Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біржы ў Беларусі: ці надыйдзе для іх спрыяльны час?


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску прызначаны таргі на Беларускай універсальнай таварнай біржы. Тут, як вынікае з абвесткі яе кіраўніцтва, адбудзецца купля-продаж драўніны. Якія нацыянальныя адметнасьці мае ў Беларусі біржавы гандаль?

Пра Беларускую унівэрсальную таварную біржу калі не бальшыня беларусаў, то вельмі многія зь іх ня чулі. Гэтая структура робіць першыя крокі. Першыя таргі адбыліся ўсяго крыху больш месяца таму – 2 чэрвеня. Фактычна толькі летась было заяўлена пра стварэньне біржы. Адбылося гэта па ініцыятыве ўраду і са згоды Аляксандра Лукашэнкі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, біржа была створана дзеля ўдасканаленьня мэханізму дзяржаўнага рэгуляваньня ў сфэры унутранага і зьнешняга гандлю і разьвіцьця арганізаванага аптовага рынку тавараў. Вось што зазначыла на гэты конт афіцыйная прадстаўніца біржы Сьвятлана Расянчук:

(Расянчук: ) “Гандляры і пакупнікі дамаўляліся паміж сабою. Што гэта быў за парадак?! А біржавы гандаль распаўсюджаны ва ўсім сьвеце, таму няма нічога дзіўнага ў тым, што і мы прыйшлі да яго. Навошта нам кола выдумляць? Мы таксама патроху, паціху, але прыйшлі да біржы”.

Паводле гістарычных зьвестак, першая біржа на Беларусі ўзьнікла ў 1908 годзе. Называлася яна Менскай лясной біржай. Праз некалькі гадоў рэгіянальная біржа ўзьнікла і ў Віцебску. Але затым яны зьніклі, бо, вядома, пры Савецкай уладзе зь яе плянавай эканомікай біржы як рынкавыя структуры не маглі існаваць. Пасьля распаду СССР і ўтварэньня незалежнай Беларусі біржы тут зьявіліся зноў. Прыгадвае вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “У пачатку 90-х гадоў было больш як 25 структур. І гандлявалі яны чым прыйдзецца. Тавары, якімі яны гандлявалі, гэта былі збожжа, бульба, цукар і гэтак далей. Інакш кажучы, харчовыя тавары. Была біржа, на якой гандлявалі таварамі хімічнай прамысловасьці, нафтапрадуктамі, каштоўнымі паперамі. Была нават такая біржа як нізкая біржа новых тэхналёгій. Многія тавары не былі біржавымі таварамі. І таму гэтыя біржы трансфармаваліся ў так званыя гандлёвыя дамы. Быў, напрыклад, такі Магілёўскі гандлёвы дом па гандлі прадуктамі харчаваньня. Такая трансфармацыя тады ў Беларусі пачалася–гэта недзе ў 92-93 годзе”.

Паводле спецыялістаў, біржавы рух у Беларусі пачатку 90-х гадоў быў стыхійным. Шмат хто са стваральнікаў бірж быў недасьведчаным у гэтай справе і ствараў біржу пад нейкі тавар, які ў цывілізаваных краінах рэалізуецца праз гандлёвыя крамы. Відавочна, на “нябіржавыя” тавары не было пакупнікоў і некаторыя біржы як рынкавыя структуры прыходзілі ў заняпад. З другога боку, ў станаўленьні біржаў як элемэнтаў цывілізаванага рынку не быў зацікаўлены тагачасны дырэктарат дзяржаўных прадпрыемстваў. Яны стваралі дробныя фірмы і празь іх рэалізоўвалі тавары, а грошы клалі ў свае кішэні. Было таксама шмат чыноўнікаў, якія супрацьдзейнічалі разьвіцьцю біржавога гандлю. Таму біржы былі, напрыклад, пад моцным падатковым прэсам. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі наагул пачаўся моцны прэсінг на прыватны сэктар і ўрэшце рэшт амаль на дзесяцігодзьдзе біржавы рух у Беларусі спыніўся.

Ці можна чакаць, што гэты рух адновіцца з пачаткам дзейнасьці Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы? З аднаго боку, спецыялісты выказваюць аптымізм наконт пэрспэктываў у Беларусі біржавага гандлю, паколькі, маўляў, гэтая ініцыятыва палягае ў рэчышчы ўсясьветнаэканамічных тэндэнцыяў. З другога боку, мае месца і вялікі пэсімізм на гэты конт, паколькі ў Беларусі нізкі ўзровень эканамічнай свабоды. Цяперашняя біржа, паводле рашэньня ўраду, мусіць гандляваць лесам і мэталам. Аднак, досьвед першых таргоў сьведчыць, што ахвотнікаў браць удзел у іх вельмі мала. Як зазначаюць дзелавыя асобы, створаныя дзяржавай ўмовы біржавога гандлю, нявыгадныя. Вось што мяркуе наконт цяперашняга “клімату” для біржавага гандлю эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “Як і на пачатку 90-х гадоў, застаецца вялікі дзяржаўны сэктар і моцнае дзяржаўнае рэгуляваньне эканомікі. Ну які можа быць біржавы гандаль харчовымі таварамі, калі калгасы і саўгасы павіны прадаць дзяржаве адміністратыўна ўстаноўлены аб’ём тавараў. Які можа быць біржавы гандаль, калі яны маюць права на свабодны продаж мяса, малака, гародніны і гэтак далей, толькі пасьля таго, як яны вызначаныя аб’ёмы паставяць дзяржаве. А таксама застаецца вялікі сэктар прамысловасьці дзяржаўнай, і такая ж бюракратыя, і тыя ж дырэктары, якія “нешта” могуць мець праз нябіржавы гандаль”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG