Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дажынкі перайшлі дарогу помніку ЮНЭСКА ў Нясвіжы


Вячаслаў Кулік, Менск Завяршэньне рэстаўрацыі радзівілаўскай рэзідэнцыі ў Нясьвіжы перанесена на больш позьні тэрмін. Паводле пастановы Савету Міністраў, так званая першая лінія палаца-паркавага комплексу будзе адкрытая для наведваньня турыстамі ў 2007 годзе. Раней плянавалася зрабіць гэта ў 2006 годзе.

Па-першае, нам сталі вядомыя некаторыя падрабязнасьці ўключэньня радзівілаўскай спадчыны ў Нясьвіжы ў сьпіс ЮНЭСКА. Паводле копіяў дакумэнтаў у Нясьвіскім райвыканкаме, Жэнэва атрымала 40 старонак друкаванага тэксту, 60 фота, у тым ліку аэрафотаздымкі, а таксама мапы і схемы. Экспэрты кажуць, што перамагла аўтэнтычнасць Нясьвіжу. Акрамя палацу Радзівілаў на працягу стагодзьдзяў захаваўся духоўны асяродак і, перадусім Фарны касьцёл , радавая ўсыпальніца Радзівілаў з ХVI стагодзьдзя. Дарэчы, некалькі гадоў таму тут быў пахаваны апошні нашчадак славутага роду.

Здавалася б, далучэньне Нясьвіжу да найвыбітнейшых помнікаў сьвету павінна ўзмацьніць ўвагу да гэтага “маленькага беларускага Парыжу”, паспрыяць яго больш хуткаму аднаўленьню. Аднак зараз карэктуюцца тэрміны аднаўленьня радзівілаўскай спадчыны. У зьвязку з гэтам жыхары Нясьвіжу гавораць пра заплянаваныя дажынкі ў Слуцку. Па словах Клаўдзіі Шышыгінай-Патоцкай, дажынкі перайшлі дарогу помніку ЮНЭСКА.

(Шышыгіна-Патоцкая) “Самых лепшых працаўнікоў аддалі на Слуцк. А тут нічога добрага ня робіцца. Цяпер тут мабыць усяго тры дзясяткі будаўнікоў. Але ж і тыя лайдачаць. А трэба было б працаваць як належыць. Я прапаноўвала: “Давайце сьвятароў паклічам: каталіцкага, праваслаўнага і пратэстанта, няхай блаславяць, каб рабочыя працавалі хораша”. Дамовіліся, што так і зробім. Але не зрабілі. І цяпер рабочыя самі ня вераць, што ў 2006 годзе павінна была ўвайсьці першая лінія. Дзе ж яна ўвойдзе! А пра тую другую і галоўную, што згарэла, дык і гаворка ня ідзе!”

Паводле дырэктара Нясьвіскага палаца-паркавага комплексу Валерыя Сталярчука, сёньня на рэстаўрацыі замку практычна няма кваліфікаваных спэцыялістаў зь іншых раёнаў Меншчыны. У Нясьвіжы ўлада штодня аб’яўляе суботнік”.

(Сталярчук: ) “У нас даведзены графік да кожнай арганізацыі, вытворчых калектываў. Гэта грамадзкасьць горада Нясьвіжу. Садзейнічаюць рэстаўрацыі нашага помніку”.

Тым часам у Слуцку падрыхтоўка да “Дажынак" можа абярнуцца зьнішчэньнем будынку былой Земскай бальніцы. Па словах выкладчыка Слуцкай мастацкай школы Ігара Ціткоўскага, грамадзкасьць гораду будзе абараняць гістарычны будынак ад зносу.

(Ціткоўскі: ) “Ідуць "Дажынкі". Грошай на падрыхтоўку будынка да гэтага сьвята няма, дык вырашылі яго зьнесьці. Мы на гісторыі мастацтва зь дзецьмі вывучаем помнікі архітэктуры Слуцка. Я ім расказваю, як гэта трэба захоўваць, любіць сваю мінуўшчыну. Тыя ж самыя дзеці пасьля спытаюць: “А вы хоць заступіліся?” Будзе сорамна за тое, што гавару адно, а тут рэальная справа і я не падам голасу ў абарону таго, што заахвочваю любіць”.

Такім чынам, перанос тэрміну завяршэньня рэстаўрацыі замка Радзівілаў на 2007 год выкліканы пераважным чынам перамяшчэньнем кваліфікаваных майстроў на падрыхтоўку так званай сталіцы дажынак. Тым часам будаўнікі, якія пакінулі Нясьвіж ,могуць быць прыцягнутыя да разбурэньня аднаго зь нешматлікіх гістарычных помнікаў у Слуцку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG