Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санаторна-курортны адпачынак не для ўсіх


Галіна Абакунчык, Менск Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступае супраць дзяржаўнай канцэпцыі рэфармаваньня сыстэмы санаторна-курортнага аздараўленьня. ФПБ стварае працоўную групу ў справе больш дасканалага выкананьня ўрадавай праграмы. Прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў заяўляюць пра сваю нязгоду як з прапановамі чыноўнікаў уладных структураў, так і фэдэрацыі прафсаюзаў.

Сыстэма санаторна-курортнага лекаваньня ў Беларусі стаіць на парозе сур’ёзнай рэарганізацыі. А менавіта, што ўсё мэдычнае забесьпячэньне тут мусіць стаць платным. Пра гэта гаворыцца ў канцэпцыі рэфармаваньня, распрацаванай ва ўрадзе краіны паводле ініцыятывы Міністэрства аховы здароўя. Праўда, у міністэрстве ад свайго аўтарства ў гэтай справе адмаўляюцца й нешта пракамэнтаваць таксама. Прэсавая сакратарка Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ірына Каганец паведаміла Свабодзе, што сутнасьць канцэпцыі сталася прадметам абмеркаваньня на прэзыдыюме фэдэрацыі.

(Каганец: ) “У нас на паседжаньні прэзыдыюму выступалі многія зацікаўленыя асобы, былі запрошаныя й галоўныя лекары санаторыяў. І яны выказваліся, што ў гэтай канцэпцыі ёсьць вялікія праблемы. Маецца на ўвазе, што бальшыня санаторыяў будуць пераведзеныя ў дамы адпачынку. Гэта значыць, што меншая колькасьць людзей змогуць ільготна аздаравіцца. Яны атрымаюць пуцёўку ў санаторый, але яна будзе, як гатэль. Але калі ты хочаш дыягностыку прайсьці, нейкае УЗІ элемэнтарнае, нейкія працэдуры, то гэта ўжо платна”.

Паводле спадарыні Каганец, кіраўніцтва Фэдэрацыі зараз стварае адмысловую групу, якая будзе працаваць у справе зьмяншэньня нэгатыўных наступстваў падчас выкананьня гэтай праграмы, бо канцэпцыя ўжо зацьверджаная ўрадам краіны.

Кіраўнік Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленьню і санаторна-курортнаму лекаваньню Ўладзімер Рыжанкоў выказваецца за рэарганізацыю сыстэмы і не падзяляе занепакоенасьці Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

(Рыжанкоў: ) “Яны, як заўсёды, занепакоеныя й ня бачаць іншых праблемаў, як толькі гэтую. У нас 183 санаторна-курортныя арганізацыі. Ці патрэбна іх гэтулькі на тэрыторыі краіны? Зараз ідзе інвэнтарызацыя гэтай базы. І калі некаторыя санаторыі ня будуць запатрабаваныя, тады й будзе разгледжанае пытаньне пераводу іх у шэрагі аздараўленчых. Гэтае пытаньне будзе разгледжанае пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера Дражына. А тое, што прафсаюз занепакоены, дык больш няма чаго, напэўна, рабіць”.

Паводле спадара Рыжанкова, кошты на пуцёўкі будуць падвышацца й надалей, аднак пра перавод на поўнае самафінансаваньне санаторна-курортнай сыстэмы гаворкі не вядзецца. Ва ўсялякім разе, да прэзыдэнцкіх выбараў гэтага ня будзе.

Прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў аднолькава нэгатыўна ставяцца й да захадаў уладных структураў у справе рэфармаваньня галіны, і да пратэстаў з боку Фэдэрацыі прафсаюзаў. Бо санаторнае лячэньне ў Беларусі сапраўды становіцца ўсё менш даступным для пераважнай бальшыні працоўных людзей. Але кіраўніцтва фэдэрацыі прафсаюзаў клапоціцца не пра інтарэсы працоўных, а пра ўласную частку ў санаторна-курортнай маёмасьці краіны – кажа адзін зь лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху Генадзь Фядыніч.

(Фядыніч: ) “Што тычыцца ўраду, то я не магу яго падтрымаць, бо ёсьць пэўныя чыноўнікі, якія трымаюць кірунак на тое, каб усё было платным: і мэдыцына, і санаторная база. Што тычыцца фэдэрацыі, то мая думка такая, што яны абараняюць свае інтарэсы інтарэсамі людзей. Інакш яны шчыльнымі шэрагамі пайшлі б на ўрад з пытаньнямі, чаму кошты на пуцёўкі былі паднятыя ўжо летам. Гэтага не было зроблена. Фэдэрацыя прафсаюзаў на чале са сваім кіраўніцтвам мае іпадромы й шмат што яшчэ. І яны за сваю ўласнасьць гатовыя паспрачацца і пазмагацца, аж пакуль зьверху ім ня скажуць: хопіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG