Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі пра тэракты ў Лёндане


Ганна Соусь, Менск На просьбу Радыё Свабода свае меркаваньні пра тэрарыстычныя акты ў Лёндане выказваюць старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі Мікола Статкевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Анатоль Красуцкі і палітоляг Іван Пашкевіч.

Адзін зь лідэраў беларускага сацыял-дэмакратычнага руху Мікола Статкевіч мяркуе, што цяпер спраўджваецца прагноз аб вайне цывілізацый.

(Статкевіч: ) “Па сутнасьці, мы бачым праяву гэтай вайны ў Лёндане, дзе тэрарызм (ісламскі тэрарызм, ісламскі радыкалізм) працягвае сваю вайну нават на зямлі, якая была дастаткова гуманная для прадстаўнікоў гэтай канфэсіі. Безумоўна, беларускія сацыял-дэмакраты выказваюць свае спачуваньні ангельскаму народу. Мы лічым, што такім дзеяньням няма ніякіх апраўданьняў — ні ідэалягічных, ні рэлігійных, ні маральных”.

Свае спачуваньні народу Вялікабрытаніі выказалі сёньня і прадстаўнікі Партыі БНФ. Гаворыць яе лідэр Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Мы накіравалі спачуваньні лідэру Кансэрватыўнай партыі Майклу Гаварду. Сёньня Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні партыі, прыйдзе ў амбасаду і расьпішацца ў кнізе спачуваньняў. Я думаю, што ўсе народы, усе людзі, якія пачуваюцца належнымі да эўраатлянтычнай цывілізацыі, для якіх словы “свабода” і “дэмакратыя” — не пустыя, павінны разумець, што гэта атака менавіта на эўраатлянтычныя каштоўнасьці, на свабоду і дэмакратыю”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі назваў тэракты ў Лёндане вельмі сумнай падзеяй, якая сьведчыць пра тое, што тэрарызм разьвіваецца ва ўсім сьвеце. І гэта невыпадкова, лічыць Анатоль Красуцкі:

(Красуцкі: ) “Гэта зьвязана найперш з правядзеньнем саміту “васьмёркі”. Я ня думаю, што гэта адначасова зьвязана і з абраньнем Лёндану месцам правядзеньня Алімпійскіх гульняў. Асноўная мэта абсалютна зразумелая — гэта пытаньні, зьвязаныя з уварваньнем у Ірак, і, безумоўна, усе гэтыя падзеі сьведчаць пра тое, што тэракты будуць працягвацца да таго часу, пакуль войскі будуць знаходзіцца ў Іраку. Сумна тое, што хутчэй за ўсё, ніхто ня вывядзе сваіх войскаў з Іраку, а значыць, тэракты будуць працягвацца”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня палітоляг Іван Пашкевіч назваў тэракы ў брытанскай сталіцы барбарствам. Паводле апошніх зьвестак, у выніку чатырох тэрактаў загінулі 37 чалавек і каля 700 былі параненыя.

(Пашкевіч: ) “Канечне, ёсьць людзі, якія ня згодныя з урадавай палітыкай ці іншымі палітычнымі коламі. Але вырашаць пытаньні, дэманстраваць сваю нязгоду такімі мэтадамі, калі гінуць людзі — гэта фашызм у чыстым выглядзе”.

Учора кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выказаў спачуваньні Каралеве Вялікабрытаніі Элізабэце ІІ і родным і блізкім загінулых у выніку тэрактаў у Лёндане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG