Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паведамленьне аб закладзеных у Менску бомбах ня спраўдзілася


Любоў Лунёва, Менск Асабовы склад менскай гарадзкой і транспартнай міліцыі цягам дня быў вымушаны шукаць выбуховыя прыстасаваньні ў шэрагу адміністрацыйных будынкаў і на чыгунцы. Прычынай стаў ліст, разасланы журналістам па электроннай пошце ад імя так званай “Беларускай нацыянальна-вызвольнай арміі” з папярэджаньнем аб тым, што бомбы закладзеныя ў некалькіх будынках райвыканкамаў, філіяле “Прыёрбанку”, а таксама на пяці кірунках чыгункі.

Выбуховыя прыстасаваньні шукалі на чыгунцы ў кірунках ад Менску на Дзяржынск, Пухавічы, Барысаў, а таксама Коханава—Ворша, Стоўпцы—Баранавічы, і ў будынках адміністрацыяў Маскоўскага, Ленінскага, Партызанскага і Фрунзенскага раёнаў. Апроч таго, арганізацыя ўзяла на сябе адказнасьць за крушэньне таварнага цягніка 22 чэрвеня на ўчастку Пагодзіна—Руміна ў кірунку Крычаў—Ворша.

На час пошукаў супрацоўнікі адміністрацыяў вымушаны былі выйсьці з будынкаў. Кіраўніцтва загадала нікому па дамах не разыходзіцца, бо працоўны час яшчэ ня скончыўся. Толькі ад журналістаў людзі даведаліся, што ў будынках шукаюць бомбы.

Некалькі гадзінаў на пошукі спатрэбілася супрацоўнікам міліцыі на транспарце. Кіраўнік упраўленьня Андрэй Прыкота паведаміў Радыё Свабода, што ніводнай бомбы не знайшлі.

(Прыкота: ) “У асноўным мы сутыкаемся са званкамі аб бомбах на вакзалах. А такое, каб паведамлялася, што на перагоне 80 кілямэтраў закладзена выбуховае прыстасаваньне, — гэта ўпершыню. Прыцягваюцца службы МНС, сапэры для абсьледаваньня аб’ектаў, у дадзеным выпадку службы чыгункі. Раней бывалі такія выпадкі, але звычайна гэта вакзалы. Натуральна, ніякіх бомбаў. Тут, хутчэй за ўсё, злачынства паводле артыкулу за наўмысна хлусьлівае паведамленьне аб небясьпецы. На ўсе перагоны, якія ўказаныя ў лісьце, задзейнічалі 100% асабовага складу. На адным перагоне праца ўжо скончылася. Мне паведамілі, што нічога ня выяўлена”.

Паводле падзеяў распачатая крымінальная справа. Сьледзтва вядуць і супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных справаў і КДБ.

Прэсавы сакратар КДБ Валеры Надтачаеў паведаміў Радыё Свабода:

(Надтачаеў: ) “Тое, што цяпер адбываецца, падобнае на тое, што мы называем тэлефонным тэрарызмам, калі школьнік, які не жадае вучыцца, тэлефануе дырэктару і кажа, што ў школе бомба. Тое, што яны сябе называюць арміяй, — ну проста як хочуць, так сябе і называюць. Наша задача знайсьці таго, хто дэстабілізуе абстаноўку ў рэспубліцы, і прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці”.

Ніводнай бомбы не знайшлі.

КДБ задзейнічаў сваіх супрацоўнікаў, каб тыя знайшлі кампутар, зь якога было накіравана паведамленьне журналістам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG