Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Зьміцер Сідаровіч


Зьміцер Сідаровіч, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя запісы мінулага тыдня прадстаўляе cьпявак, кампазытар, пісьменьнік, навуковец зь Менску Зьміцер Сідаровіч.

Субота 16 ліпеня

За акном — страшэнная сьпякота. Плюс 25 па Цэльсію. Уношу апошнія штрыхі ў пераклад ангельскай баляды “Лорд Рэндал”. Тэкст на ангельскай мове можна знайсьці ў хрэстаматыях, у Інтэрнэце. А вось беларускага варыянту не існуе, прынамсі, я не сустракаў. Трэба пазваніць Хадановічу, запытацца падрабязьней. Трывожнае мужчынскае апавяданьне. Баляда, музыка і тэкст якой дужа блізкія да нас. Ці я б хацеў, каб было так? Ёсьць такі грэх: калі баляды ня знойдзеныя фальклярыстамі, ужываем мэтад матэматычнай інтэрпаляцыі. Бярэм песьні суседніх краін, сумуем, прапарцыйна дзелім на адлегласьць... У выніку маем дзёрзкі творчы мэтад. Несур’ёзна? Затое цікава запусьціць песьню ў народ — ці прыжывецца? Гэта заканамернае разьвіцьцё ідэй гурта “Камэлот”, якое мы распачалі зь сябрамі ў далёкім 1991 годзе.

Нядзеля 17 ліпеня

Зьезд беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Божа, колькі знаёмых, тут сабралася ўся творчая Беларусь! Не Беларусь у яе палітычных межах, а “Беларусь-сапіенс”, разумееце? На жаль, няма часу на доўгія размовы зь сябрамі... Хутка цісну рукі, перакідваемся навінамі, і я вылятаю на двор, пад сонца, падаю за руль гарачай машыны і ўжо шыбую дадому, дзе адразу ўключаю кампутар.

Пераклад гатовы, трэба запісаць. Пішу адзін, запісваючы трэкі па чарзе. Хто сказаў, што музыкі абавязкова працуюць гуртом? Мастакі пішуць карціны кожны сам. Песьня — тая ж карціна, толькі перададзеная гукамі. Студыя — мальбэрт, інструмэнты — пэндзлі. Шыбуем наперад! Мець хатнюю студыю — суцэльнае задавальненьне!

Праз гадзіну песьня ўчарне гатовая. Пераключаю на іншую кампазыцыю, аснова якой запісаная колькі дзён таму. Адстукваю партыю сярэднявечнага барабана. Праз пару дубляў са шкадобай адкладаю барабан, вешаю на цьвікі дуду і гітару. Уключаю ўжо трэцюю праграму. Тэму цяпер рэзка мяняем, паглыбляемся ў матэматыку. Статычны і дынамічны разьлік трохмернай канструкцыі. Калі такі вэрхал у справах і думках пануе зь дня ў дзень, з году ў год, гэта цяжка. А што рабіць? Ёсьць такая гульня — назвацца чалавекам адраджэньня і рабіць розныя справы. Інакш усе твае задумкі будуць стаяць на месцы. Урэшце, творчасьць тэхнічная нічым ня горш за творчасьць гуманітарную...

А з заўтрашняга дня яшчэ трэба рэдагаваць кніжку для маскоўскага выдавецтва. Спаць давядзецца, пэўна, па гадзін пяць у суткі.

Панядзелак, 18 ліпеня

Гляджу на сайт “Свабоды”. Аляксея Марачкіна абралі старшынём МГА ЗБС “Бацькаўшчына”. Цікавы фотарэпартаж. Трэба пазваніць шаноўнаму Аляксею Антонавічу, павіншаваць. Як толькі ўдаецца Алесю Мары ў ягоныя 65 захоўваць такую безьліч энэргіі? Малюе карціны, піша вершы і, што было нечакана і дужа кранальна для мяне, вядзе грамадзкую работу. Гэта тэма для доўгай размовы зь ім.

Звычайна людзі вядуць дзёньнік словамі, я ж вяду яго — нотамі, мэлёдыямі. На працягу 20 год пішу амаль штовечар музычныя накіды, кавалкі, некаторыя потым дарабляю да “поўнамэтражных” фарматаў. За 20 гадоў такіх эскізаў назьбіралася пад тысячу. Шмат прапала, бо два разы ляцеў вінчэстэр, губляліся магнітафонныя стужкі. Калі нехта да мяне прыходзіць, я кручу гэтыя накіды адзін за адным, а нераскрытыя думкі тлумачу на пальцах. Атрымліваецца новы жанр — музычная карцінка, плюс кароткі аповед пра тое, як яна нарадзілася. Новы жанр, чэснае слова.

Творчы настрой — што гэта? Мой творчы настрой рэзка ўзрастае, калі зьбіраюцца разам старыя сябры — музыкі, якія могуць разам дурэць. У чопарным стане не прыдумаеш нічога новага. Чопарны стан — ня творчы стан. Шкада, сабраць сяброў цяжка, яны ў розных кутках Беларусі, ды нават у іншых краінах. Я ў Менску. Дудар Павал Івашкевіч — у Варшаве. Бубнач Ігар Доўгі — у Зазерцы. Гітарыст Кастусь Герашчанка — у Смалявічах. Сьпявак Андрэй Старавойтаў — у Вільні. Скрыпач Ігар Вяжэвіч — у Маладэчна. Усе беларускамоўныя, маюць свае ўласныя праекты і не сядзяць моўчкі. А значыць, маюць адпаведны ўплыў на грамадзкую сьвядомасьць.

Аўторак, 19 ліпеня

Езьдзіў пад Ракаў да тамтэйшых беларусаў. Меў размову з Фэліксам Янушкевічам, рэпэтаваў са скрыпачкай Тацянай Махнач. Набраў поўныя бутэлькі вады са сьвятой крыніцы, над якой стаіць адноўленая праваслаўная капліца XVI стагодзьдзя. Тут, у зацішшы капліцы, спыняюцца аўтамашыны, народ набірае ваду, хрысьціцца і едзе далей па сваіх справах. Бегаюць гаманкія дзеці.

Пад Ракавым цячэ малая і вельмі чыстая Яршоўка. Вада крынічная. У рацэ і цяпер водзяцца бабры і стронга. Сам бачыў бабровыя хаткі, чуў, як плюхаў бабёр. Калі бачу такую раку, вяртаецца старая мара: зьвязаць плыт і паплыць хаця б па Яршоўцы, а далей у Іслач, а далей у Нёман, каб патрапіць у Балтыцкае мора! Хоць мы, беларусы, і “лясны і азёрны народ”, як сказаў Расул Гамзатаў, але час ад часу ўзьнікае жаданьне дыхнуць морам, каб не забывацца на бязьмежныя прасторы. І вяртацца ў Беларусь. А Чорнае мора для нас — прабачце браты-ўкраінцы! — надта далёкае. Куды бліжэй — свая родная, сівая Балтыка...

Неяк гісторык Андрэй Латушкін прасьпяваў пад маю дуду сваім знакамітым басам маю ж “Баляду пра ціхага хлопца”.

Сядзеў у карчомцы за сталом Увесь час маўклівы хлопец, Душыў ён кухаль кулаком, Такі маўклівы хлопец...

Як прасьпяваў, дык я ня змог супакоіцца, пакуль ня вырваў у Андрэя абяцаньня прыйсьці да мяне дадому запісаць гэтую песьню начыста. Пад дуду. Зноў у стылі “саўнд-трэку няіснага фільму”. Нічога не магу з сабой зрабіць: калі чую выкананьне якой-небудзь песьні пэўным чалавекам, перад вачамі ўстае жывая карцінка. Пакуль яе не запішаш — не супакоісься. Талентаў побач шмат, усе беларускамоўныя, і ўсе, нібы пэрлінкі, толькі зьбяры, складзі — будуць прыгожыя каралі, а твор прагучыць на ўвесь сьвет!

Заводзіў я сына Тамаша ў беларускамоўны дзіцячы садок, разгаварыўся з мамамі. Адна мама, Хрысьціна Пучынская, аказалася, грае на арфе, яна ж — перакладчыца “Ўладара пярсьцёнкаў” Толкіена на беларускую мову. Другая мама, Тацяна Матафонава, — уладальніца цудоўнага лірычнага сапрана. Працуе ў філярмоніі. Калі на маю просьбу ўзяла пару высокіх нот, аж затрэслася жырандоля ў калідоры. А калі вы знаёмыя ды яшчэ беларускамоўныя выхадцы з “Талакі”, узьнікае рэальная магчымасьць для стварэньня нечага новага. Ардынарна проста не атрымаецца. Для такіх знаёмых абавязкова трэба нешта прыдумваць, зваць у студыю, запісваць...

Выклаў у Інтэрнэце на сакрэтнай старонцы пару новых песень, каб іх запампавалі сябры з розных кропак зямнога шару. Цяпер сьмяюся і зьбіраю водгукі і ўсялякія “фэ” з Лос-Анджэлесу, Сыднэю і Тбілісі... Клясная штука — Інтэрнэт, адмяняе любыя геаграфічныя абмежаваньні.

Серада, 20 ліпеня

На інтэрнэт-старонцы парталу “TUT.BY” апублікаванае злавеснае штармавое папярэджаньне. На тле загалоўку дзіўна выглядаюць зьвесткі пра спакойны бягучы стан надвор’я: вецер 5—10 м/с, тэмпэратура 18—23 градусы, воблачнасьць пераменная... Усё, як звычайна, але — чакайце шторму! Тут жа на сайце “Свабоды” — выказваньне прэзыдэнта Грузіі, што ў Беларусі магчымая “аранжавая” рэвалюцыя, але могуць быць ахвяры. Жудасна. Няўжо нельга інакш? Паэт Ніл Гілевіч назваў украінскую “аранжавую” рэвалюцыю “нацыянальна-дэмакратычнай”. Такая ацэнка больш падобная да праўды, чым гістэрычны лямант беларускага тэлебачаньня.

Некалькі званкоў ад знаёмых — адусюль пэсымістычныя зьвесткі. Не працягнулі кантракту зь беларускамоўным рабочым-будаўніком. Сям’ю прымушаюць штогод набываць школьную форму. Усіх супакойваю. Пры гэтым разумею, што, напрыклад, кампанія ўвядзеньня школьнай формы выгадная хутчэй пашывачным фабрыкам для збыту неліквіду. Такая палітыка ўсёй дзяржавы — цягнуць грошы з насельніцтва. Каб здабыць малако, бясконца ўдасканальваюць даільны апарат замест таго, каб вырошчваць сакавітую траўку.

Чацьвер, 21 ліпеня

Надвор’е: учарашняе штармавое папярэджаньне не пацьвердзілася. Вось каб не пацьвердзіўся прагноз прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі аб ахвярах!

Званіў Алесь Пушкін з Бабра, хваліўся візытам у мястэчка вядомага польскага рэжысэра-кінадакумэнталіста Анджэя Фідыка. Пан Анджэй праславіўся фільмамі пра індыйскую і бразыльскую этнаграфію, цяпер здымае пра беларускую. У партрэце рэжысэра цікавыя рысы — ветлівасьць і крайняя сьціпласьць. Калі прымае рашэньне, дык спакойна ўзважвае ўсе варыянты і робіць крок да шэдэўру. Успамінаецца Хуліо Іглесіяс, які пры адсутнасьці скандальнай рэпутацыі мае аж 80 залатых дыскаў. Удумайцеся, 80 дыскаў! Куды там да яго скандальным рок-зоркам, якія здабываюць адну-дзьве залатыя кружэлкі і носяцца зь імі, як са сьцягам! Ці ня чыста беларуская рыса — цяга да працавітасьці?

Вечарам напаў такі шал, аж трэсьліся рукі. Зноў праявілася даўняя мая звычка — весьці дзёньнік ня словамі, а музыкай. На гэты раз — гітара. Пакуль запісаў 16 тактаў, перад вачамі ўставалі сцэны адпаведнага спэктаклю альбо мастацкага фільму. Засталося прыдумаць сцэнар.

Пятніца, 22 ліпеня

Іншым разам нападае такая дэпрэсія... Праўда, пару гадоў таму на гэты конт супакоіў гарадзенскі сябра каваль і мастак Юрась Мацко: “Думаеш, у цябе аднаго такое? У мяне самога бывае — па тры разы на дзень!” Сказана было сур’ёзна, і прыйшла выснова: дэпрэсія — гэта ўласьцівы чалавеку стан, як і ўзьлёт душы. Узьлёт душы — плюс, дэпрэсія — мінус. Баяцца хандры ня трэба, проста памаліся, адпачні і працуй далей. У каго няма дэпрэсіі, той не выкладаецца дашчэнту. Працуй — і ўсё пройдзе.

А ўвогуле, складаецца ўражаньне, што ўсё ў Беларусі нармалёва. Максіму Багдановічу і тусоўцы “Нашай Нівы” напачатку ХХ стагодзьдзя было куды цяжэй — маленькая жменька. Нас болей. І нас ужо не спыніць. Трывае трэцяя хваля беларусізацыі. Першую фізычна зьнішчылі пры Сталіну. Другая, на жаль, пачала ўздымацца “пад гітляроўцамі” — і зьнікла з выцясьненьнем “гітляроўцаў” саветамі ў 1944 годзе. Трэцяя трывае сёньня. Для яе характэрная адсутнасьць фізычнага вынішчэньня носьбітаў беларускасьці. А гэта значыць, будзе для нашай Радзімы плён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG