Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікам амбасадаў Чэхіі і Славаччыны адмовілі ў сустрэчы з Марынічам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Часоваму паверанаму ў справах Чэхіі ў Беларусі Ўладзімеру Румлу і ягонаму калегу са Славаччыны Ёзэфу Мачышаку не далі дазволу на сустрэчу зь беларускім палітвязьнем Міхаілам Марынічам, які адбывае пакараньне ў менскай калёніі.

Пісьмовая адмова на запыт Уладзімера Румла атрыманая з дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, пацьвердзілі ў чэскай амбасадзе, але ня сталі камэнтаваць зьмест гэтага дакумэнта.

Таксама стала вядома, што з аналягічнай просьбай зьвяртаўся ў МУС часовы павераны ў справах Славаччыны Ёзэф Мачышак і таксама атрымаў адмову. Уладзімер Коўчур, кіраўнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, патлумачыў для Радыё Свабода, чаму чэскага і славацкага дыпляматаў не пусьцілі да Міхаіла Марыніча. Паводле міліцыянта, галоўнай прычынай ёсьць тое, што Міхаіл Марыніч ня мае грамадзянства Чэхіі ці Славаччыны. Але ёсьць і другая прычына, прызнаў Уладзімер Коўчур.

(Коўчур: ) “Раней магчыма было, але ня кожны тыдзень. Вось цяпер да Марыніча просіцца пасол Францыі Шмялеўскі, бо на паўгоду стаў прадстаўляць у Беларусі Эўразьвяз. Ідуць ды ідуць. Цяпер адмовілі, пасьля дазволяць, ня бачу ў гэтым праблемы. Тым больш, Марыніч цяпер у шпіталі”.

Паводле Ўладзімера Коўчура, Міхаіл Марыніч праходзіць у шпіталі курс лячэньня і адчувае сябе лепш. Між тым, сыны Міхаіла Марыніча выказваюць занепакоенасьць адносна здароўя бацькі. Ігар Марыніч так пракамэнтаваў рашэньне не дапускаць да бацькі замежных дыпляматаў:

(Марыніч: ) “Гэта абавязак ўлады — даць магчымасьць грамадзтву праверыць, як ягонае здароўе. І тое, што яны адмовілі эўрапейскім дыпляматам, ёсьць нядобрым знакам, ёсьць пэўным паказчыкам”.

Ігар Марыніч паведаміў таксама, што ўжо больш за тыдзень да Міхаіла Марыніча не дапускаюць ягонага адваката. Паводле Ігара Марыніча, адміністрацыя калёніі спасылаецца на тое, што вязень не напісаў заявы на сустрэчу. Між тым, ён перакананы, што прычына іншая.

Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч знаходзіцца за кратамі з красавіка мінулага году. Яго асудзілі на 3,5 гады зьняволеньня за крадзеж маёмасьці. Між тым, шмат хто ў Беларусі лічыць гэты прысуд палітычна матываваным. Да арышту Марыніч адкрыта перайшоў у апазыцыю і заявіў пра свой намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG