Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе могуць адпачыць беларускія афіцыйныя асобы? Л. Ярмошына абураецца, што Эўропа для яе зачыненая...


Іна Студзінская, Менск Агляд прэсы за 14 ліпеня 2005 году

"Бобруйский курьер" уздымае праблему адпачынку моладзі на танцпляцоўцы, якую ў народзе называюць "клетка". Гэта - галаўны боль мясцовай міліцыі, бо там штодня адбывацца бойкі, крадзяжы і нават стрыптыз. Артыкул называецца "Небясьпечная зона".

У матэрыяле "SOS: людзі на балоце" газэта б''е трывогу: пры будаўніцтве шматпавярховых дамоў разбурылі ліўневую каналізацыю, і ў прыватным сэктары затапіла гароды, падвалы, а мясцовыя ўлады бязьдзейнічаюць.

Цьвік чацьвярговага нумару "Народнай Волі" - артыкул Ірыны Красоўскай і Міраславы Гангадзэ “Калі мужчына падымае руку на жанчыну – гэта яго слабасць, яго ганьба і яго дэградацыя". Калі палітычны рэжым пачынае ваяваць з жанчынамі – гэта пачатак ягонага канца, робяць выснову аўтаркі матэрыялу. Тут жа зьмешчаны адкрыты ліст Станіслава Шушкевіча да ўсіх беларускіх вайскоўцаў “Ці маглі б Вы ўдарыць безабаронную жанчыну ў твар?”

Прынцыповае рашэньне аб будаўніцтве ў Беларусі атамнай электрастанцыі ўжо прынята на вышэйшым роўні, але пакуль трымаецца ў сакрэце. Народ, які з 1986 года жыве з “чарнобыльскім сындромам”, можа такую ініцыятыву і не ўхваліць, мяркуе "Народная Воля".

"Брестский курьер" распавядае, што камандаваньне 38-й мабільнай дэсантнай брыгады падпісала дамову з кіна- відэацэнтрам: цяпер вайскоўцам бясплатна будуць паказваць патрыятычныя фільмы. Сярод зацьверджанага рэпэртуару, на якім будуць выхоўваць у салдат патрыятызм - стужкі пра вайну. Для абавязковага прагляду ўключаны і фільм Аляксандра Няўзорава "Чысьцец" - пра баявыя дзеяньні ў Чачэніі.

Крычаўскі "Вольны горад" зьмяшчае некалькі вострых матэрыялаў на крымінальныя тэмы з гучнымі назвамі: "Нашай міліцыі і пракуратуры я ня веру", "Пракопава трэба адхіліць", "Скачкову зноў адмазалі".

Дзе і як адпачываюць беларускія чыноўнікі - высьвятляла "Комсомольская правда" в Белоруссии". Дэпутат Віктар Кучынскі аказаўся на дзіва скрытным, сказаў, што адпачынак - справа глыбока асабістая. Міністар культуры Леанід Гуляка ў адпачынку будзе працягваць працаваць - то Дзень незалежнасьці, то "Славянскі базар", то сьвята гораду. Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў адпачынак дзеліць на дзьве часткі і папраўляе здароўе двойчы ў год у санаторыі "Баравое". Вольга Абрамава адпачывае на Чорным моры, у горадзе Ачакаве. А вось старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына другі раз зьбіраецца ў Турцыю. Лідзія Міхайлаўна абураецца: Эўропа для яе зачыненая, нават у Юрмалу ня можа зьездзіць. Ярмошына лічыць, што гэта абмежаваньне яе свабоды, піша "Камсамолка".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG