Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёшка Фішэр аб сытуацыі ў Беларусі: "Неадкладная праблема"<b/>


Алена Струвэ, Менск Пасьля рэвалюцыяў ва Ўкраіне і Грузіі, зьмены ўлады ў Кіргізстане ў прадстаўнікоў палітычнай эліты ў Бэрліне, Брусэлі і Вашынгтоне раптам зьявілася цікавасьць да новага рэвалюцыйнага колеру – васільковага, перадае нямецкае Deutschlandradio. З гэтае нагоды канал падрыхтаваў вялікую аналітычную перадачу, у якой шырока прадстаўленыя меркаваньні вядомых нямецкіх палітыкаў, дыпляматаў і экспэртаў.

Міністар замежных справаў Нямеччыны Ёшка Фішэр вызначыў палітычную сытуацыю ў Беларусі коратка: "Неадкладная праблема". Сваю зацікаўленасьць у росьце “васількоў у Беларусі” артыкулююць і іншыя палітыкі. Яны цьвяроза разглядаюць асаблівасьці беларускага пытаньня й крытычна ставяцца да сваёй мінулай лініі.

Паводле кіраўніцы рабочай групы ў справах Беларусі ПА АБСЭ Уты Цапф, на працягу 10 год Захад імкнуўся выпрабаваць увесь арсэнал мэтодыкі "Sticks and Carotts" ( "бізуна і перніка"). Як гаворыць Ута Цапф, "маё ўражаньне: пернікаў Лукашэнка есьці ня стаў, а ў нас усе бізуны скончыліся".

За год да чарговых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі Эўропа прадставіла адразу некалькі праектаў новай стратэгіі. На ўзроўні камісара Эўразьвязу Бэніты Фэрэра-Вальднэр было заяўлена пра падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Шэраг эўрапейскіх экспэртаў прэзэнтавалі свае ўласныя праграмы. Адзін з дакумэнтаў, які распрацаваў палітычны фонд Бэртэльсмана, называецца "Асноўныя напрамкі агульнаэўрапейскай стратэгіі". Другі - "Праграма падтрымкі палітычнай альтэрнатывы ў Беларусі". Яе аўтар - былы кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік.

Аўтары абодвух дакумэнтаў заяўляюць пра неабходнасьць "непасрэднага і прамога ўплыву" на прэзыдэнцкія выбары ў 2006 годзе. Яны лічаць, што цяперашнія падыходы да Беларусі неэфэктыўныя, а таму Эўразьвяз мусіць скарэктаваць існуючыя правілы фінансаваньня. Размова ідзе пра стварэньне адмысловага фонду для дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі. Нямецкі дыплямат Ганс-Георг Вік перакананы: "Чалавек ня можа сам сябе выцягнуць з бруду. Яму патрэбная дапамога, бо туды ён трапіў ня сам, а дзякуючы аўтарытарнаму рэжыму".

У якасьці сумы штогадовай эўрапейскай падтрымкі Ганс-Георг Вік называе лічбу - 14,2 мільёнаў эўра ў год. Прычым, пяць мільёнаў зь іх павінны йсьці на фінансаваньне радыёвяшчаньня зь Літвы, Польшчы альбо Украіны. Яшчэ пяць мільёнаў - на фінансаваньне адмысловых тэлепраграмаў з Расеі.

Як перадае Deutschlandradio, апошні момант ёсьць сам па сабе спрэчным, улічваючы актуальны стан дэмакратыі і свабоды СМІ ў Расеі.

Сацыял-дэмакратка Ута Цапф перакананая, што ў беларускім пытаньні эўрапейцам ня трэба спадзявацца на Расею і Пуціна: "Яны хочуць бачыць у Беларусі ляяльную дзяржаву, а ня тую, якая павернецца ў бок НАТО і ЭЗ".

Deutschlandradio прыводзіць таксама і меркаваньне дэпутаткі Эўрапарлямэнту Элізабэт Шродтэр, якая лічыць, што найбольш праблематычным для Беларусі ёсьць стан апазыцыі: "У параўнаньні з іншымі постсавецкімі краінамі, дзе кіравалі аўтакраты, беларуская апазыцыя слабая, разгуртаваная, а таму не зьяўляецца прывабнай для арыентаваных на перамены людзей", - гаворыць дэпутатка.

Як вынікае з перадачы Deutschlandradio, стратэгічна эўрапейцы зьбіраюцца рабіць стаўку ня толькі на апазыцыйныя партыі, але і на шырокі спэктар сацыяльнай і палітычнай апазыцыі ў Беларусі – моладзь, жаночыя аб’яднаньні, прафсаюзы, прадпрымальнікі, студэнцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG