Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці бясьпечна купацца ў беларускіх рэках і азёрах?


Галіна Абакунчык, Менск. У Беларусі другі тыдзень працягвае трымацца сьпякотнае надвор”е. Днём тэмпэратура паветра дасягае 30 градусаў цяпла. Адначасна санітарныя службы абвясьцілі забароненымі для купаньня шэраг рэкаў і азёраў краіны з прычыны неадпаведнасьці стану вады гігіенічным нормам. Як мяняецца гэтае становішча? Дзе нельга купацца сёньня й ці зьмяньшаецца колькасьць такіх месцаў?

Як паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены й эпідэміялёгіі, маніторынг падкантрольных водных тэрыторыяў яны праводзяць кожны тыдзень. Зь некаторых рэкаў ці азёраў такая забарона здымаецца, але зьяўляюцца новыя й на сёньня такіх 39. Найбольш – у Менскай вобласьці – 14, другое месца трымае Берасьцейская -9, затым Віцебская-8, астанія падзяляюць Гомельская, Гарадзенская й Магілёўская вобласьці. У Менску гэта тры буйныя вадасховішчы: Заслаўскае, Дразды й Камсамольскае возера.

Мэдыкі заяўляюць, што забароны на купаньне у пераважнай бальшыні зьяўляюцца з прычыны памнажэньня ў вадзе кішэчнай палачкі падчас сьпякотнага надвор”я. Гэта, маўляў, натуральная прыродная зьява й іншых сродкаў барацьбы зь ёй, акрамя забароны на купаньне, не існуе –кажа спэцыялістка Рэспубліканскім цэнтры гігіены й эпідэміялёгіі Ірыны Жыўнік”.

Як па-іншаму? Нам рэкі хлоркай засыпаць? Там жывуць водарасьці, там жывуць малюскі й іншыя мікраарганізмы. Што тут можна зрабіць? Нічога. Хочаце купайцеся, хочаце не. Нашая справа папярэдзіць.

Паводле спадарыні Жыўнік, кішэчная палачка можа справакаваць інфэкцыйнае захворваньне, але фатальных наступстваў для арганізму асьцерагацца ня варта. І тым ня меньш, усё больш людзей баяцца адкрытай вады ў межах гораду. Незалежныя адмыслоўцы кажуць, што найвялікшай праблемай ёсьць тое, што чыноўнікі ў адпаведных структурах ці то з прычыны непаваротлівасьці, ці з прычыны дрэннага матэрыяльнага забесьпячэньня, ня робяць аналізу сытуацыі пасьля кожнага летняга сэзону. Таму гэта й паўтараецца год ад году, хоць выйсьце ёсьць – кажа экалягіст Валеры Дранчук.

Я ведаю, што дзесьці яшчэ ў 80-я гады існавала сістэма ачысткі возера Нарач праз так званую арацыю. Гэта значыць. Што ўсе 27 рачулак ці колькі – яны ачышчаліся й гэткім чынам доступ дрэннай вады ў Нарач зьліквідоўвашся. Гэткім чынам трэба рабіць таксама й на кожным возеры.

Акрамя таго, у Рэспубліканскім цэнтры гігіены асабліва падкрэсьліваюць, што яны кантралююць ваду, толькі каля афіцыйна пазначаных пляжаў, якія пераважна знаходзяцца ў межах гарадоў. У той жа час, нават у загарадных вадасховішчах купацца становіцца ўсё больш небясьпечна – кажа спадар Дранчук.

Адзін прадпрымальнік на стаўбцоўшчыне купіў возера – вадасховішча. Зарыбіў яго, а калі вясной з палёў туды пачало сьцякаць, то ўся рыба пагінула. Паглядзіце колькі ў нас гэтых вадасховішчаў? Вадасховішчы – гэта вялікая праблема, якую варта разглядаць на дзяржаўным узроўні. Гэта вялікія лужыны, якія ёсьць у кожным калгасе й называюцца пажарнымі ці як там яшчэ. Там купаюцца дзеці, бо куда ім дзявацца, калі рэчкі зьніклі ў выніку меліярацыі? Я літаральна днямі бачыў, як у такім брудным вадасховішчы з зялёнай вадой купаліся дзеці. Там бруд і чорт ведае што, а яны купаюцца, нырца даюць, гуляюць вакол і гэтак далей. Ну, якія могуць быць наступствы?

У гэтым зьвязку спадар Дранчук раіць дарослым людзям пазьбягаць самім, а таксама сачыць, каб дзеці пазьбягалі так званых мёртвых вадаёмаў і купаліся ў рэчках найдалейшых ад гарадоў і іншых населеных месцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG