КАБУЛ. Прэзыдэнт Аўганістану Хамід Карзай выказаў глыбокую занепакоенасьць з нагоды сьмерці 17 мірных жыхароў, якія загінулі напрыканцы мінулага тыдню ў выніку амэрыканскага авіяўдару. Як заявіў прадстаўнік прэзыдэнта Джаўдзед Лудзін, забойства мірных людзей нельга ніяк апраўдаць.
Паводле Лудзіна, урад пачаў расьсьледаваньне трагедыі ў правінцыі Кунар.
Між тым амэрыканскія вайскоўцы заявілі, што ў часе бамбардзіроўкі “загінула нявызначаная колькасьць тэрарыстаў, а таксама людзей, якія ня бралі ўдзелу ў баявых дзеяньнях”. Раней войска ЗША адмовілася камэнтаваць паведамленьні аб тым, што двое вайскоўцаў з групы выведкі загінулі ў Кунары тыдзень таму.