Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызыў у войска кантралюе Крымінальны кодэкс


Вячаслаў Кулік, Менск. Сёньня ў Беларусі завяршаецца летні прызыў у войска. Паводле Міністэрства абароны, на тэрміновую службу, а таксама на службу ў рэзэрве ўжо накіраваныя амаль 12 тысяч чалавек. Цяперашні летні прызыў у беларускае войска -- першы ў новых умовах узмацненьня адказнасьці за ўхіленьне ад службы.

30 чэрвеня Савет рэспублікі Нацыянальнага сходу зацьвердзіў зьмены ў Крымінальным кодэксе. Цяпер, паводле артыкулу 435, прызыўнік, які ігнаруе позвы з ваенкамату, можа быць асуджаны да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Ранейшыя патрабаваньні аб адміністрацыйных пакараньнях -- то бок штрафах і “сутках”, з Крымінальнага кодэксу вынятыя. Пра схемы магчымага прыцягненьня да суду цяперашніх адмаўленцаў ад службы расказвае супрацоўнік Беларускай ваеннай пракуратуры Ігар Шарсьнёў.

(Шарсьнёў: ) "О-о, тут такая сьлізкая тэма! Узброеныя сілы лічаць ухілістам чалавека, які не зьявіўся для адпраўкі ў войска. У яго бабуля, напрыклад, захварэла, і ён вырашыў сёньня не ісьці ў ваенкамат. Вайскоўцы палічылі, што ён не зьявіўся наўмысна. Ён пайшоў як ухіліст, а насамрэч па свайму характару ён безадказны. Мы пасьля прызыву ўсё гэта будзем аналізаваць".

Па статыстыцы апошніх гадоў, у Беларусі ўцякаюць ад арміі прыкладна 2 працэнты прызыўнікоў. Больш як 500 чалавек зь Менску ўтойваюцца ад службы за межамі краіны. Як паведамілі ў Маскоўскім райваенкамаце беларускай сталіцы, за такімі прызыўнікамі зараз таксама ўзмацняецца кантроль”.

(Супрацоўніца ваенкамату: ) “Міліцыя выстаўляе так званыя вартавыя карткі. Мы стараемся праз МЗС шукаць і пашпартна-візавыя службы. Дамагаемся ад бацькоў, каб стэлефаноўваліся і выклікалі сюды. Калі прызыўнік выехаў вучыцца, то нам патрэбен дакумэнт. Калі выехаў працаваць, то на гэта прызыўнік ня мае права”.

Радыё Свабода раней паведамляла, што сёлета да 4 тысяч чалавек павялічаны набор на службу ў рэзэрве. Яшчэ 200 выпускнікоў вайсковых кафэдраў вышэйшых навучальных установаў прызваны ў войска па спэцыяльным указе прэзідэнта. Гэтыя захады па камплектаваньні беларускага войска абмяркоўваюцца ў незалежных сацыялягічных дасьледваньнях сярод маладых і іх аналітыка не на карысьць папулярнасьці беларускага войска. У сваю чаргу я цікавіўся меркаваньнямі мужчынаў, якія служылі раней і маюць уяўленьне аб тым, якое войска патрэбнае Беларусі.

(Спадар-1: ) “У мяне быў сусед – загінуў. Вось каб гэтага не было. Павінна быць кантрактная служба. Каб чалавек быў прафэсійны. Каб ён працаваў і зарабляў за гэта грошы”.

(Спадар-2: ) “Служыць у войску і ўсё! Ніякай альтэрнатывы, ніякіх рэзэрваў! Хіба гэта хлопцу? Яму трэба са зброяй у руках вучыцца жыць”.

(Спадар-3: ) “Калі хто хоча сябе ў арміі выявіць, то няхай служыць па кантракту. А тэрміновая і рэзэрвовая – накладка на наш бюджэт і аснову. Як сам былы дэсантнік, то я гэта разумею. Калі вось нашыя хлопцы гінулі ў пэрыяд аўганскай вайны, то шкада было хлопцаў маладых. А калі зараз чалавек ведае за што робіць, за што аддае здароўе й сілу, то няхай служыць толькі па кантракту”.

І вось што гаворыць пра кантроль Крымінальнага кодэксу над прызывам падпалкоўнік запасу, палітык Мікола Статкевіч”.

(Статкевіч: ) “Карныя мэтады выкліканыя такім дысанансам: калі яшчэ ў вёсцы прызыўнікі ідуць служыць і сапраўды для іх гэта шанец выбрацца зь вёскі, уладкавацца пасьля войску, то гараджаньне ідуць неахвотна. Вельмі цяжка абгрунтаваць уладзе неабходнасьць служыць у войску для маладога чалавека, які лічыць, што ён проста губляе паўтары гады свайго жыцьця. Тым больш, што існуе сусьветная тэндэнцыя: арміі іншых краінаў пераходзяць на кантрактную сыстэму, зьвяртаюцца да прафэсіяналаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG