Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць былога мастацкага кіраўніка фэстывалю “Залаты шлягер”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёве пачаўся суд над Уладзімерам Браілоўскім – кампазытарам, былым дырэктарам Магілёўскай абласной філярмоніі і мастацкім кіраўніком фэстывалю “Залаты шлягер”.

Уладзімер Браілоўскі абвінавачваецца ў падробцы дакумэнтаў, крадзяжы грашовых сродкаў у асабліва буйных памерах шляхам злоўжываньня службовым становішчам.

Справу Ўладзіміра Браілоўскага разбірае суд Ленінскага раёну абласнога цэнтру. Як раз сёньня былы кіраўнік Магілёўскай філярмоніі пачынае даваць паказаньні.

Паводле інфармацыі “Беларускай газэты” агульныя страты філярмоніі і дырэкцыі фэстываля “Залаты шлягер” за час працы Ўладзімера Браілоўскага перавышаюць 900 мільёнаў рублёў.

Былы кіраўнік філярмоніі быў затрыманы больш як год таму, і з таго часу ўтрымліваецца ў сьледчым ізалятары. Калі яго прызнаюць вінаватым, то Ўладзімеру Браілоўскаму пагражае больш за 10 гадоў зьняволеньня і канфіскацыя маёмасьці. Аднак яго абаронцы гавораць, што спадзяюцца на лепшы вынік для падабароннага.

Поўнасьцю сваю віну Уладзімер Барілоўскі не прызнае: на судзе сказаў, што нічога ня краў, а ягоныя дзеньні былі скіраваныя на падтрыманьне прэстыжу філярмоніі і развіцьцё культуры і шоў-бізнесу ў Беларусі.

Як распавёў ягоны адвакат Анатоль Гоманаў, Уладзімер Браілоўскі пачаў пісаць у турме кнігу пра сваё жыцьцё і музыку, і адну зь яе частак адвакат хоча далучыць да матэрыялаў справы. Называецца гэтага глава “Фінансы сьпяваюць рамансы”, і яна прысьвечаная фінансаваньню і разьлікам у шоў-бізнесе. А вінаваты ці не Ўладзімер Браілоўскі – гэта будзе вырашаць суд.

Цяпер у Віцебску праходзіць “Славянскі базар”. Ён супернічаў з магілёўскім фэстывалем “Залаты шлягер”, мастацкім кіраўніком якога быў Уладзімр Браілоўскі. Што цяпер з гэтым фэстывалем?

“Залаты шлягер” – гэта быў праект Браілоўскага і, відаць, безь яго фэстывалю ня будзе. Улады, праўда, спрабавалі аб''явіць, што цяпер у межах брэнду “Залатога шлягера” канцэрты будуць праводзіцца круглы год.

У Магілёве могуць спрачацца, вінаваты ў злоўжываньнях Уладзімір Браілоўскі альбо не, аднак усе згодныя з тым, што безь яго музычнае, культурнае жыцьцё ў Магілёве змарнела. Гаворыць магілёўская журналістка Алена Барысава.

(Барысава: ) “Безумоўна, можна па-рознаму ставіцца да ролі асобы, але Браілоўскі быў аўтарытэтам у сьвеце музыкі: у яго, добрага кампазытара, былі добрыя музычныя сувязі. Таму да нас проста прыяжджалі добрыя выканаўцы ў розных жанрах. Магілёў гучаў, яго тады лічылі музычнай сталіцай Беларусі. Да Браілоўскага не было нічога, і апасьля Браілоўскага пакуль нічога мы не бачым”.

З гэтым меркаваньнем згодныя і шарагоўцы. Вось некалькі рэплікаў магілёўцаў.

(Спадар: ) “Я сам Браілоўскага асабіста ня ведаў, але чуў, канечне, пра гэтага чалавека, калі ў свой час філярмонія ў нас гучала на ўсю рэспубліку. І ў нас пастаянна былі добрыя артысты, канцэрты, можна было схадзіць. Цяпер – глухмень і цішыня”.

(Спадарыня: ) “Цяпер заглохла гэтае ўсё канцэртнае жыцьцё, нічога цікавага няма. Калі б нешта было і калі б недарагія квіткі, я б з задавальненьнем схадзілі, пазабаўляліся, паслухалі. А так пакуль ціха”.

(Спадар: ) “Мне вельмі цяжка казаць пра тое, вінаваты Браілоўскі ці не. Але я ўпэўнены ў тым, што знайсьці другога такога чалавека, як Браілоўскі, які б здолеў падняць музычнае жыцьцё ў Магілёве, стварыць нешта цікавае, будзе практычна немагчыма”.

Варта дадаць, што цяпер Магілёўская абласная філярмонія больш не існуе, на яе месцы створаны абласны цэнтар культуры і мастацтва, якія, аднак, пакуль не выявіў сябе ў арганізацыі канцэртаў для магілёўцаў. Такое ўражаньне, што нават тыя “зоркі”, якія езьдзяць па ўсёй Беларусі, Магілёў абмінаюць. Магілёўцам застаецца толькі спадзявацца, што сытуацыя зьменіцца да лепшага, калі-небудзь у будучыні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG