Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізстан: ці будуць выбары свабодныя й сумленныя?


Юрась Бушлякоў, Прага У нядзелю, 10 ліпеня, у Кіргізстане пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Адназначны лідэр выбарчай кампаніі – выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Курманбэк Бакіеў. Мала хто сумняецца ў перамозе Бакіева, аднак па-ранейшаму людзі як у самім Кіргізстане, так і за яго межамі задаюцца пытаньнем, ці будуць нядзельныя выбары свабоднымі й сумленнымі.

Кіргіскія ўлады запэўніваюць, што нядзельныя выбары будуць свабодныя й празрыстыя. Паводле кіргіскага Цэнтравыбаркаму, за ходам галасаваньня зьехаліся сачыць каля 1000 назіральнікаў. Асьвятляць выбары ў Кіргізстан прыбылі звыш 250 замежных журналістаў.

Як ацэньваецца сытуацыя ў Кіргізстане – гледзячы зь Бішкеку?

Амурбэк Абдрахманаў – знаны кіргіскі бізнэсовец і палітык. Сам сябе ён называе “празаходнім лібэралам”.

(Абдрахманаў: ) “Ніякіх асаблівых – я кажу, асаблівых – рознагалосьсяў няма. Адзін з кандыдатаў – цяжкавагавік – выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Бакіеў. І, з другога боку, зусім малазначныя для грамадзтва людзі. Таму палітычнага напружаньня сёньня няма”.

Былы міністар замежных справаў Кіргізстану Ішэнбай Абдразакаў, камэнтуючы сытуацыю, зазначае, што часовы ўрад на чале з Бакіевым мае ў грамадзтве дастатковы крэдыт даверу.

(Абдразакаў: ) “Шмат якія выбарнікі, мяркуючы, што вынік барацьбы ужо прадвызначаны, могуць і не прыйсьці. І тут яшчэ другое сумненьне: наколькі сумленна будуць падводзіць вынікі галасаваньня. Але ў цэлым, я думаю, яны зробяць усё, каб аб’явіць, што выбары адбыліся”.

Ці можа незадаволенасьць пэўных групаў кіргіскага грамадзтва вынікамі нядзельнага галасаваньня прывесьці да масавых пратэстаў?

Пасьля адхіленьня Аскара Акаева ад улады ў сёлетнім сакавіку паасобныя палітыкі ў Кіргізстане ўжо спрабавалі скарыстаць “вуліцу”. 17 чэрвеня некалькі сотняў дэманстрантаў, пратэстуючы супраць зьняцьця з выбарчай кампаніі аднаго з кандыдатаў, штурмавалі ўрадавы комплекс у Бішкеку. Сіламі АМОНу той пратэст быў здушаны.

Цяпер як у сталіцы, так і ў рэгіёнах спакойна. Майкл Гол, дырэктар цэнтральнаазіяцкага праекту Міжнароднай крызіснай групы, не выключае, аднак, новых канфліктаў.

(Гол: ) “Цяжка сказаць, ці будуць дэманстрацыі. На маю думку, канфлікт, на жаль, усё ж магчымы. Мы ўжо бачылі дэманстрацыі ў часе выбарчай кампаніі, і, як мне здаецца, бачылі, што палітыкі ўсё больш а больш хочуць вынесьці сваю палеміку на вуліцы. Я думаю, пасьля выбараў, калі ўлады паспрабуюць устанавіць большы кантроль, а іншыя палітычныя сілы паспрабуюць трапіць ва ўладнае асяродзьдзе, мы можам стаць сьведкамі пэўных хваляваньняў”.

Напярэдадні галасаваньня кіргіская паліцыя ўзмацніла меры бясьпекі. “Праваахоўчыя органы будуць спыняць усякія спробы арганізацыі незаконных масавых акцыяў”, – адзначыў прэсавы сакратар Міністэрства ўнутраных справаў Кіргізстану.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG