Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм “Божа мой” атрымаў першую прэмію ў Карлавых Варах


Галіна Абакунчык, Менск Дакумэнтальны фільм беларускай рэжысэркі Галіны Адамовіч “Божа мой” атрымаў першую прэмію на міжнародным кінафэстывалі ў чэскім горадзе Карлавы Вары. У конкурснай праграме таксама была паказаная кінастужка дакумэнталіста Андрэя Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі.”, забароненая для паказу ў Беларусі.

Фэстываль у Карлавых Варах зьяўляецца адным з найбуйнейшых і прэстыжных міжнародных кінафорумаў. Сёлета для ўдзелу ў конкурсе былі дапушчаныя кінаработы шасьці краінаў сьвету: Беларусі, Украіны, Латвіі, Польшчы, Францыі й Гішпаніі.

“Божа мой” – гэта 20-хвілінная дакумэнтальная кінастужка пра жыхарку беларуска-літоўскага памежжа й ейную сям’ю. Гэтая жанчына – літоўка паводле нацыянальнасьці й беларуска паводле месца жыхарства. Яна самадзейная майстрыца, якая вырабляе капліцы й іншыя атрыбуты хрысьціянскай царквы, мае нежанатага сына й трымае карову. Сам паказ фільма “Божа мой” у фэстывалі ў Карлавых Варах прэстыжны, бо, каб туды патрапіць, усе конкурсныя работы праходзяць адмысловы адбор. А перамога - сур’ёзная заяўка беларускага кіно на міжнароднай арэне – кажа аўтарка Галіна Адамовіч.

(Адамовіч: ) “З аднаго боку зараз Беларусь – гэта новая краіна на кінэматаграфічнай карце. А зь іншага – кіно было добрае”.

Гаварыла аўтарка фільма Галіна Адамовіч. Раней фільм “Божа мой” быў пераможцам на міжнародным кінафоруме ў польскім Любліне, на расейскім фэстывалі “Залаты Віцязь” і на міжнародным фэстывалі каталіцкага кіно "Magnificat" у Беларусі. Але, паводле спадарыні Адамовіч, гэта ніяк не ўплывае на дыялёг паміж кінамастакамі й беларускімі чыноўнікамі, якія ня дужа клапоцяцца пра разьвіцьцё беларускага кінэматографу Аднак гэтая акалічнасьць ня ёсьць перашкодай для таленавітых майстроў – кажа рэжысэр-дакумэнталіст Віктар Корзун.

(Корзун: ) “У нашай сытуацыі для творчых людзей ёсьць шмат тэмаў і шмат фактуры, але не спрыяльныя ўмовы з гледжаньня эканамічных і ідэалягічных прычынаў. І калі людзі ўсё ж такі нешта робяць, то яны робяць максымальна якасна, бо тут не камэрцыйны інтарэс працуе. Талент – ён ня хоча мірыцца з усімі гэтымі ўмовамі. І калі нейкія мастацкія работы зьяўляюцца, дык яны зьяўляюцца якаснымі не дзякуючы, а насуперак сёньняшняй сытуацыі”.

Паводле спадара Корзуна, у беларускага кінэматографа багаты патэнцыял, які яшчэ будзе раскрыты. Нагадаю, што дакумэнтальны фільм Віктара Корзуна пра Васіля Быкава “Вяртаньне” па-ранейшаму застаецца забароненым у Беларусі, але быў паказаны па тэлебачаньні ў Літве, а таксама ў Польшчы і ва Ўкраіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG