Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ражанка Шчучынскага раёну (з фотагалерэяй)


Ягор Маёрчык, Ражанка, Шчучынскі раён, Гарадзеншчына (эфір 6 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Надвячоркам двойчы на тыдзень ля касьцёлу зьбіраюцца людзі. Хто прыходзіць з суседняй вуліцы, а хто дабіраецца зь вёсак за некалькі дзясяткаў кілямэтраў. Міжсобку яны вітаюцца без асаблівых эмоцыяў. Людзі заходзяць ў сутарэньне і надзейна зачыняюць за сабой дзьверы.



Гэта выглядае на паседжаньне тайнага таварыства, але насамрэч гэта заняткі тутэйшага клюбу ананімных алькаголікаў. Факту існаваньня такой суполкі дзівяцца толькі вандроўнікі. А для тутэйшага насельніцтва за чатыры гады яна стала звыклаю зьявай. Вось што паведаміў дзед Генрык, якога я напаткаў на адной з вуліцаў мястэчка:

(Генрык: ) “Алькаголікі сюды прыяжджаюць і займаюцца кожную сераду”.

(Карэспандэнт: ) “Шмат людзей займаецца?”

(Генрык: ) “Блізу дзесяці. Гэта тыя, якія ніяк ужо ня могуць устрымацца”.

Ад вяскоўцаў вы пачуеце безьліч вэрсіяў таго, што хаваюць выпівохі ад пабочных вачэй. З сур’ёзнай інтанацыяй у голасе вам распавядуць, што сябры суполкі моляцца і нават чытаюць замовы ад гарэлкі.

Ксяндза на месцы не засьпеў. Плябань была зачыненая, а ў касьцёле нікога зь ягоных памагатых не аказалася. Я заходжу ў бліжэйшую хату. Мяне сустракаюць дзед Болек і ягоная жонка, якая адмовілася назвацца.

(Карэспандэнт: ) “Распавялі такое, што ў вас тут пры касьцёле ксёндз апякуецца клюбам алькаголікаў”.

(Спадарыня: ) “Яны цяпер ужо самі зьбіраюцца. Раней за імі нейкі лекар даглядаў, а цяпер ужо самастойна”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе яны зьбіраюцца?”

(Спадарыня: ) “Тут у сутарэньнях плябані”.

(Карэспандэнт: ) “І як часта?”

(Спадарыня: ) “У сераду і ў нядзелю”.

(Карэспандэнт: ) “А ім гэта дапамагае?”

(Спадарыня: ) “А мы ня ўмешваемся”.

(Болек: ) “Яны ў нас на гарбату часта ваду ў студні бяруць. Я ў аднаго запытаўся, як яно? Кажа, што нармальна. Кажа, што будзе хадзіць далей. Я яшчэ запытаўся, колькі вы хадзіць будзеце? “Стала. Ня тое, што месяц-два-тры, а цэлымі гадамі”.

Заняткі ў групе адбываюцца паводле мэтоды “12 крокаў і 12 традыцыяў”. Схема, распрацаваная ў ЗША, добра прыжылася ў Шчучынскім раёне Гарадзеншчыны. Паданьне кажа, што аднойчы два тутэйшыя алькаголікі прыйшлі да ксяндза па дапамогу. Спадарству карцела раз і назаўсёды завязаць з гарэлкай. Сьвятар і прапанаваў мэтоду лекаваньня. Першы час ён апекаваўся групай, а пазьней пацыенты пачалі самастойна арганізоўваць сустрэчы.

Сябрам суполкі распаўсюджваць інфармацыю пра сваіх калегаў-алькаголікаў забаронена. Аднак сярод дзьвюх тысяч насельнікаў Ражанкі схаваць прыналежнасьць да групы мала каму ўдаецца. Мне параілі зьвярнуцца да спадарыні, якую мы назавем Раяй.

(Раіса: ) “Нашая група існуе на ўласныя сродкі. Мы п’ём гарбату, каву, ямо пернікі. Дзелімся сваім досьведам: як я пачала піць, чаго я п’ю, як мне выйсьці з гэтага становішча. Мне ніхто ня можа дапамагчы, нават лекары. А гэтая група мне дапамагае. Я падзялілася сваім досьведам, іншы чалавек — сваім. І з усіх аповедаў мы бярэм нешта для сябе, што нам дапаможа ў гэтай справе. Ёсьць такія рэчы, якімі і не магу падзяліцца з калегай па працы, ці з вамі, бо чалавек, які не залежыць ад гарэлкі, мяне няправільна зразумее. Ён скажа, што нейкая ненармальная распусная баба, якая ня хоча спыніцца. Я вам скажу, што ў вёсцы вельмі шмат становіцца вядома, гэта вам ня горад. А ня кожны чалавек гэта разумее. Калі я пайшла ў групу, значыць, я ўжо кончаная. А ёсьць людзі, якія горшыя за мяне, — ён будзе п’яны ляжаць пад плотам, але мяне папракне, што я пайшла да ананімных алькаголікаў”.

(Карэспандэнт: ) “Часта выпадае чуць такія абвінавачаньні?”

(Раіса: ) “Так. Таму чалавеку хочацца за жывое зачапіць. А ў нас у вёсцы вельмі шмат хворых. Алькагалізм — гэта такая ж хвароба, як і анкалёгія, і інфаркт, ці інсульт. Я ўсьведамляю, што я алькаголік. Але я цьвярозы алькаголік, які выздараўлівае. У мяне як муж памёр, пачалася гарэлка, пачаліся гулянкі з чужымі мужчынамі, а дзе чужыя мужчыны, там ізноў гарэлка. Дайшло да таго, што я ўжо не магла без гарэлкі жыць. І нічога мне не дапамагала, пакуль мяне ў шпіталі не адкачалі. У мяне было безвыходнае становішча, і тады я пайшла ў групу”.

Са спадарыняй мы разьвітваемся ўзаемнымі пажаданьнямі. Я зычыў пасьпяховага выбаўленьня ад алькагалізму, а яна засьцерагала мяне ад пасткі пад назовам “гарэлка”. Выключна станоўчае ўражаньне ад сустрэчы з Раяй пратрымалася роўна да наступнага інтэрвію. Пэнсіянэрка, якая прадставілася Станіславаўнай, падзялілася акалічнасьцямі чужога, Раінага, жыцьця.

(Станіславаўна: ) “Яна была тры разы кадаваная. Нехта ёй падказаў, і яна пачала хадзіць у групу. Яна іншага мужыка ўзяла і цяпер самагонкай гандлюе. Сама лячыцца ходзіць, а людзей спойвае!”

(Карэспандэнт: ) “Яна адначасна ходзіць у клюб ананімных алькаголікаў і гандлюе самагонам?”

(Станіславаўна: ) “Гандлюе так, што толькі пыл ідзе. Па 3—4 бітоны прадае. Там у яе хата ніколі не закрываецца. Цяпер у нас вельмі шмат п’юць. І што гэта такое здарылася? Мабыць ад таго, што ўсяго не хапае. Джыкне чалавек гэтую бутэльку, дый д’ябла з гэтымі праблемамі. У галаве закруціцца, ён пасьпіць — і ўсё пройдзе. Мой меншы сын таксама аматар выпіць”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму вы яго ня можаце ўладкаваць у гэты клюб алькаголікаў?”

(Станіславаўна: ) “Яго там ня вылечаць! Я ў гэта ня веру! Для гэтага патрэбны моцны дух”.

(Карэспандэнт: ) “А вы яму прапаноўвалі? Што ён кажа?”

(Станіславаўна: ) “Кажа: “Каб зь мяне сьмяяліся, што я туды пайшоў?!”

У пасялковым савеце маім пытаньням пра групу ананімных алькаголікаў не зьдзівіліся. Тут жа падкрэсьлілі, што клюб зьяўляецца прыватнай ініцыятывай выпівохаў, і ўлада ніякага дачыненьня да яго ня мае. Пры ўсім гэтым дзейнасьць суполкі вітаецца. У сваім справаздачах чыноўнікі пішуць, што ўжо некалькі год побытавая злачыннасьць ў Ражанцы няспынна скарачаецца. Праўда, тое, што прычынаю гэтаму ёсьць зьмяншэньне колькасьці алькаголікаў, у паперах не зафіксавана.



Пры мікрафоне адна з супрацоўнікаў пассавету:

(Спадарыня: ) “Пассавет ухваляе гэтыя дзеяньні. Але прымусіць людзей хадзіць туды мы ня можам”.

(Карэспандэнт: ) “А вы б загітавалі алькаголікаў...”

(Спадарыня: ) “Як ён сам ня хоча, то ніхто не прымусіць. Дзе каго п’янага знойдзем, мы штрафуем, а людзі туды ўсё адно не ідуць. Прымусіць каго хадзіць не дасі рады”.

Ражанка — гэта цэнтар экспэрымэнтальнай базы “Шчучын”. Экспэрымэнтуюць тут у галіне сельскай гаспадаркі. У савецкі час рабілі гэта з такім посьпехам, што слава базы грымела на ўвесь Савецкі Саюз.



Што да цяперашняга стану, варта прыгадаць размову зь дзедам Генрыкам:

(Генрык: ) “У якім яна стане? О-о-о! Гэта ня база, а страта. Няма тут кіраўніцтва, і няма ніякае ўлады. Ды якая там ўлада?! Як хто зрабіў, так і будзе. Ну во, неяк пасеялі”.

(Карэспандэнт: ) “А хоць пажнуць?”

(Генрык: ) “Ну, можа пажнуць. Яшчэ троху камбайнаў засталося”.

Заробкі на базе ня тое што да абяцаных Аляксандрам Лукашэнкам ста даляраў, да ста тысяч рублёў не заўсёды дацягваюць. А тут яшчэ і з выплатамі экспэрымэнтуюць. Апошнія некалькі месяцаў разьлічваюцца натурпрадуктам: мукою і цукрам.



У адной з дыспэтчарскіх я пачуў эмацыйную тэлефонную размову.

(Спадарыня: ) “Марыя, хутчэй забірайце свой цукар! Людзі пачалі па цукар ісьці, а я кажу, што ўжо няма. Мая галава ўжо ня зносіць гэтую дурніцу: каму адмаўляць, а каму цукар выдаваць. Усе ідуць, а цукру толькі 33 мяхі!”

Мехам цукру сям’ю не пракорміш. Яго абмяняюць на харчы альбо прададуць. Жыхары Ражанкі заўважаюць, што калгасьнікі могуць быць галоднымі, але на выпіўку заўсёды знойдуць. Тутэйшыя жыхары лічаць, што будучыня ражанкаўскаму клюбу ананімных алькаголікаў забясьпечаная. Прапанова тут ёсьць, да толькі попыту не хапае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG