Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На загад Аляксандра Лукашэнкі “Лінія Сталіна” і конегадоўля павінны стаць самаакупнымі


Ігар Карней, Менск Аляксандар Лукашэнка загадаў вывесьці конегадоўлю на самаакупнасьць. Такую задачу кіраўнік краіны паставіў перад гэтай галіной падчас наведваньня цэнтру коннага спорту ў Ратамцы.

Цікава, што тыднем раней Лукашэнка загадаў выйсьці на самаакупнасьць гістарычна-культурнаму комплексу “Лінія Сталіна”, адбудаванаму ня так далёка ад згаданай ужо Ратамкі. Гэтаксама Лукашэнка перакананы, што з наступнай Алімпіяды ў Пэкіне беларускія коньнікі прывязуць алімпійскія мэдалі.

Цягам месяца Аляксандар Лукашэнка двойчы наведваўся ў Ратамку. Падобная ўвага да конегадоўлі дае падставу меркаваць, што ў Беларусі зьўляецца новая прыярытэтная спартовая дысцыпліна. Прынамсі, сам Лукашэнка выказаў меркаваньне, што на наступнай Алімпіядзе ў Пэкіне Беларусь мусіць заваяваць алімпійскія мэдалі ў конным спорце.

Дагэтуль беларусы сапраўды мелі нядрэнныя паказьнікі ў конным спорце, але – выключна ў складзе зборнай СССР. А вось на мінулагодніх гульняў у Афінах лепшая беларуская спартоўка Ірына Ліс патрапіла толькі ў трыццатку мацнейшых. Як бы там ні было, сёньня Лукашэнка паабяцаў фінансавую падтрымку конегадоўлі і… фактычна забараніў купляць дарагіх коней за мяжой, сканцэнтраваўшыся на сэлекцыйнай працы ў Беларусі.

“Мы ня можам плаціць мільёны эўра за каня”, – канстатаваў Лукашэнка.

(Лукашэнка: ) “Я не хачу, каб у вас склаўся такі настрой, што, маўляў, прэзыдэнт прыехаў, раздасьць зараз усім грошы столькі, колькі патрэбна, а вы будзеце адпачываць. Дзяржава падставіць плячо тым, хто сёньня пакажа, што ён можа працаваць і гэтыя сродкі акупіць. Але выходзіць трэба на самаакупнасьць”.

Можна меркаваць, што Аляксандар Лукашэнка і надалей будзе досыць частым госьцем у Ратамцы. Прынамсі, кіраўнік краіны паабяцаў паспрыяць, каб у Ратамцы штогод праводзіліся міжнародныя спаборніцтвы ў конным спорце. Дзеля гэтага тут будзе пабудаваны новы манэж эўрапейскага ўзроўню, а не такія маштабныя, але моцныя конныя цэнтры мусяць быць створаныя ва ўсіх буйных гарадах краіны.

Апрача гэтага, ёсьць у Аляксандра Лукашэнкі да Ратамкі і асабісты інтарэс. У адной зь мясцовых канюшняў ужо год жыве прэзыдэнцкі скакун арабскай пароды – падарунак да 50-годзьдзя ад расейскага калегі Ўладзімера Пуціна. У асяродку кіраўнікоў краінаў СНД такія прэзэнты досыць традыцыйныя, асабліва што да прэзыдэнтаў сярэднеазіяцкіх краінаў. Але, паводле іншых зьвестак, гэта не адзіны конь Лукашэнкі, атрыманы ў падарунак. Праўда, сам Лукашэнка неаднойчы прызнаваўся, што ня вельмі камфортна сябе адчувае побач з канямі і таму займаецца больш традыцыйнымі відамі спорту – прыкладам, хакеем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG