Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Віцебскім Галоўпаштамце шукалі аўстрыйскую міну


Браніслава Станкевіч, Віцебск Атрымаўшы ранішнюю партыю пасылак з-за мяжы, супрацоўніца Галоўпаштампу Натальля Бокарава пачула незразумелыя гукі зь вялікага пакунку, які прыйшоў з Аўстрыі на імя жыхара Віцебску. Паводле інструкцыі, пра такія выпадкі трэба неадкладна паведамляць начальству, што і было зроблена.

Адміністрацыя Галоўпаштампу загадала ўсім прысутным неадкладна пакінуць будынак і выклікала супрацоўнікаў МНС ды міліцыі. Адмыслоўцы прыехалі з сабакам, навучаным шукаць выбуховыя прыстасаваньні, аднак нічога падобнага ў замежным пакунку вагой 25 кіляграмаў знойдзена не было. Да таго ж гукі з пакунку нагадвалі не небясьпечна характэрнае “ціканьне”, а незразумелае гудзеньне ды сьвіст.

Калі пасылку адчынілі, то адразу ж знайшлі й крыніцу дзіўных гукаў: гэта быў звычайны невялікага памеру прыймач, дасланы ў Віцебск разам з адзеньнем ды іншымі пабытовымі рэчамі. Паводле вэрсіі паштавікоў, прыймач, у якім меліся батарэі сілкаваньня, выпадкова ўключыўся ад нейкага штуршка пры разгрузцы.

Супрацоўнікі Галоўпаштампу адразу ж прыняліся шукаць атрымальніка пасылкі, якую давялося ўскрыць праз надзвычайныя абставіны, аднак яго не было дома. Таму яе пакінулі ў асобным памяшканьні, каб нічога каштоўнага не згубілася, асабліва прыймач з кароткахвалёвым дыяпазонам – віцяблянам даводзіцца атрымліваць падобныя радыёпрыстасаваньні з-за мяжы, бо іх практычна не бывае ў віцебскіх крамах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG