Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскай міліцыі не выключаюць, што будзе звольнены амонавец, які ўдарыў Сьвятлану Завадзкую


Алег Грузьдзіловіч, Менск Гэтак будзе, калі дакажуць, што ён дзейнічаў неправамоцна. Аднак у міліцыі адмаўляюцца назваць імя гэтага амонаўца. Тым часам у пракуратуры Менску яшчэ не пачалі праверку скаргі, зь якой зьвярнулася Сьвятлана Завадзкая. ( Відэафрагмэнт здарэньня, паказаны каналам ОРТ 8 ліпеня --> http://www.1tv.ru/owa/win/ort6_videopage.main?sender=news&p_topic_id=78984&p_video_num=1&counter1_href=287212&counter2_href=id=268366;t=56 )

“Калі будзе даказана, што наш супрацоўнік дзейнічаў неправамоцна, яго пакараюць. Прынамсі, мяркую, звольняць са службы”. Пра гэта Радыё Свабода заявіў кіраўнік прэсавай службы менскай міліцыі Алег Сьлепчанка. Аднак міліцыянт працягвае настойваць на тым, што Сьвятлана Завадзкая першая напала на амонаўца.

(Сьлепчанка: ) “У мяне стужкі — і ОРТ і нашая службовая. Я там і там гляджу, і нават на стужцы ОРТ відаць, што спачатку яна зрывае барэт з бліжняга амонаўца, кідае яму ў твар, а потым спрабуе ўдарыць таго амонаўца. За сьпінай дрэнна відаць, але потым ён казаў, што яна ўсё ж яго дастала рукой у твар. І тады ён, адмахваючыся, патрапіў ёй у твар”.

Алег Сьлепчанка не паведаміў імя амонаўца, які ўдарыў Завадзкую, але прызнаў, што той служыць у гарадзкім АМОНе Менску. На просьбу дапамагчы сустрэцца з гэтым чалавекам для інтэрвію Алег Сьлепчанка адказаў, што дакладзе пра гэта свайму кіраўніцтву.

З 8 ліпеня ў пракуратуры Менску знаходзіцца скарга Сьвятланы Завадзкай на незаконныя дзеяньні менскай міліцыі. Жанчына патрабуе завесьці крымінальную справу супраць амонаўца, які ўдарыў яе ў твар. Я патэлефанаваў у менскую гарадзкую пракуратуру і запытаў пра лёс скаргі Сьвятланы Завадзкай. Супрацоўнік пракуратуры сказаў, што яму невядома пра пачатак праверкі, і выказаў меркаваньне, што цягам дзесяці дзён Завадзкая атрымае адказ.

Адвакат Сьвятланы Завадзкай Гары Паганяйла кажа, што могуць быць тры варыянты адказу.

(Паганяйла: ) “Ці задаволяць, ці адмовяць, ці працягнуць праверку на тэрмін, большы за дзесяць дзён. Але, мяркую, адмовяць. Як заўсёды”.

Тым часам Сьвятлана Завадзкая рыхтуе зварот ў беларуска-расейскую камісію ў складзе Савету правоў чалавека пры прэзыдэнту Расеі. У гэтай справе яе кансультуе вядомы расейскі журналіст Павал Шарамет, які працаваў са Зьмітром Завадзкім. Сьвятлана Завадзкая кажа.

(Завадзкая: ) “ Ён уваходзіць у гэтую камісію, і я выказала меркаваньне, што хацела б туды зьвярнуцца. Ён сказаў, што гэта магчыма, і яны будуць думаць, што можна зрабіць у маёй сытуацыі”.

Сьвятлана Завадзкая пацярпела 7 ліпеня, падчас ланцугу неабыякавых людзей, які быў прымеркаваны да 5-й гадавіны зьнікненьня яе мужа, Зьмітра Завадзкага. Амонаўцы выціскалі людзей з Кастрычніцкай плошчы, і адзін зь міліцыянтаў ударыў Сьвятлану Завадзкую ў твар. Пазьней мэдыкі засьведчылі, што яе ўдарылі. ОРТ неаднаразова паказвала гэты інцыдэнт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG