Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэмінізацыя наркаманіі ў Беларусі расьце


Сьвятлана Курс, Менск Прыкладна кожны дзясяты наркаспажывец у Беларусі – жанчына. Нарколягі цьвердзяць, што сытуацыя з наркатызацыяй жанчын у Беларусі значна больш аптымістычная за расейскую, але жаночая наркаманія працягвае расьці. Хто яны, беларускія наркаманкі?

Тыповыя беларускія наркаспажывальніцы – дзяўчаты-тынэйджэркі, жонкі й сяброўкі наркаспажывальнікаў ды жанчыны сэкс-бізнэсу. Потым маладыя дзяўчаты, якія ўцягваюцца ў наркаманію, вымушаныя здабываць дозы з дапамогаю сэкс-паслугаў. Гаворыць міліцыянт з Барысава, які ачольвае тамтэйшы аддзел па барацьбе са злачынствамі ў сфэры нораваў і зваротам наркотыкаў.

(Міліцыянт:) “Самае крыўднае, калі прыяжджаеш у прытон – а там група абколатых 16-гадовых дзяўчат і наркаман са стажам. “Я іх не калоў”. Потым дзяўчаты пачынаюць самі зарабляць грошы – у мяне некалькі такіх прыкладаў – раней дзяўчаты былі настаўніцамі. У Жодзіне была сетка па прадастаўленьні дзяўчатамі сэксуальных паслугаў. Паступалі званкі ў гатэль, і калі прыежджыя пагаджаліся замовіць дзяўчат, прыяжджалі на выбар да 20 мясцовых жыхарак – жодзінскія, барысаўскія, смалявіцкія”.

У Беларусі выяўленыя блізу тысячы наркаспажывальніц. Колькасьць лятэнтных можна множыць на 10. Узровень жаночай наркаманіі ў Беларусі адпавядае агульнаэўрапейскаму – на 10 –13 наркаспажыўцоў-мужчын прыпадае адна жанчына. У Расеі ж адна наркаспажывальніца прыпадае на 5-6 наркаспажыўцоў. У жанчын хутчэй, чым у мужчын, зьяўляецца псыхалягічная і фізычная залежнасьць ад наркотыкаў і алькаголю, яны цяжэй пераносяць ломку. Прывыканьне жанчын да наркотыкаў адбываецца ў 10-15 разоў хутчэй, чым у мужчын. У жанчын опійная наркаманія ўзьнікае пасьля трэцяга-пятага ўколу, эфэдрынавая – пасьля другога-трэцяга, гераінавая – пасьля першага-другога.

Жанчыны радзей здабываюць дозу з дапамогай рабаваньня ды іншых гвалтоўных злачынстваў, затое часьцей расплочваюцца за наркотыкі сэксуальнымі паслугамі.

Наталя Жыркевіч, каардынатарка праекту Асацыяцыі Клюбаў UNESCO па вывучэньні ўцягнутасьці жанчын у сэкс-бізнэс, сьцьвярджае, што сярод іх да 5% – наркаспажывальніцы.

Паводле дасьледаваньняў ААН, 80% наркаспажывальніцаў першы кантакт з наркотыкамі мелі з рук альбо пад ціскам мужчыны – каханка, мужа або сябра.

Групка прыгожых дзяўчат у Барысаўскім сквэрыку паляць і п’юць піва. Скардзяцца на сум, адсутнасьць нармальных дачыненьняў з хлопцамі і наркаманію.

(Алена:) “Гэта цяпер настолькі распаўсюджана, дарослыя і не падазраюць, столькі ўжывае моладзь усяго-ўсяго!”

(Іра:) “Пакурыць траўку, амфэтамінчыкам пацешыцца – клас! З чаго гэта пачынаецца? Ну, павыпендрывацца і ўсё такое”.

(Каця:) “Дзяўчаты стаяць на вуліцы нашага гораду, мараць пазнаёміцца з хлапцамі. Хлапцы мараць зьняць дзяўчыну на адзін вечар. Многія развучыліся зносіцца”.

Славуты пецярбурскі нарколяг Уладзімер Саўчанкаў сьцьвярджае, што часта першапрычына жаночай наркаманіі – сум і цікаўнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG