Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля выбухаў у Лёндане ўлады Нью-Ёрку ўзмацнілі меры бясьпекі


Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк Адразу пасьля апошняй хвалі выбухаў у Лёндане ўлады Нью-Ёрку ўзмацнілі меры бясьпекі. На станцыях мэтро паліцыя пачалі выбарачную праверку пасажыраў.

У Нью-Ёрку цяпер градусаў 28, абяцаюць 33, вільготнасьць больш чым 90%. Пры такой тэмпэратуры ня вельмі цягне на падарожжы па горадзе, але цяпер – пік турыстычнага сэзону, кошты ў самых сьціплых гатэлях сягаюць да 300 даляраў за ноч, у музэях, на уваход на Empire State Building – чэргі. Зрэшты, горад у любы час лічыцца аб’ектам падвышанай увагі тэрарыстаў. І, адпаведна, узмоцненых мераў бясьпекі з боку спэцслужбаў.

Адразу пасьля таго, як стала вядома пра новыя выбухі ў Лёндане – на шчасьце, гэтым разам без чалавечых ахвяраў – мэр Нью-Ёрку Майкл Блюмбэрг заявіў, што на станцыях мэтро ўводзіцца праверка рэчаў пасажыраў.

Нью-ёрскім мэтро ў дзень карыстаецца некалькі мільёнаў чалавек, яно налічвае 734 станцыі, і зразумела, што пра нейкі татальны кантроль немагчымы, бо папросту ня хопіць сродкаў – хаця гадавы бюджэт нью-ёрскай падземкі – 8 мільярдаў у год, як у невялікай краіны.

Праверка, сказаў мэр Блюмбэрг, будзе выбарачнай. Як гэта ўжо сёньня выглядае на практыцы?

Я праехаў практычна праз увесь вялікі Нью-Ёрк – ад Джамайкі па лініі F, дзе месьціцца Фонд Крэчэўскага, зь перасадкай ў Мангэтане на лінію Q да Кінгс-Хайвэй. Прычым, зачытаўся і прапусьціў сваю станцыю перасадкі, 34-ую, давялося выходзіць на 14-й, перасесьці на Юніён-Сквэр, словам, прайшоў праз шматлікія пераходы. Таму можна было паназіраць за дзеяньнямі паліцыі. Мяне ніхто не праверыў, выглядае, што не выклікаю падозраньняў, але праўда і вялікай валізкі пры мне не было. Але паліцыянты стаяць на ўсіх станцыях, і на ўсіх пераходах, іх звычайна двое – мужчына і жанчына. Хаця паліцыя на станцыях была і раней.

Дзеяньні амэрыканскіх спэцслужбаў што да мераў бясьпекі– і ў Нью-Ёрку таксама – маюць дзьве характэрныя асаблівасьці. Першая – яны не кідаюцца ў вочы. Гэта адразу пасьля 11-ага верасьня неба прасякалі пражэктары, горад ахоўвалі самалёты-зьнішчальнікі, у аэрапортах, на аўтадарогах былі салдаты са зброяй. Цяпер нічога гэтага няма, але рэальна сытуацыя, як кажуць, пад кантролем. Другая асаблівасьць – гэта прафіляктычна-прэвэнтыўны характар дзеяньняў. Днямі па тэлебачаньні нью-ёркцам распавядалі, як у натоўпе заўважыць патэнцыйнага тэрарыста. Адна з прыкметаў – каб пранесьці пад вопраткай бомбу, ён можа быць не па сэзону апрануты. Скажам, у ліпеньскі дзень на ім можа быць зімовая куртка. Хаця мне здаецца, што ў час сёньняшняй 33-й градуснай нью-ёрскай сьпёкі чалавек ў зімовай вопратцы найперш выклікаў бы падозраньне псыхіятраў.
XS
SM
MD
LG