Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея рыхтуюць пагадненьне, якое урэгулюе выплаты пэнсіяў жыхарам абедзьвюх краінаў


Юлія Шарова, Менск Беларусь і Расея рыхтуюць міжурадавае пагадненьне, якое урэгулюе праблему выплаты пэнсіяў жыхарам абедзьвюх краінаў, якія зьмянілі грамадзянства. Гаворка ідзе пра мігрантаў з Расеі ў Беларусь ды наадварот. Мяркуецца прыбраць бюракратычныя перашкоды, з-за якіх людзі, мяняючы грамадзянства, працяглы час ня могуць атрымаць грошы.

Са словаў прэсавай сакратаркі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіны Трафіменкі, праблема выплаты пэнсіяў былым грамадзянам іншых краінаў, якія прыяжджаюць сюды на сталае жыхарства, для Беларусі дастаткова актуальная. Прычым тычыцца гэта ня толькі Расеі. Сюды перабіраецца шмат людзей з Украіны, краінаў Балтыі, Казахстану, Малдовы і некаторых іншых былых савецкіх рэспублік. Беларусь вабіць менавіта пэнсыянэраў, якія маюць тут сваякоў. Але не заўсёды ладна вырашаецца пытаньне з выплатай пэнсіяў, заробленых у іншых дзяржавах. Так атрымалася й з Расеяй, кажа Галіна Трафіменка.

(Трафіменка:) Папярэдне нейкая дамоўленасьць была, але пачала даваць збоі. Калі мы прымаем расейцаў і літаральна празь месяц яны ўжо атрымліваюць від на жыхарства й атрымліваюць пэнсію, то ў Расеі сытуацыя вельмі складаная. Год, паўтара года нашыя людзі, калі пераяжджаюць, ня могуць празь бюракратычныя ўсялякія перашкоды атрымаць пэнсію.

Цікава, што праблемы ўзьнікаюць менавіта з Расеяй, нягледзячы на дэклярацыі пра “саюзную дзяржаву”. З Украінай, кажа спадарыня Трафіменка, гэтыя пытаньні вырашаныя, у наступным годзе адпаведнае пагадненьне залучаць і з Латвіяй.

Гаворка вядзецца пра тое, каб залучыць пагадненьне, згодна зь якім расейскія сацыяльныя службы будуць абавязаныя амаль адразу ж пасьля пераезду былых беларускіх грамадзянаў на жыхарства ў іхную краіну, выплачваць ім грошы, пераведзеныя зь Беларусі. Сацыяльныя й працоўныя пэнсіі проста канвэртуюцца ў валюту той краіны, дзе цяпер жыве атрымальнік, кажа Галіна Трафіменка.

(Трафіменка:) Гэта ня будзе дадатковай нагрузкай. Канечне, можа быць у маральным аспэкце так падаецца, што нашыя пэнсыянэры будуць цярпець, якія тут усё жыцьцё жылі. Нічога такога. Бо толькі тыя грошы, якія Расея пералічвае сюды, ён атрымлівае.

Адметна, што пэнсыянэры, якія прыяжджаюць у Беларусь з Расеі ці Ўкраіны, тут пачуваюцца выгодней: расейскія й украінскія сацыяльныя службы могуць затрымліваць выплату пэнсіяў унутры краіны. Пры гэтым міжурадавыя пагадненьні абавязваюць іх пералічаць грошы на былых грамадзянаў, што зьехалі за мяжу, найперш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG