Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску паркаматы заменяць касіраў аўтастаянак


Ганна Соусь, Менск Менскія ўлады плянуюць цягам бліжэйшых гадоў усе муніцыпальныя паркоўкі абсталяваць паркаматамі. Нашая карэспандэнтка высьвятляла, наколькі эфэктыўная цяпер сыстэма паркаматаў і якія зьмены адбудуцца ў найбліжэйшы час у сыстэме аплаты за часовыя стаянкі аўтамабіляў у Менску.

На аўтастаянцы паміж бібліятэкай імя Пушкіна і ЦУМам можна заплаціць за паркоўку праз паркамат альбо непасрэдна супрацоўніку прадпрыемства “Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі”. Але кіроўцы збольшага аддаюць перавагу наяўнаму разьліку. Тым больш, што некаторыя паркаматы проста не працуюць. Я зьвяртаюся да работніка аўтастаянкі.

(Карэспандэнтка: ) “Наколькі людзі часта карыстаюцца паркаматамі? Наколькі гэта зручна?”

(Спадар: ) “Калі людзі часта прыяжджаюць сюды, то яны аплачваюць праз паркамат, калі зрэдку — навошта яму ўвогуле паркаматам карыстацца”.

(Карэспандэнтка: ) “Што таньней атрымліваецца: карыстацца паркаматам, ці так плаціць?”

(Спадар: ) “Паводле кошту адно і тое ж. Адзінае, што паркамат лічыць па хвілінах, а мы бярэм альбо за 20 хвілін, альбо за гадзіну. У мяне на паркоўцы адзін паркамат. Бывае, за дзень ніводнага кіроўцы, а бывае, чалавек дзесяць. Трэба кантраляваць, бо аплату праз паркаматы немагчыма пракантраляваць”.

А вось меркаваньні кіроўцаў:

(Карэспандэнтка: ) “Ці карыстаецеся вы паркаматамі?”

(Кіроўца: ) “Гатоўкай плацім у асноўным. Імкнемся паркаваць бясплатна, як і ўсе. Пакуль не прымусілі, больш зручна плаціць наяўнымі”.

(Кіроўца: ) “Было б толькі месца для гэтых паркаматаў. Мы толькі “за”, каб можна было стаць у любым месцы, а не хадзіць за два кілямэтры”.

(Кіроўца: ) “Што зробяць паркоўкі платныя, ня маю сумневу. Але добра гэта будзе ці не, думаю, хутчэй “не”, чым “так”, бо не ва ўсіх ёсьць грошы ў нашай хвалёнай рэспубліцы”.

Цяпер у Менску паркоўка да 20 хвілінаў каштуе 900 рублёў, а за гадзіну — 1900 рублёў. Як паведаміў Радыё Свабода начальнік участку платных неахоўваных парковак прадпрыемства “Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі” Менгарвыканкаму Леанід Дарашчонак, цяпер распрацаваная тарыфікацыя аплаты за паркоўку, якая прадугледжвае льготы ці поўнае вызваленьне ад аплаты за стаянку. Для кожнай катэгорыі грамадзянаў зробяць розныя абанэмэнтныя карткі: на тыдзень, месяц ці год; а таксама для інвалідаў, жыхароў зоны платнай паркоўкі, службовага транспарту. Апроч таго, абанэмэнт можа распаўсюджвацца як на ўсе паркоўкі ў платнай зоне, так і на канкрэтнае месца. І кошт адпаведна будзе розны. Плянуецца, што цэнтральная частка Менску будзе падзеленая на пяць зонаў, і за два гады ўсе паркоўкі ў іх межах стануць платныя. Гаворыць Леанід Дарашчонак:

(Дарашчонак: ) “Натуральна, у цэнтры паркоўка павінна даражэй каштаваць, чым на ўскрайку ўсёй зоны платнай паркоўкі. Паркаматы будуць спрацоўваць добра, калі будзе адказнасьць за няплату”.

Але Палата прадстаўнікоў Беларусі пакуль яшчэ не ўхваліла зьменаў у заканадаўства, якія прадугледжваюць пакараньне для тых, хто ня плаціць на платных паркоўках.

Як паведаміў Радыё Свабода старшыня праўленьня Беларускай асацыяцыі экспэртаў на транспарце Юры Важнік, новая тарыфікацыя аплаты за паркоўку хутчэй за ўсе пачне дзейнічаць сёлета ў сьнежні, калі Менскі гарадзкі савет прыме новую інструкцыю ў справе платных парковак.

(Важнік: ) “Мы сёньня паедзем узгадняць з ДАІ канчатковую вэрсію”.

(Карэспандэнтка: ) “Досьвед якіх краінаў вы выкарыстоўваеце пры распрацоўцы гэтай тарыфікацыі?”

(Важнік: ) “Мы ўзялі за аснову досьвед Швэцыі і Польшчы, сыстэму ў Варшаве, Гданьску, Лундзе… Прынцып палягае ў тым, каб зрабіць цэнтар больш чыстым і зрабіць усю гэтую сыстэму сацыяльна справядлівай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG