Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настойлівасьць – перадумова посьпеху


Натальля Судлянкова, Прага Настойлівасьць у жыцьці чалавека йдзе побач з посьпехам. Яна настолькі ж патрэбная для кожнага, як вуглярод – для сталі. Псыхолягі раяць выхоўваць настойлівасьць, загадзя рыхтавацца да магчымых крызысаў і казаць самому сабе: “Я не адступлю”. Людзі, якія трапляюць у новае асяродзьдзе ў іншых краінах, перакананыя, што менавіта настойлівасьць дапамагла ім дасягнуць сваіх мэтаў.

Удзельнікі: акторка Любоў Цімохава зь Літвы, мастак і прадпрымальнік Павал Сарапеня зь Ізраілю, прадстаўніца недзяржаўных беларускіх арганізацыяў Вольга Стужынская з Бэльгіі й студэнтка Юлія Чуйко з Даніі.

“Усё жыцьцё чалавека – гэта своеасаблівы тэст на настойлівасьць” – адзначае ў сваёй кнізе “21 сакрэт посьпеху міліянэраў” амэрыканскі пісьменьнік Браян Трэйсі і дадае, што вельмі важным актывам кожнага чалавека зьяўляецца яго здольнасьць праяўляць упартасьць і рабіць намаганьні ў нейкай справе даўжэй, чым астатнія. Быць настойлівым – гэта, апрача іншага, азначае і быць верным самому сабе, свайму выбару, што набывае асаблівае значэньне, калі сьцьвярджаеш сябе у чужой краіне.

Пераезд за мяжу, нават калі да таго вымушаюць абставіны, заўсёды пакідае месца для ўласнага выбару – і тут настойлівасьць і вернасьць сабе дапамагаюць захаваць сваю годнасьць і дамагчыся найбольшага. Далей – Тацяна Поклад зь Вільні.

(Поклад: ) "Мая суразмоўца – чалавек вядомы, асабліва сярод тэатралаў і асабліва – пасьля апошняй прэм''еры у адным з найстарэйшых тэатраў Вільні - Рускім драматычным. Гэта - актрыса Любоў Цімохова".

(Цімохава: ) "Скончыла я Беларускі тэатральны інстытут, тады ён так называўся. Потым я працавала 20 гадоў у Віцебскім тэатры імя Якуба Коласа. А потым я прыехала сюды (у Вільню) - каханьне было вялікае. Прывёз мяне сюды мой муж, літовец. Я пачала тут працаваць. Спачатку працавала у школе – у тэатрах ня было месцаў. Гэта былі вельмі цяжкія гады – ад 1991-га да 1994-га. Ну, вось у “Сябрыне” я тады была, гэта мяне вельмі тады падтрымлівала ў тыя часы, добрыя успаміны засталіся аб “Сябрыне” у той час. 3 А потым у 1995 годзе я пачала працаваць у Рускім драмтэатры у Літве. Стварыла сваю студыю дзіцячую пры тэатры. Яна працуе і зараз, ужо сем гадоў. Зараз я працую і актрысай, і асыстэнтам рэжысэра. Было усялякае... а вось зараз такая прыемная рэч – сёлета, напрыканцы гэтага сэзону, я сыграла тое, што хацела многа-многа гадоў. Мне прыемна, што я адчула сябе ізноў так, як у тыя гады ў Віцебску, у Беларусі, на сваім месцы. А гэта, па-мойму, самае галоўнае, калі чалавек адчувае, што ён вяртаецца да сябе, да свайго прызваньня.”

У Любові Цімохавай ёсьць і іншыя цікавыя ролі, вельмі розныя – з апошніх віленчукі прыгадаюць, пэўна, такую нечаканую рэч, як “Трынаццаты пакой” (п''еса Рэя Коньні). А тая роля, пра якую кажа мая суразмоўца цяпер -- гэта роля Магдалены Спрынгс у спэктаклі “Бывай, Лір!” (“Каласьнікі”) па п''есе Андрэя Шчуцкага, пасьпяховая прэм''ера якога была у чэрвені сёлета. Стваральнікі гэтага спэктаклю добра вядомыя ў Беларусі, у Літве іх творчасьць таксама ужо прадстаўлялася і была ацэненая знаўцамі насамрэч высока. Аўтар п''есы Андрэй Шчуцкі, сам зь Вільні, цяпер жыве ў Беларусі. Зь Менску і рэжысэр Вітаўтас Грыгалюнас, і сцэнораф Дзьмітрый Мохаў. А Любоў Цімохава грае галоўную жаночую ролю ў пары з вядучым акторам.

(Цімохава: ) “Было цяжка вяртацца да сябе, цяжка ва ўсіх сэнсах. Мы сыгралі толькі два спэктаклі, і спачатку новага сэзону будзем граць яго. Вось гэта было самай вялікай падзеяй у маім жыцьці. Я ў свой час ня вельмі добра выехала зь Віцебску – было адчуваньне, што я ў чымсьці вінаватая. Я там мела усё, што мне хацелася, і ... ня вельмі добра адтуль пайшла. І усе гэтыя гады я адчувала, што мне трэба было праз усе гэтыя цяжкасьці прайсьці, каб ізноў зрабіць тое, што я хацела.”

Шмат сілаў, часу, энэргіі і – гэта, бадай, найперш, - любові – было аддадзена для дзіцячай студыі у тэатры, якая дапамагала перажываць з годнасьцю гэтыя цяжкія часы. І цяпер, кажа Любоў Цімохова, яна, адна са стваральніцаў гэтай студыі, не пакіне гэтую працу. Яна кажа, што настойлівасьць патрэбная і ў часы выпрабаваньняў, і ў часы посьпеху.

(Цімохава: ) “Сёньня, у наш час, толькі так. Трэба быць настойлівым, упартым, трэба ведаць, чаго ты хочаш. І ісьці туды. Калі ня будзеш ведаць і ня будзеш настойлівым, - нічога ня будзе, асабліва зараз.” Любоў Цімохава кажа, што галоўнае для яе ў жыцьці – любіць. Любіць сваіх блізкіх, любіць сваю працу – любіць жыцьцё. Гэта і дапамагае быць верным сабе, быць па-добраму настойлівым і упартым.

(Цімохава: ) “Канечне, абавязкова трэба трымацца гэтага. І абавязкова бачыць, што там наперадзе. Інакш жыцьцё ня мае сэнсу, калі ты ня бачыш, што там, наперадзе. І заўсёды трэба ведаць, што там нешта будзе наперадзе. Хай гэта будзе нешта зусім маленькае, - але наперадзе. Вось гэты сьветлячок, ён павінен сьвяціць наперадзе. І у якім ты б ня быў узросьце, дзе б ты ня быў, у хоць якой краіне, абавязкова трэба мець гэты маячок наперадзе. Бяз гэтага немагчыма.”

Людзі, якія могуць быць узорам настойлівасьці, гавораць, што менавіта вера ў лепшае ўмацоўвае іх упартасьць. Калі на іх шляху ўзьнікае нейкая перашкода, яны шукаюць шляхі абыйсьці яе або папросту пераадолець. Павал Сарапеня жыве ў Ізраілі. Пераехаўшы 7 гадоў таму, ён здолеў прайсьці праз розныя перашкоды, але цяпер займаецца сваім прыватным бізнэсам.

“Я раблю інтэр’еры, распісваем сьцены”

Павал вучыўся на мастацка-графічным факультэце Віцебскага пэдагагічнага інстытуту, які цяпер стаў унівэрсытэтам.

(Сарапеня: ) “Я лічу, што я атрымаў папросту цудоўную адукацыю для цяперашняга капіталістычнага ладу жыцьця, калі трэба ў розных умовах знаходзіць выкарыстаньне сваім здольнасьцям”

Павал адчувае падзяку да сваіх былых настаўнікаў і калі ў мінулым годзе наведаў Віцебск.

(Сарапеня: ) “Я прыйшоў на свой факультэт і сказаў шчыры дзякуй настаўнікам за тое, што далі мне такія веды”. Пасьля пераезду ў Ізраіль Паўлу давялося працаваць на самых розных месцах, у першую чаргу займацца некваліфікаванай працай. Але ён настойліва шукаў магчымасьць заняцца справай паводле сваёй спэцыяльнасьці. І аднойчы...

(Сарапеня: ) “Я пачуў нейкую рэкляму, што патрэбныя спэцыялісты, каб рабіць нейкія макеты, мадэлі... Я пазваніў і атрымаў запрашэньне. З гэтага часу я пачаў працаваць у гэтым накірунку”.

Павал лічыць, што яму вельмі пашанцавала, і на шостым годзе жыцьця ў Ізраілі ён нарэшце знайшоў працу па сваёй спэцыяльнасьці.

Цяжкасьці, якія Паўлу давялося перажыць на шляху да зьдзяйсьненьня сваёй мэты пераканалі яго ў тым, што немагчыма запабегчы крызысам, якія ўзьнікаюць у жыцьці, але можна навучыцца пераадольваць іх. І таму на пытаньне, як ён ставіцца да крызысаў, Павал адказвае:

(Сарапеня: ) “Нармальна стаўлюся. Я ведаю, што гэта – як хвалі. Пасьля нейкіх крызысаў пачынаецца ўздым, і трэба ўспрымаць гэта філязафічна, нармальна”.

Жонка Паўла вучылася разам зь ім у інстытуце, і пасьля пераезду ў Ізраіль ім разам давялося настойліва прабівацца праз усе перашкоды й крызысы. Яны падтрымліваюць адзін аднаго і дапамагаюць у самыя цяжкія хвіліны. Цяпер яны разам будуюць свой прыватны бізнэс. Павал узгадвае, што праца ў той фірме, куды ён уладкаваўся, пазваніўшы па рэкляме, яму вельмі дапамагла.

(Сарапеня: ) “Я паглядзеў там новыя тэхналёгіі, матэрыялы. Складанасьць для мяне была менавіта ў гэтым – ведаць, якія ёсьць новыя фарбы, лакі й гэтак далей”.

Нават аб’ект, на якім давялося Паўлу працаваць, быў зусім новым і нязвычайным – гэта міні-Ізраіль. Што гэта?

(Сарапеня: ) “Мадэлі розных будынкаў, якія знаходзяцца ў Ізраілі. Мы зрабілі там вельмі шмат, і зараз працуе парк – міні-Ізраіль”

Мы дазваніліся да Паўла ў той дзень, калі ягоная дачка Ганна адзначала 19-годзьдзе. У спадчыну ад бацькоў Ганьне дасталася іх настойлівасьць у дасягненьні мэтаў. Ганна імкнецца стаць опэрнай сьпявачкай і пасьля доўгіх гадоў падрыхтоўкі яны паступіла вучыцца ў Ерусалімскую музычную акадэмію.

Настойлівасьць дзеля дасягненьня сваёй мэты патрэбная кожнаму незалежна ад таго, чым чалавек займаецца. Часам здараецца так, што перш, чым распачаць сваю працу, трэба пераканаць іншых людзей у тым, што твая праца патрэбная ня толькі табе самому, але й цэламу грамадзтву. Грэцкі філёзаф Эпіктэт аднойчы напісаў: “Абставіны не ствараюць чалавека. Яны папросту раскрываюць яго самому сабе”. У гэтым пераканалася Вольга Стужынская, якая жыве й працуе ў Брусэлі. (Стужынская: ) “У апошнія два гады я працую як прадстаўнік грамадскіх арганізацыяў, палітычных партыяў, больш, скажам так, як невялічкі мосьцік паміж беларускім дэмакратычным Менскам і Брусэлем”. Вольга добраахвотна ўзяла на сябе адказнасьць за гэтыя дачыненьні і цяпер яна падтрымлівае кантакты ў Эўракамісіі, Эўрапарлямэнце, Радзе Эўразьвязу, а таксама ў Радзе Эўропы і ААН. Цяпер Вольга зь лёгкасьцю пералічвае гэтыя арганізацыі, зь якімі стала працуе. Але пачыналася гэта ўсё зусім у іншай атмасфэры. (Стужынская: ) “Цяжка было ў тым пляне, што вельмі невялікім быў тут інтарэс да Беларусі і вельмі невялікія пазнаньні былі пра нашую краіну, пра сытуацыю там, як палітычную, так і эканамічную. Ніякай амаль увагі да Беларусі з боку мэдыяў не было, і інтарэс у структурах Эўразьвязу быў таксама невялікім”. І з чаго пачынаюць у такой сытуацыі? Якімі могуць быць першыя крокі, каб прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да праблемаў сваёй краіны? Самае галоўнае – быць настойлівым і не адступаць перад перашкодамі. (Стужынская: ) “Па-першае, трэба сказаць, што я шмат зь кім сустракалася. Па-другое – разам з тымі палітычнымі ўцекачамі, што жывуць у Антвэрпэне, тут наладзілі шмат пікетаў і невялікіх дэманстрацыяў. Я заўсёды раіла, давала парады пры састаўленьні рэзалюцыяў па Беларусі, спрабавала друкаваць артыкулы ў бэльгійскай й міжнароднай прэсе”. І гэтая праца была сапраўды плённай. Стаўленьне да Беларусі ў Эўропе зьмянілася, усё больш і больш палітыкаў, прадстаўнікоў грамадзкасьці й шэраговых жыхароў краінаў Эўразьвязу цікавяцца тым, што ў Беларусі адбываецца. (Стужынская: ) “Я атрымліваю шмат э-мэйлаў, у першую чаргу – ад журналістаў, якія пачалі цікавіцца сытуацыяй у краіне”. Цяпер Вольга бачыць новыя пэрспэктывы разьвіцьця той справы, якую распачала два гады таму без усялякіх гарантыяў посьпеху. (Стужынская: ) “Я сама асабіста працую над праектам адкрыцьця офісу “За дэмакратычную Беларусь!” у Брусэлі. Спадзяюся, што знойдуцца арганізацыі, якія захочуць падтрымаць гэты праект фінансава, і што ў верасьні або ў кастрычніку ён пачне працаваць”. Часам кожны з нас можа апынуцца ў сытуацыі, калі трэба ня толькі хутка прыняць рашэньне, але потым яшчэ і рэалізаваць яго. Маладыя людзі звычайна такія рашэньні прымаюць даволі лёгка, але вось як давесьці справу да канца, ажыцьцявіць тое, што задумаў? Кожны шукае свае шляхі. Юлія Чуйко з Горадні ужо амаль два гады жыве ў Даніі. (Чуйко: ) “Я прыехала сюды ў госьці да свайго знаёмага. Потым я даведалася, што тут можна атрымаць адукацыю, і цяпер я паступіла ў Капэнгагенскі бізнэс-унівэрсытэт і ўжо са жніўня пачынаю тут вучыцца”. Калі Юля прыняла рашэньне вучыцца ў Даніі, трэба было адразу вырашыць даволі складанае пытаньне – як вывучыць дацкую мову і дзе знайсьці сродкі на гэта. Юля пачала працаваць у адной сям’і, даглядала дзяцей і адначасова вучылася. І праз паўтара году Юля (Чуйко: ) “Здала самы галоўны іспыт у Даніі. Гэта той іспыт, які дазваляе працаваць або атрымліваць навучаньне ў любой навучальной установе Даніі на дацкай мове”. У Беларусі Юля пачынала вучыцца на філялягічным факультэце Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Але яна не шкадуе, што памяняла спэцыяльнасьць. Юля перакананая, што яна будзе займацца менавіта той справай, якая ёй падабаецца, а асновы філялягічнай адукацыі ёй дапамогуць у будучым. (Чуйко: ) “Я буду вывучаць бізнэс-мовы й асновы камунікацыі. Гэта сродкі масавай інфармацыі і інтэрнэт”. Юля лічыць сваімі самымі галоўнымі рысамі характарамі мэтанакіраванасьць, аптымізм і настойлівасьць. На яе думку, настойлівасьць: (Чуйко: ) “Вельмі неабходная. Як гэта лепей патлумачыць? Калі сапраўды хочаш чагосьці дамагчыся, дык настойлівасьць, упартасць і вера ў свае сілы – гэта тое, што табе дапаможа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG