Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Статкевічу і Паўлу Севярынцу могуць прапанаваць працу ў калгасе


Любоў Лунёва, Менск. Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца цягам тыдня накіруюць адбываць пакараньне на так званую “хімію”. Суд Цэнтральнага раёну пакараў апазыцыйных палітыкаў трыма гадамі абмежаваньня волі за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка, у часе якіх нібыта адбываліся масавыя беспарадкі. Акцыі прайшлі на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Суд улічыў, што ў часе сьледства абвясьцілі амністыю, таму Мікола Статкевіч і Павал Севярынец адбываць пакараньне будуць ня тры, а два гады.

Міколу Статкевіча ўжо выклікалі ў аддзел міліцыі, зьнялі там адбіткі пальцаў і забралі пашпарт. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі Міколу Статкевічу, што пытаньне аб тым, у які горад яго накіруюць, вырашыцца цягам тыдня. Але дакладна вядома, што ў Менску апазыцыйны палітык будзе заставацца літаральна некалькі дзён.

Кіраўнік Камітэта ў выкананьні пакараньняў Уладзімір Коўчур паведаміў Радыё Свабода:

(Коўчур:) “Спачатку чакалі, пакуль прысуд уступіць у сілу. Потым, пакуль надрукавалі, пакуль поштай дайшло. Потым крымінальна-папраўчая інспэкцыя накіроўвае матэрыялы сюды. Накіроўваем у межах вобласьці, дзе жыве. Статкевіч прапісаны ў Менску, значыць будзе адбываць пакараньне ў Менскай вобласьці. Севярынец у Віцебску, значыць у Віцебскай. Чаму Маркевіч і Мажэйка адбывалі ў іншых месцах? Я ўжо ня памятаю, але тады ў месцах абмежаваньня волі адбывалі пакараньне 8,5 тысячы чалавек, а зараз, пасьля амністыі, нейдзе каля 7 000. Апроч таго, у Гарадзенскай вобласьці самая малая колькасьць месцаў. Самая вялікая – у Менскай. Цяпер пад Менскам адкрылі яшчэ адну ўстанову, там дзе раней была санаторыя для дзяцей, хворых на сухоты. Яны могуць самі знайсьці сабе працу. Калі – не, то адміністрацыя прапануе ім працу. У калгасе будуць працаваць”.

Кіраўнік Камітэту Уладзімір Коўчур дадаў, што калі Мікола Статкевіч і Павал Севярынец ня будуць парушаць правілы ўнутранага распарадку, то ім дазволяць на выходныя прыяжджаць дахаты.

Павал Севярынец паведаміў, што зацікаўлены працаваць паводле сваёй спэцыяльнасьці, але праца ў калгасе яго не палохае. Павал пакуль знаходзіцца ў Віцебску, мае падпіску аб нявыяздзе. Вось што ён сказаў наконт сваіх перспэктываў:

(Севярынец:) “Сумняюся, што наша пэнітэнцыярная сыстэма гатовая ставіцца да палітычных зэкаў, як да звычайных, бытавых. Стаўленьне адрозьніваецца практычна ў любой установе такога кшталту, ад Валадаркі да спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на Акрэсьціна. Зрэшты паглядзім, усё можа быць. Перш за ўсё працу буду шукаць сабе сам. Здольны працаваць у галіне грамадзкай адукацыі, асьветніцтва. Можа, нават супрацоўнікам па ідэалёгіі. Гэта быў бы ідэальны варыянт, але ілюзіяў у мяне няма. На гэтую пасаду ніхто не прызначыць.”

Мікола Статкевіч таксама мае намер знайсьці сабе працу сам. Ён спадзяецца, што на “хіміі” будзе займацца тым, на што не хапала часу на волі.

(Статкевіч:) “Безумоўна, магчымасьць знайсьці сабе працу – гэта значыць знайсьці магчымасьць выходзіць з гэтага інтэрнату, які адначасова зьяўляецца турмой. Воля будзе немагчыма, калі з інтэрнату будуць вазіць у калгас пад аховай, а потым прывозіць. Нармальны чалавек, акрамя, можа нейкіх злодзеяў у законе, будзе шукаць сабе працу. Я буду імкнуцца ўдзельнічаць у грамадзкай дзейнасьці. У любым выпадку, калі будзе магчымасць, буду займацца аналітычнай працай, а, магчыма, і адукацыяй. Сапраўды, настаў час ужо вывучыць ангельскую мову.”

Такім чынам, днямі Павал Севярынец і Мікола Статкевіч паедуць адбываць пакараньне. Што тычыцца Андрэя Клімава, які мусіць год і тры месяцы правесьці на “хіміі” за арганізацыю акцыі 25 сакавіка, то ён застанецца ў Менску да канца жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG