Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць кіроўцы Гомелю пра ДАІ?


Казімер Яноўскі, Гомель Ці лічыце вы, што Беларусі трэба пераняць досьвед Украіны і зьліквідаваць дзяржаўтаінспэкцыю? Гэтае пытаньне кіроўцам Гомелю задаваў наш карэспандэнт.

(Першы кіроўца: ) “Я часта ежджу ва Ўкраіну. Калі тысячу расейскіх рублёў дам у рукі, дык іхныя супрацоўнікі ДАІ кідаюць дакумэнты — едзь, куды хочаш, усё добра. Калі не дасі, дык вымагаюць”.

(Другі: ) “Шмат п’яных езьдзіць кіроўцаў. Ліквідаваць службу ДАІ будзе вельмі няправільна. Я езьдзіў на поўдзень, у Ялту, адпачываць. Калі ўкраінскі супрацоўнік ДАІ спыняе аўтамашыну, яму трэба штосьці даць. У нас таксама такое ёсьць”.

(Кіроўца: ) “ДАІ павінна быць. У нас не настолькі яны нахабныя, як ва Ўкраіне”.

(Карэспандэнт: ) “Ці лічыце вы, што Беларусі трэба пераняць досьвед Украіны і ліквідаваць дзяржаўтаінспэкцыю?”

(Кіроўца: ) “Украінская аўтаінспэкцыя адрозьніваецца, канечне, ад нашай. Яны ня надта ветлівыя. У нас пра дробязь могуць проста сказаць, вусна папярэдзіць, а ў іх усё — яны адразу штрафуюць”.

(Кіроўца: ) “Ва Ўкраіне супрацоўнікі ДАІ бяруць хабар бязбожна. Едзеш, глядзяць — чый нумар. Калі беларускі ці іншы замежны, адразу спыняюць. Чапляюцца да ўсяго. Нашы ахоўнікі дарог больш памяркоўныя”.

(Кіроўца: ) “На Чарнігаўшчыне бяруць хабар беларускімі рублямі за перавышэньне хуткасьці”.

(Кіроўца: ) “Дарожная служба павінна заставацца незалежнай. Яна павінна кантраляваць усе дарогі. Іначай на дарогах пачнуцца беспарадкі”.

(Кіроўца: ) “Нам трэба таксама колькасьць супрацоўнікаў ДАІ зьменшыць. Людзі пачынаюць самі разумець, што на дарогах трэба паводзіць сябе лепей. Навошта столькі супрацоўнікаў ДАІ?”

(Кіроўца: ) “Ня ведаю, трэба ці ня трэба ліквідоўваць ДАІ. Але што яна кепска працуе, гэта дакладна. Ахоўнікаў мала на дарогах. Яны толькі выяжджаюць з радарам, каб злавіць кіроўцу за перавышэньне хуткасьці. А што іншыя павароты не ўключаюць, што няма парковак, што абстаўлена ўсё знакамі “Для службовага карыстаньня”, гэта мала іх турбуе. Да пастарунку міліцыі не пад’едзеш: няма дзе прыпыніцца. Аўтааматар — як ізгой у грамадзтве. У горадзе няма нідзе выезду да ракі. Для сябе яны зрабілі шлях у 17-м мікрараёне — паставілі “цагліну” і шлягбаўм. Самі праяжджаюць, а народу нельга. На цэнтральных трасах багата пешаходных пераходаў без рэгуляваньня. Трэба альбо сьвятлафоры ставіць, альбо падземныя пераходы рабіць. Езьдзіць немажліва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG