і беларуская знаходзіцца ў першых 60 мовах па колькасьці артыкулаў на абсалютна розныя тэмы: ад страваў да гішпанскіх пісьменьнікаў. Межаў ніякіх няма. Адно што артыкулы мусяць быць на беларускай мове”.



(Маёрчык: ) “Але энцыкляпэдыя ў папяровым выглядзе, як яе прывыклі ўспрымаць людзі, — гэта выданьне з дакладна праверанай інфармацыяй. Хто ў вас правярае інфармацыю? І хто нясе адказнасьць за недакладнасьці?”

(Андрэй: ) “Адказнасьці такой няма. Рэдактарам артыкулу можа выступаць любы наведнік. Калі ён пабачыў недакладнасьць, ён можа адрэдагаваць тое, што падаецца няслушным. Артыкулы трымаюцца ў актуальным стане на дадзены момант. Калі ў папяровай энцыкляпэдыі ад часу напісаньня да часу выданьня можа прайсьці пяць гадоў, то тут падзея адбылася — і ўжо нехта напісаў. Але пры гэтым ёсьць некалі адміністратараў. Яны маюць болей правоў: могуць выдаляць артыкулы альбо забараняць пэўным асобам іх рэдагаваць”.

(Маёрчык: ) “Пры такіх дзеяньнях ён кіруецца ўласнымі поглядамі і ўласнымі крытэрамі адбору і рэдагаваньня інфармацыі. Дзе гарантыя, што гэта будзе аб’ектыўна?”

(Андрэй: ) “У такой сыстэме ёсьць крышачку суб’ектыўнасьці. Але гэта выпраўляецца за кошт таго, што адміністратар не адзін, а некалькі. У кожнага свае погляды. На кожны артыкул існуе старонка абмеркаваньня. Калі аўтар ня згодны зь дзеяньнямі адміністратара, ён можа выкласьці там свае меркаваньні. Усе астатнія зойдуць, выкажуць сваю думку — і тады будзе прымацца калегіяльнае рашэньне. Але ў нас пакуль што такіх спрэчных пытаньняў не ўзьнікала”.

Гаворкі пра Мажджаліну

(Маёрчык: ) “Канапелька, даўно хацеў у цябе пацікавіцца, як там пажывае тваё любімае дзіця — сайт Менскага заапарку? Колькі я цябе ведаю, столькі ты ствараеш гэтую старонку. У пяцігодку хоць укладзесься?”

(Канапелька: ) “Урэшце ён запрацуе. Гэта я табе гарантую”.

(Маёрчык: ) “Мабыць, паляну з гэтай нагоды накрыеш? Піва, шашлычкі... Не забудзь мяне паклікаць на прэзэнтацыю”.

(Канапелька: ) “Сьлінай не захлібніся! Хопіць зьдзекавацца”.

(Маёрчык: ) “Чаго я гэтую гутарку пачаў? Калі беспасьпяхова шукаў тваю старонку, наткнуўся на неафіцыйны сайт вёскі Мажджаліна Карэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. Адрас: mazdzalina.at.tut.by. Аўтаркі дзьве маладыя настаўніцы — Галіна і Паліна”.

(Канапелька: ) “Падманулі цябе! Няма такога раёну на Гомельшчыне!”

(Маёрчык: ) “І я пра такое падумаў. Пачаў вывучаць гэты рэсурс і ўразумеў, што вёска гэтая віртуальная. Вось што пішуць аўтаркі ў вітаньні да наведнікаў: “У кожнага чалавека ёсьць свой родны куточак, куды ён напэўна хацеў бы калі-кольвек вярнуцца. У нас — аўтараў гэтага праекту — таксама ёсьцека такія куточкі. Але яны зусім не Мажджаліна. Мажджаліна — вёска нашай ганаровай высылкі. Ганаровай, бо так кажуць нам ува ўсіх уладна-афіцыёзных структурах. Высылка — бо не хацелі мы пасьля пятага курсу апынуцца менавіта тут. Знаёмцы сьмяюцца. Крэўныя плачуць. Мы ж у сытуацыі “сьмех + грэх” імкнемся заставацца самімі сабою, то бок ня здраджваць ні нацыянальным, ні агульначалавечым каштоўнасьцям і ідэалам. І хай мы будзем тутака дзесяць разоў апазыцыянэрамі і прыхільнікамі “незарегистрированной символики”, ніхто адсюль нас не пагоніць, бо патрэбна заткнуць намі лішнія дзіркі ў настаўніцкіх кадрах тутэйшае школы, якую во-во зь сярэдняй пераробяць на базавую. Дый практыка разьмеркаваньня такая, што дырэктар ня ўладны над намі ў пляне звальненьня. Іншы б ад такога шчасьця запіў-загуляў (робім гэта зрэдзьчасу, калі вырываемся ў Гомель), мы ж жывем і робім сваю справу”.

(Канапелька: ) “М-да, досыць арыгінальныя дзяўчаткі”.

(Маёрчык: ) “А як мне закарцела зь імі пазнаёміцца!”

(Канапелька: ) “А табе з усімі карціць пазнаёміцца!”

(Маёрчык: ) “Закарцела мне зь імі пазнаёміцца асабліва пасьля таго, як прачытаў іхныя біяграфіі. Пра Галіну: “Мне дастаткова гадоў, каб працаваць настаўніцай філязофіі ды весьці спэцкурс бяз выбару “Вытокі і пратокі беларускага постмадэрнізму”. Прыемна пачувацца носьбіткай цывілізацыі ў гэтым сутнасна першабытным краі... Чакаю з арміі хлопца. Слухаю Памідорава, “Нэўрадзюбэль” ды “NRM”. Чытаю Багадановіча, Муракамі, Пялевіна, Хадановіча, Фройда, Абдзіраловіча. Люблю мяса па-француску. Жыцьцёвы дэвіз: “Пастаў фартуну ракам, калі нават ты сама жанчына”.

(Канапелька: ) “А што пра сябе піша Паліна?”

(Маёрчык: ) “А яна піша такое: “Працую з Галькай у адной школе. Выкладаю беларускую інфарматыку. Зьбіраю гурток “Мажджалінцы — аматары байнэту”. Слухаю “NRM” і “J_MOPC”. Чытаю Міцкевіча, Эка, Гёйзынгу, Марыніну, Акуніна, Бахарэвіча, Басё, Глёбуса. Люблю сэкс. Ем усё, што есца. Дэвіз: “Не народ для ўрода, а ўрод для народу”.

(Канапелька: ) “Натуральна, што ты такіх дзяўчат прапусьціць ня мог і запрасіў да ўдзелу ў “Маладых галасах”.

(Маёрчык: ) “Так. Ды толькі на мой электронны ліст адгукнуліся не дзяўчаты, а хлопец”.

(Канапелька: ) “Якое расчараваньне!”

(Маёрчык: ) “Хлопец той не прадставіўся. Сказаў толькі, што адказвае за тэхнічную падтрымку сайту”.

(Маёрчык: ) “Як нарадзілася ідэя стварыць у беларускім сеціве віртуальную вёску?”

(Хлопец: ) “Гэта стала рэакцыяй на падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. Хацелася ў перакручаным выглядзе паказаць тую рэчаіснасьць. Гэта своеасаблівая праекцыя таго, што адбываецца ў Беларусі. Часам узьнікае фантазія, а бывае рэакцыя на афіцыёз. Бяз гумару нашу рэчаіснасьць успрымаць немагчыма. Вельмі добра прапускаць яе празь сябе і бачыць тое па-іншаму”.

(Маёрчык: ) “Адкуль пайшла назва вёскі?”

(Хлопец: ) “У гістарычным слоўніку беларускай мовы гэтае слова прысутнічае ў некалькі варыянтах. “Мажджаліна — балоцістае, топкае мокрае месца”.

(Маёрчык: ) “Ці ведаюць людзі пра ваш праект? Якое іх стаўленьне?”

(Хлопец: ) “Людзі заходзяць і пакідаюць водгукі ў гасьцёўні. Ёсьць вельмі прыемныя запісы. Самі наведнікі давалі зразумець, што яны павяліся. І самае папулярнае пытаньне было: удакладніце, дзе яна сапраўды месьціцца. Яны ў госьці просяцца. І ўжо ня ведаеш, хто каго сьмяшыць”.

Гаворкі пра кампутарныя гульні

(Канапелька: ) “Да традыцыйных мужчынскіх забаваў — піва і футбол — тэхнічны прагрэс дадаў яшчэ адно — кампутарныя гульні. Ягор, ты таксама гэтым захапляесься?”

(Маёрчык: ) “Абсалютна не. Не памятаю нават, калі апошні раз гуляўся. Калі так згадаць, мабыць, у далёкім 1995-м. Пасьля рэфэрэндуму пра мову і дзяржаўную сымболіку па Менску распаўсюдзілася вельмі просьценькая гульня. На бел-чырвона-белым тле лётала стварэньне, тварам падобнае на кіраўніка дзяржавы. А гулец пры дапамозе клявішаў кіраваў “Пагоняй”. Сэнс гульні быў ў тым, каб зьбіць тую істоту”.

(Канапелька: ) “Я табе, Маёрчык, прызнаюся, што пасьля некаторых тваіх жарцікаў, мне хочацца перанесьціся ў кампутарную гульню”.

(Маёрчык: ) “Гэта яшчэ навошта?”

(Канапелька: ) “Бэнзапілою цябе — д-з-і-і-іў”.

(Маёрчык: ) “Папярэджваю: я буду абараняцца. Адстрэльвацца з лазэрнага гранатамёта. Бах-бах-бах!”

(Канапелька: ) “А можна што-небудзь больш эстэтычнае?”

(Маёрчык: ) “Атруты магу падсыпаць”.

(Канапелька: ) “Які добры хлопчык! Ягор, мы тут з табой жартуем, а насамрэч жорсткасьць некаторых кампутарных гульняў непакоіць псыхолягаў. Прыкладам, летась у лякарню “Навінкі” патрапіла больш за 40 падлеткаў з прыкметамі кампутарнага псыхозу. А ў Кітаі які жах робіцца! Там адзін гулец у рэчаіснасьці забіў іншага. Прычына: у кампутарнай гульні той пазычыў чароўны меч і не вярнуў яго гаспадару”.

(Маёрчык: ) “Спадарства, я пры сьведках афіцыйна заяўляю, што я ў Вольгі Канапелькі нічога не пазычаў. Гэта на ўсялякі выпадак. Да ўдзелу ў “Маладых галасах” мы запрасілі Кірыла — адміністратара аднаго зь менскіх клюбаў. Але нават ён ня змог растлумачыць, чаму ў клюбах дазволена гуляцца ў стралялкі, але нельга запусьціць эмулятар спакушэньня дзяўчыны”.

(Канапелька: ) “О-о-о! Маёрчык, калі ты ўжо супакоісься?”

(Маёрчык: ) “Ніколі! Слухай нашага госьця”.

(Кірыл: ) “Моладзь вельмі захапляецца кампутарнымі гульнямі. Калі мы граем у якую спартовую гульню, мы можам уявіць сябе альбо футбалістам альбо гоншчыкам. Гэта вельмі цікава, і таму моладзь гэтым захапляецца. Ёсьць розныя гульні. У стратэгіі можна гуляцца доўга. Яны разьвіваюць розум. А калі хадзіць і толькі ўсіх страляць — я ў такія гульні не гуляю. Траціна моладзі гуляе ў стратэгіі, астатнія — у спартовыя сымулятары альбо стралялкі. Некаторыя ня любяць думаць, таму ім лепей пахадзіць і пастраляць. А некаторыя схільныя да таго, каб гуляць у стратэгіі. Ёсьць вельмі цікавыя гульні, пры дапамозе якіх можна вывучыць гісторыю цывілізацыі”.



(Маёрчык: ) “Давайце пагаворым пра саміх гульцоў. Ці можам намаляваць партрэт сярэднестатыстычнага гульца? Паводле вашых назіраньняў, колькі яму год, чым ён займаецца?”

(Кірыл: ) “Бальшыня тых, хто гуляе ў клюбах — падлеткі ад 10 да 16 год. Бывае, што прыходзяць людзі, якім за 30, за 40. У нас ёсьць сталы кліент, за стратэгіяй праводзіць 12 гадзінаў на дзень. Яму недзе пад 50”.

(Маёрчык: ) “Колькі часу трэба ад знаёмства з гульнёй да перамогі на апошнім роўні?”

(Кірыл: ) “Мне патрэбна два гады, каб гуляць на высокім роўні. Са стралялак я гуляюся толькі ў “КонтарСтрайк”. І я ўжо гуляю пяць гадоў”.

(Маёрчык: ) “Асобная тэма — як да такіх захапленьняў ставяцца дарослыя?”

(Кірыл: ) “Некаторыя бацькі за тое, каб дзеці больш вучыліся, а не гулялі. Яны лічаць, што гэта робіць дзяцей жорсткімі. Прыкладам, у той жа стралялцы толькі кроў і цячэ”.

(Маёрчык: ) “А гэта сапраўды робіць людзей больш жорсткімі? Вы за сабой такое заўважалі?”

(Кірыл: ) “Я не заўважаў: які быў, такі і застаўся. Людзі ёсьць розныя. У некаторых слабая псыхіка: яны пагуляюць год, а пасьля пачынаюць зьвярэць і вар’яцець. Прыкладам, пабачыць некага, не спадабаецца — возьме і паб’е”.

(Канапелька: ) “Маладыя галасы” фінішуюць”.

(Маёрчык: ) “Я нагадаю, што водгукі на праграму “Маладыя галасы” можна дасылаць на адрас moladz@tut.by Чакаем вашых лістоў”.
XS
SM
MD
LG