Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 ліпеня - дзень Грунвальдзкай бітвы


RFE/RL Найважнейшая каляндарная дата сёньняшняга дня – чарговыя ўгодкі Грунвальдзкай бітвы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 году і прынесла нашым продкам перамогу над Тэўтонскім ордэнам. Было гэта каля вёсак Грунвальд і Танэнбэрг у цяперашнім Ольштынскім ваяводзтве ў Польшчы. Плян бітвы быў распрацаваны каралём Ягайлам і вялікім князем Вітаўтам, які стаў галоўным пэрсанажам Грунвальду і галоўным пераможцам.

15 ліпеня 1675 году нарадзіўся Станіслаў Панятоўскі, вайскаводзец, прадстаўнік найвышэйшай беларускай магнатэрыі. У часе расейска-швэдзкай вайны генэрал Панятоўскі змагаўся на баку швэдаў і прадстаўляў тую частку нашых продкаў, што займалі антырасейскія пазыцыі.

15 ліпеня – дзень нараджэньня беларускіх паэтаў. У гэты дзень у 1876 годзе ў цяперашнім Шчучынскім раёне пачалося жыцьцё Алаізы Пашкевіч-Цёткі. Апроч вершаў і ўдзелу ў палітычнай барацьбе Цётка шмат падарожнічала. Пасьля вучобы ў Вільні яна працягвала адукацыю ў Пецярбургу, Львове і Кракаве, пабывала ў Нарвэгіі і Швэцыі.

Таксама 15 ліпеня ў 1900-м годзе прыйшоў на сьвет Уладзімер Дубоўка – адзін з найбольшых беларускіх паэтаў ХХ стагодзьдзя. Паходзіў Дубоўка зь вёскі Агароднікі на Пастаўшчыне і быў ці ня самым прыкметным завадатарам літаратурнага жыцьця ў савецкай Беларусі. Эстэтыку Дубоўка ставіў вышэй за ідэалёгію, таму ўжо ў 1931 годзе яго пакаралі пяцігадовай высылкай углыб Расеі. Пасьля гэтага быў новы арышт і новая высылка – на 10 гадоў. У адрозьненьне ад многіх іншых паэтаў, Дубоўка пазьбегнуў сьмяротнага пакараньня, але быў надламаны лягерным жыцьцём і ў Беларусь ужо не вярнуўся.

Некалькі памятных датаў заўтрашняе суботы.

16 ліпеня лічыцца днём пачатку падзелу агульнай хрысьціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную. Менавіта ў гэты дзень у 1054 годзе рымскі папа Леў ІХ наклаў анафэму на канстантынопальскага патрыярха Міхаіла. Для Беларусі гэтая падзея стала знакавай, а царкоўны падзел наклаў адбітак на ўсю нашу гісторыю аж да сёньняшняга дня. Беларуская нацыя, пабыўшы і каталіцкай і праваслаўнай і ўніяцкай, застаецца падзеленаю паводле канфэсійнай прыкметы.

16 ліпеня ў 1872-м годзе нарадзіўся Роальд Амундсэн, славуты нарвэскі палярнік, падарожнік і першаадкрывальнік. Што да славутых беларусаў, дык яны 16 ліпеня не прыходзілі на сьвет, а пакідалі яго. Гэта беларускі паэт і менскі культурны герой свайго часу Янка Лучына, які не дажыў да ХХ стагодзьдзя трох гадоў. Гэта беларускі архітэктар Іван Жалтоўскі, родам зь Пінску, які рабіў пляны рэканструкцыі такіх буйных гарадоў як расейская Масква і беларускі Гомель. Ня стала Жаўтоўскага 16 ліпеня 1959 году. Гэта гісторык Мікола Арэхва, які пісаў кнігі пра Заходнюю Беларусь пад польскай уладай у міжваенны пэрыяд. Арэхва пакінуў гэты сьвет 16 ліпеня 1990 году.
XS
SM
MD
LG