Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: кожнай вобласьці - свой цэнтра конегадоўлі


Сьвятлана Курс, Менск Агляд прэсы ад 18 ліпеня 2005 г

"Белорусский рынок" друкуе інтэрвію зь вядомым прадстаўніком беларускай дыяспары доктарам гісторыі Янкам Запруднікам. "У Беларусі зьявіліся спробы акадэмічнага вывучэньня беларускай дыяспары. Асэнсаваньне дыяспары як складніка нацыі новае для шмат каго ў Беларусі. Моладзь павінна разумець, што беларусы ўжо і стагодзьдзямі жывуць у розных краёх сьвету". Сп. Запруднік лічыць, што Беларусі не хапае дачыненьня са зьнешнім сьветам, дзе вядуцца дэбаты, дзе ўрад можа сыходзіць у адстаўку, таму што прыйшлі людзі зь лепшымі ідэямі. Навуковец таксама адзначае ўсё большае адставаньне беларускай навукі і тэхналёгіяў ад сусьветных распрацовак.

Экспэрты "Белорусского рынка" занепакоеныя імкліваю стратаю апошняга рынка збыту беларускай высокатэхналягічнай прадукцыі. Расея ўсё менш набывае беларускую прадукцыю, базавыя мадэлі якой былі распрацаваныя яшчэ за Саветамі. Аднак цяперашні кіраўнік дзяржавы патрабуе не мадэрнізацыі вытворчасьці, а павелічэньня ВУП на 50% у найбліжэйшыя 5 год. Менавіта на выпуску састарэлай прадукцыі і грунтуецца рост ВУП і беларускі эканамічны цуд, які вядзе да глыбокага тэхнічнага адставаньня, - лічаць экспэрты.

“Народная Воля” піша пра шчасьлівае ўратаваньне сьлесара ў Берасьці. На небараку зваліўся аварыйны балкон, аднак ён пасьпеў схавацца ў пад''езд. Аляксандар Кавальчук аналізуе праблемы зношваньня інжынэрных канструкцыяў ды жыльлёвага фонду ў Беларусі. Раней "Віцебскі кур''ер паведаміў, што ў Віцебску балкон зваліўся, параніўшы жанчыну і падлетка. Аналягічнае здарэньне зафіксавала "Белорусская деловая газета" ў Менску.

"Народная воля" апісвае стан коннага спорту ў Беларусі, якім узяўся апекавацца цяперашні кіраўнік дзяржавы. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што "ў кожнай вобласьці Беларусі павінны быць свой цэнтар коннага спорту й конегадоўлі".

Тыднёвік "Белорусская газета" піша пра абставіны візыту цяперашняга кіраўніка дзяржавы на фэст «Славянскі базар»: "Перакрылі цэнтральную вуліцу Віцебска, бо цэлы дзень наносілі новую разьметку, мылі асфальт вадою і шчотачкамі, ля будынку тэатру паслалі чырвоны дыван і накрылі яго цэляфанам". Генэральнага сакратара міжнароднай фэстывальнай арганізацыі FIDOF Марыя Марына сустракалі значна сьціплей. Гандлёвыя шапікі на вуліцах Віцебска памянялі на палаткі БРСМ, дзе гандлявалі лятарэйнымі квіткамі. З-за візыту цяперашняга кіраўніка дзяржавы праз перакрытыя вулкі ня ўсе гледачы здолелі патрапіць на вечарыну Галіны Волчак, а журналісты 2,5 гадзіны да адкрыцьця фэсту мусілі сядзець у амфітэатры. Ролю пешаходаў і заўсёднікаў вулічных кавярняў выконвалі людзі ў цывільным. "Наш фэст робіцца чыньнікам ня толькі славянскай, але й сусьветнай культуры", заявіў прытым А.Лукашэнка.

"Белорусская газета" паведамляе пра падвышэньне попыту на патрыманыя заходнія аўто: людзі баяцца, што пасьля прыняцьця ўказу прэзыдэнта наконт падвышэньня мыта на ўвоз легкавікоў кошты ўзьлятуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG