Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Усьмешка была яе візітоўкай" (сьветлай памяці Яніны Каханоўскай)


Ганна Сурмач, Прага (Эфір 21 ліпеня 2005) Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа". Удзельнікі: Данчык (Прага), Антон Шукелойць (Нью-Ёрк), Аляксандр Лукашук (Прага), Вітаўт Кіпель(ЗША), Галіна Войцік (Вільня), Галіна Дзягілева (Менск), Юры Хадыка (Менск). 16 ліпеня ў лепшы сьвет адышла Яніна Каханоўская, жанчына, якая была душой беларускай грамады ў Нью-Ёрку, якая сваім душэўным сьвятлом прыцягвала да сябе ўсіх, хто прыяжджаў туды зь Беларусі. Памяці спадарыні Яніны прысьвячаецца гэты выпуск перадачы.

Яніна Каханоўская была клясычным прадстаўніком беларускай шляхцянкі, якая і на чужыне заставалася сама сабой і годна несла ў сабе тую глыбінную беларускасьць, тую адвечную культуру, якая ўвабрала ў сябе здабыткі многіх пакаленьняў двух беларускіх шляхецкіх родаў – Луцкевічаў і Шабуняў.

Яна не любіла высокіх словаў пра Адраджэньне, пра захаваньне мовы і культуры, яна проста сьцьвярджала гэта кожным сваім крокам, кожным словам. Уласным прыкладам яна выхоўвала сваіх дзяцей і ўнукаў, укладала ў іхную сьведамасьць высокі сэнс разуменьня беларускай справы.

Менавіта гэткі ўзровень беларускай культуры, як роўнай у сьвеце сярод іншых, прадэманстраваў яе улюбёны выхаванец – унук Данчык на сваіх канцэртах ў Менску напачатку новага беларускага Адраджэньня.

У памяць пра сваю бабулю, якую ён ласкава называў Бабцяй, Данчык напісаў эсэ, мы падалі яго на нашым Інтэрнэт-сайце.

Паслухаем урыўкі з гэтага тэксту:

(Данчык: ) “Мая Бабця пражыла з усьмешкай усё сваё жыцьцё – з самай цёплай і самай шчырай усьмешкай, якую толькі можна сустрэць. Яе ўсьмешка была адбіткам самой яе душы – поўнай любові, шчодрасьці, прабачэньня, цярплівасьці, адкрытасьці – усьмешка была яе візытоўкай. Хвароба, рэвалюцыя, вайна, выгнаньне, голад і нястача, асабістыя болі і страты – ніводная з гэтых жыцьцёвых нягодаў не магла спаборнічаць зь яе непакорлівым духам. Яна проста адмаўлялася верыць, што жыцьцё можа быць ня толькі прыгожым, а людзі ня толькі цудоўнымі. “О, ён цудоўны!”, “О, яна цудоўная!” – з захапленьнем казала яна пра любога, каго згадвалі ў размове (калі толькі гэта не былі камуністы – гэтых яна з жыцьцёвага досьведу з поўным правам не хаваючыся ненавідзела).

Да гэтага трэба дадаць яе незалежнасьць. Яна ганарылася тым, што доўга жыла сама ў сваёй кватэры, сама за ўсё плаціла, ніколі ня мела даўгоў, часта падарожнічала і наведвала мяне – спачатку ў Нямеччыне, а пасьля ў Чэхіі.

Бабця пагарджала алькаголем і тытунём, бо лічыла, што яны пазбаўляюць чалавека свабоды.

Аднак разам з тым яна не была пурытанкай – я асабліва ганарыўся яе разнастайным рамантычным мінулым!

Бабця ніколі не была схільная загадваць або павучаць, ніколі не казала нікому што думаць, або рабіць, або як сябе паводзіць.

Хоць нас падзяляла пяцідзесяцігадовая розьніца ў веку, мы былі блізкімі душамі і найлепшымі сябрамі.

За тыдзень да сьмерці Бабця сур’ёзна захварэла і яе сьпешна завезьлі ў шпіталь. Была субота. За тысячы кілямэтраў адтуль я ўжо моцна спаў у сваёй праскай кватэры. І дакладна ў той самы пакутлівы момант у жыцьці маёй вялікай сяброўкі, я раптоўна прачнуўся, пачуўшы, як яна ў роспачы кліча мяне, нібыта просячы аб ратунку.

... Каб жа я толькі мог яе ўратаваць, лепей яе абараніць, быць зь ёй у той момант! Але я ня мог, і здарылася тое, што мне цяжка было сабе ўявіць.

Хай сабе гэта прагучыць эгаістычна, але мне было замала проста мець Бабцю побач амаль 50 гадоў, бо... вядома, я таксама бясконца яе любіў. І таму што яна гэта ведала, мне прыемна думаць, што яна ўсьміхаецца і цяпер – цяпер ужо сапраўды нябёснай усьмешкай".

Яніна Каханоўская, ў дзявоцтве Шабуня, нарадзілася 26 лістапада 1909 году ў Менску. Яе маці Эмілія Шабуня была роднай сястрою знакамітых беларускіх нацыянальных дзеячаў Івана і Антона Луцкевічаў. Дом, у якім жыла сям''я, стаяў перад вайною на тым месцы, дзе прыкладна цяпер знаходзіцца Музэй Янкі Купалы. На жаль, да сёньняшняга дня ён не захаваўся.

***

19 ліпеня ў Саўт-Рывэры адбылася паніхіда ў памяць аб Яніне Каханоўскай. Сярод блізкіх і сяброў прысутнічаў сп. Антон Шукелойць. У гэты дзень яму споўнілася 90 гадоў і ягоны доўгачаканы юбілей стаўся такім сумным:

(Шукелойць: ) "Яню я ведаю ад 1941 году. Мы пад час вайны мелі магчымасьць з Заходняй Беларусі ехаць у Менск і кожны стараўся адведаць дом Луцкевічаў, бо Яня ёсьць унучка таго старога Луцкевіча, які прымаў удзел у паўстаньні Каліноўскага. З таго часу ў гэты дом я часта заглядаў.

Яня па сваёй спэцыяльнасьці – мэдычны працаўнік, яна ўвесь час працавала ў мэдычных лябараторыях. Яна была прыгатаваная да мэдыцыны і думала паступаць на мэдыцынскі. Аднак, з увагі на яе шляхецкае паходжаньне і актыўнасьць сям''і ў Вільні і ў Менску перад гэтым, яе не прынялі на мэдыцыну.

На працы ёй час ад часу рабілі розныя прыкрасьці, звальнялі і так яна дажыла да нямецкай акупацыі. Пад час нямецкай акупацыі яна працавала ў Самапомачы. Потым разам з іншымі выехала ў эміграцыю. Ехала з маці Эміліяй Луцкевіч-Шабуняю і дзьвюма дочкамі, дочкі яшчэ малыя былі.

Прыехаўшы ў Амэрыку, ізноў цэлы час працавала напачатку на розных фізычных цяжкіх працах, зарабляючы на кавалак хлеба. Апрача гэтага працавала ў нашых грамадзкіх арганізацыях, асабліва ў Беларуска– Амэрыканскім Задзіночаньні.

З сям''ёй гэтай я цэлы час быў у кантакце, да яе апошніх дзён.

Два тыдні таму, калі я быў разам з ёю у горах, у іхным летнім дамку “Родны кут”, я запісаў ад яе ўсю гісторыю сям''і Луцкевічаў. Думаю цяпер, з нагоды ёйнай сьмерці, гэты мой запіс надрукаваць".

***

Пра сваю працу на адным амэрыканскім прадпрыемстве спадарыня Яніна распавядала ў інтэрвію, які запісаў для эфіру ў 1960-я гады тагачасны супрацоўнік Беларускай рэдакцыі ў Нью-Ёрку Янка Запруднік. Запіс даносіць да нас голас спадарыні Яніны, тады яшчэ маладой жанчыны, з аглядам на пражыты ёю доўгі век.

(Запруднік: ) "Спадарыня Каханоўская, што фактычна вырабляецца на фабрыцы, дзе Вы працуеце?"

(Каханоўская: ) "У нас вырабляюць ежу, пітво, мэдыкамэнты, а таксама прадметы туалету і забаўкі для катоў, сабак, залатых рыбак, марскіх сьвінак, канаркаў, папугаяў і нават для чарапахаў. Словам, усё, што толькі можна прыдумаць для птушкі ці зьвера. Фабрыка наша мае свае аддзелы ў Чыкага, Сан-Францыска, а цяпер вось адкрылі і ў Канадзе.

Тут ў Амэрыцы хатнюю жывёлу вельмі любяць".

Данчык у сваім эсэ піша, што і ягоная Бабця вельмі любіла жывёлаў, так што гэтая праца, пэўна, была ёй па душы.

***

Даўнія сувязі яшчэ з Менску лучылі спадарыню Яніну зь сям’ёй Вітаўта і Зоры Кіпеляўю

(Кіпель: ) "Яніна Каханоўская – гэта вельмі блізкі наш сямейны сябра, з двух бакоў. Калі мая маці была дзяўчынкаю, Яніна была трохі малодшаю і яны сустракаліся. Але больш сустракалася зь ёю Апалёнія Савёнак, маці Зоры. Яніна – каталічка і маці Зоры таксама, яны хадзілі ў касьцёл Сьвятога Роха. А мая маці зь Янінаю была разам у нейкім хоры. Так што зь дзяцінства яны зналіся. А пазьней я ўжо зь Янінаю сустракаўся ў грамадзкай працы. Але гэты сямейны аспэкт быў заўсёды. Калі Яніна мяне спатыкала, дык заўсёды пыталася: "Вітусь, як ты жывеш?"

Канечне, для нас гэта вялікая асабістая страта. Для беларускай грамады ў Нью-Ёрку гэта таксама вялікая страта. Яна была вельмі памяркоўна-аб''ектыўная, для яе не было ніякіх падзелаў, да кожнага яна старалася прамовіць шчыра, ветла і цёпла. І гэта рабіла яе унікальнаю асобаю ў беларускай грамадзе Нью-Ёрка”.

***

Шмат гадоў зь Янінай Каханоўскай сябраваў, перапісваўся, сустракаўся наш калега Аляксандр Лукашук. Сумная вестка зь Нью-Ёрку засьпела яго ў Францыі. Мы зьвязаліся з Аляксандрам па тэлефоне.

(Лукашук: ) "Мы не былі са спадарыняй Янінай Каханоўскай на "ты", летась яна была роўна ўдвая старэйшая за мяне. Але, відаць, усе, хто сустракаўся з гэтай жанчынаю, для якой Багдановіч і Купала былі не імёнамі з нацыянальнай клясыкі, а жывымі людзьмі, адчувалі тое, што і я – поўную адсутнасьць узроставага бар''еру. Заўсёды маладая усьмешка, жывыя вочы, дасьціпны розум выдавалі тое, што французы называюць joie de vivre – здольнасьць радавацца жыцьцю.

Неяк даўно ў інтэрвію Свабодзе з нагоды яе 80-годзьдзя на пытаньне, як яна сябе адчувае, спадарыня Яніна адказала: "Ведаеце, выйшла ўвечары на балкон, пад нагамі Нью-Ёрк – агні, машыны. Камуністаў няма. І так радасна стала".

Аднойчы яна перадала мне ў Прагу падарунак – кубак зь відамі Нью-Ёрку, прыгожы, але досыць звычайны. Я піў з яго чай на Радыё некалькі гадоў пакуль не здарылася 11 верасьня 2001 году. У той дзень я пабачыў, што на кубку былі дзьве вежы Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру. Падарунак стаў гістарычным рарытэтам.

Аднойчы, калі Яніна Каханоўская гасьцявала ў Чэхіі ў Данчыка, я запрасіў яе і ейную сястру Маню на прагулку ў замкавы батанічны парк у Пругоніцах пад Прагай. Пасьля мы зайшлі ў кавярню, выпілі па кілішку "Бэхераўкі". А потым я даў ёй пачытаць разьдзел з новай кнігі, якую якраз канчаў пісаць. Разьдзел называўся "Кенгуру", там гаворка ішла пра "лукулавы застольлі" і вакханаліі гасьціннасьці, якія за савецкім часам абрыналі на галовы іншаземных гасьцей ў беларускім мястэчку.

Сп. Яніна пазваніла на другі дзень увечары і сказала: "Прачытала. І так захацелася выпіць і закусіць. Бярыце таксі і прыяжджайце". Гэтыя словы цяпер вынесеныя на вокладку маёй кнігі "У фіялетавай ночы вугал крыла".

Некалькі месяцаў таму я гаварыў зь ёю з нагоды маёй апошняй кнігі "Прыгоды АРА ў Беларусі" і яе ўспамін пра смачную какаву і булачкі з амэрыканскай мукі гучаў ў Менску ў Доме літаратара на прэзэнтацыі кнігі ў сакавіку сёлета. Праз 80 гадоў яе радасная і ўдзячная памяць аднавіла смак АРАўскіх сняданкаў ў Менскай гімназіі.

Яніна Каханоўская не пісала вершаў, але ў яе жыцьці было шмат паэзіі. Яна сябравала з Натальляй Арсеньевай і любіла Марыну Цвятаеву і Анну Ахматаву. Аднойчы ў рэстаране ў Празе нам прынесьлі вустрыцы і яна працытавала ахматаўскі радок: "Свежо и остро пахло морем".

Я зараз знаходжуся на Поўдні Францыі, у Каннах, з вакна відаць Міжземнае мора. Увечары я замоўлю вустрыцы і шампанскае ў памяць joie de vivre Яніны Каханоўскай. Я ведаю, што яна ўхваліла б гэты выбар".

***

Моцныя родавыя сувязі зьвязвалі Яніну Каханоўскую зь Вільняй. Менавіта там жылі яе блізкія сваякі Лявон і Юрка Луцкевічы, сыны Антона Луцкевіча. Мне выпала сумная роля паведаміць пра страту ўдаве Лявона спадарыне Галіне Войцік, дачцэ Зоські Верас.

(Войцік: ) "Асабіста я пазнаёмілася з Янінаю ў 1995 годзе. Мы езьдзілі ў Прагу. Яна тады прыяжджала да Данчыка і мы паехалі зь Лявонам пабачыцца, яны не бачыліся роўна 50 гадоў. А я якраз пабачыла першы раз, і ад гэтага спатканьня яна так прыпала мне да сэрца. Пасьля мы ўжо перапісваліся. Калі Лявон памёр, дык яна мне досыць часта пісала. А ў 2000 годзе, калі я даведалася, што яна ізноў прыедзе ў Прагу, я паехала туды са сваім унукам.

Я маю яе лісты, захоўваю іх і часта перачытваю, бо яны такія сардэчныя, добрыя. Калі пасьля сьмерці Лявона я ўзялася працягваць яго справу і рабіць радыёперадачы, пісаць і выдаваць сэрыю "Партрэты віленчукоў", яна мяне ў гэтым вельмі падтрымлівала.

Яна мне неяк пісала, што: "Ты цяпер у Вільні адзіны чалавек блізкі, які зьвязвае мяне зь Лявонам і з Юркам". Я зараз буду рабіць радыёперадачу, і я распавяду там пра яе, я маю запісаны ейны голас".

***

Голас спадарыні Яніны захаваўся і ў нашых архівах, як супрацоўніцы нью-ёркскай рэдакцыі Радыё Свабода, дзе яна адпрацавала 7 гадоў перад выхадам на пэнсію.

(Каханоўская: ) "Наша фабрыка зачынілася. Але, у гэтым часе як раз Натальля Арсеньнева выйшла на пэнсію і выехала ў Рочэстэр. На Радыё засталося вольнае мейсца. І Янка Запруднік запрасіў мяне на працу. Гэта была вясна 1966 году.

Аформілі мяне на пасаду як бы сакратаркі, але, гэта было трохі вышэй, бо я магла чытаць у эфіры. Я не была сталым дыктарам, але як трэба было, то замяняла некага.

Тады з Антонам Адамовічам, ён быў "дзядок", а я "бабка", мы чыталі фельетоны. Потым я набівала матрыцы, у той час жа на машынках яшчэ не пісалі".

***

Калі пад час пераменаў ў былым СССР адчыніліся межы і шмат хто зь беларускай інтэлігенцыі ўпершыню паехалі за акіян, ў Амэрыку, яны былі прыемна зьдзіўленыя сустрэчамі зь беларускімі эмігрантамі, якія гаварылі па-беларуску ці не лепей за іх. Бадай нікога зь іх не абмінула ўвагаю і гасьціннасьцю сям’я Андрусышыных і Яніны Каханоўскай. Тыя першыя сустрэчы засталіся ў памяці назаўжды і сталі пачаткам сталых кантактаў з Бацькаўшчынаю. Сёньня зь цеплынёй і душэўным болем успамінае пра спадарыню Яніну прафесар Юры Хадыка.

(Хадыка: ) "Канечне, мне было вельмі прыемна пазнаёміцца з прадстаўніцаю такога старажытнага шляхетнага роду. Я адчуваю такую асаблівую любоў да роду Луцкевічаў таму, што зь іх паходзіў Іван Луцкевіч, стваральнік Беларускага музэю ў Вільні. Спадарыня Яніна была надзвычай жыцьцялюбівым, аптымістычным чалавекам, жыцьцястойкім. Мяне ўражвала яе жыцьцялюбства”.

Напрыканцы 1990-х пабывала ў Нью-Ёрку і артыстка Галіна Дзягілева, гэтая паездка мела вялікі ўплыў на яе далейшы творчы шлях.

(Дзягілева: ) "У душы сваёй ніколі-ніколі я не разьвітаюся з такою асобаю, якою ёсьць, не была, а ёсьць для мяне Яніна Каханоўская.

Я зараз трымаю у руках ліст, адзін зь яе лістоў. Якраз гэта было ў 1997 годзе, калі нядаўна пайшла з жыцьця Натальля Арсеньева, яна тут прыводзіць словы паэта Гумілёва. Піша пра тое, што Арсеньнева добра яго пераклала:

Ёсьць Бог, ёсьць сьвет, яны жывуць навек. Жыцьцё людзей імгненна і ўбога, Але, ўсё ў сабе зьмяшчае чалавек, Які кахае сьвет і верыць у Бога.

Яніна Каханоўская і ўся сям''я Андрусышыных для мяне вельмі блізкія і родныя людзі. Яніна, як маці, раданачальніца гэтай сям''і, яна заўсёды была і самая маладая духам і такая мудрая.

Мы пазнаёміліся дзякуючы спэктаклю пра Івана Луцкевіча, які дарэчы таксама атрымаўся, дзякуючы таму, што калісьці Яніна Каханоўская папрасіла Юльяну Вітан-Дубейкаўскую напісаць свае ўспаміны аб сваім каханым Івану Луцкевічу. Гэтыя ўспаміны яна калісьці друкавала сама, пасьля таго, як яны былі напісаныя Юльянаю

Сёньня на памяць прыходзяць радкі верша нашай паэткі зь Беласточчыны Надзеі Артымовіч з гэтага майго спэктаклю:

З нашых сэрцаў будзем ткаць Белае, белае палатно. Блакітнай ніткай мараў-птушак Вышыем узор -цуд, узор -казку Зь небам шырокім, усходам сонца і....цішынёй."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG