Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвіслач


Ягор Маёрчык, Сьвіслач, Асіповіцкі раён, Магілёўшчына (эфір 30 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Перада мною высокі плот і сталёвыя дзьверы. Замест клямкі тут прымацаваная кнопка, націскаю — і брама аўтаматычна адчыняецца. Гэтак я трапляю на двор сядзібы Валера Строка. У Сьвіслачы гэтага чалавека лічаць вынаходнікам і дзіваком. Па мястэчку ходзяць легенды пра тое, што ў ягонай гаспадарцы ўсё аўтаматызаванае: працуе на электрычнасьці, а не пры дапамозе фізычнай сілы чалавека.

Гаспадар — ня надта ахвотны да кантактаў чалавек. І на пачатку размовы гаварыць пра сваё захапленьне катэгарычна адмаўляецца.

(Строк: ) “Адчапіцеся вы ад мяне! Ніякіх у мяне вынаходніцтваў няма! Я не вынаходнік. У маладосьці радыётэхнікай цікавіўся, а цяпер мне нічога не патрэбна. Вось гэта мой кабінэт. Сядзеў тут і вечарамі корпаўся. Калі вас яшчэ на сьвеце не было, я зрабіў маленькі радыёпрымач. З тых часоў прайшло сорак гадоў. Вунь стаіць самаробны радыётэлефон”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вы апроч гэтага рабілі нейкія побытавыя прыборы, каб палегчыць жыцьцё?”

(Строк: ) “Я ведаю, куды вы хіліце: да чыгункі! Неяк на тэлебачаньні ўжо паказвалі, як мая жонка каталася”.

З хаты мы выходзім на двор.

(Карэспандэнт: ) “Мы стаім на гары. Што вы тут рабілі?”

(Строк: ) “Вунь рэйкі травой зарасьлі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы пабудавалі тут чыгунку?”

(Строк: ) “Сваімі рукамі з адкідаў і кавалкаў труб”.



У гэты момант Валер Строк становіцца на міні-плятформу, націскае кнопку — і пляцоўка пачынае рухацца ўніз. Збоку выглядае, што спадар адарваўся ад зямлі і ляціць, чапляючы нагамі траву.

Дом Валера Строка стаіць на пагорку, а частка палеткаў знаходзіцца пад стромым схілам. Гаспадар пабудаваў міні-чыгунку для жонкі, каб ёй было лягчэй дабірацца ад градаў да дому. Кароткая дэманстрацыя скончаная. Мы вяртаемся ў хату.

(Карэспандэнт: ) “Вы ў калгасе працуеце? У якім ён стане?”

(Строк: ) “Калі казаць праўду, то дрэнна. У нас сёньня саляры — нуль, бэнзіну — нуль, алею — нуль. А на паперы ўсё добра. Мы малако прадаем па 300 рублёў,а ў краме яно 700. Дзе тут праўда? Я галоўны спэцыяліст, прапрацаваў 35 гадоў. У мяне аклад 196 тысяч. Дзе мае сто даляраў?! А жонка 100 тысяч атрымлівае, а сын — 150. Гэта калі казаць праўду, а калі казкі, можна казаць, што ўсё вельмі добра. Мы ўкалваем, трымаем карову і гадуем сьвіней. Атрымліваецца, што працоўны дзень ня восем гадзінаў, а васямнаццаць”.

(Карэспандэнт: ) “А калі ж вы знаходзіце час на вынаходніцтвы?”

(Строк: ) “Ды ўжо хрэн там які час застаецца!”

Уявім, што ў мястэчка прыехала група турыстаў. Лепшай забавы, чым палётаць над травой, прыдумаць для іх было б цяжка. Пра вандроўнікаў — гэта я ня проста так. Ля гэтага паселішча зьліваюцца ў адно рэкі Сьвіслач і Бярэзіна, а навокал маляўнічыя дубровы, паплавы і безьліч выспаў.



Адзінаццаць гадоў таму зьявіўся загад, паводле якога на гэтых тэрыторыях павінен быў узьнікнуць нацыянальны парк. Але ідэя так і засталася на паперы.

Мясцовае насельніцтва з гэтым зьмірылася. І толькі загадчыца школьнага краязнаўчага музэю Ніна Сакава час ад часу нагадвае пра існаваньне пастановы. У экспазыцыі музэю нават адмысловы стэнд зьявіўся, а самаго парку як не было, так і няма.

(Сакава: ) “Тое, што засьведчанае ў дзяржаўных дакумэнтах, ня выкананае. Плянаў вельмі шмат, але праблема ў тым, што няма грошай. Я падыходзіла да ўладаў, мне сказалі, што гэта ня вельмі патрэбная справа для нашай дзяржавы”.



(Карэспандэнт: ) “Вы жывяце на вуліцы 70-годзьдзя Кастрычніка. Аднойчы ў вас узьнікла ідэя перайменаваць яе. Як разгортваліся падзеі?”

(Сакава: ) “На самым пачатку да мяне прыляцела маланка. І тады перад маімі вачамі ўзьнік крыж Эўфрасіньні Полацкай. Адбылося вялікае патрасеньне ў маім жыцьці. Я не магла спаць. Пасьля таго мне пачулася, што вуліцу, на якой я жыву, трэба перайменаваць на Эўфрасіньні Полацкай. Я тады сабрала подпісы ў жыхароў нашае вуліцы. Але ў сельсавеце нам адмовілі. Мне сказалі, што лепей у гонар асьветніцы назваць сквэр”.

(Карэспандэнт: ) “А ці зьявіўся той сквэр?”

(Сакава: ) “Яго пакуль што няма”.

Цяперашні цэнтар сельсавету ў Асіповіцкім раёне Магілёўшчыны некалі быў сталіцаю ўдзельнага княства на паўднёвай мяжы Полацкай зямлі. Захавалася нават замчышча. На гары — рэшткі царквы, якую пару стагодзьдзяў таму пабудавалі на месцы старажытных умацаваньняў.



Прылеглы лясок месьцічы аблюбавалі пад сьметніцу. Пару гадоў таму маладыя людзі з усёй Беларусі наладзілі ў Сьвіслачы летнік, каб дапамагчы археолягам на раскопах, а пасьля ўпарадкаваць замчышча. Дамо слова ўдзельніку тых падзеяў, качагару з Асіповічаў Ігару Сімбірову.

(Сімбіроў: ) “Мы зрабілі на месцы Сьвіслацкага замку талаку. Вырашылі прыбрацца, бо месца гэтае засьмечанае. Мы ўсталявалі помны знак з надпісам “Увага! Помнік гісторыі. Ахоўваецца дзяржавай”. Залілі яго цэмэнтам і цудоўна зафіксавалі. І праз два тыдні ён зьнікае ў невядомым кірунку. Трэба было мець вялізную сілу, каб вырваць яго зь мясам. Потым Ніна Сакава знайшла яго скручаным і пакалечаным. Хто гэта зрабіў? Мясцовыя хуліганы”.



(Карэспандэнт: ) “Такія дзеяньні падпадаюць пад артыкул “хуліганства”. Маглі б зьвярнуцца да міліцыі, каб высьветліць, хто гэта зрабіў”.

(Сімбіроў: ) “Калі б гэта было арганізавана ўладай, можа быць. А тут ініцыятыва зыходзіла ад саміх людзей, хутчэй за ўсё, мы атрымалі б такі адказ: хто вас прасіў там нешта ўсталёўваць”.

У дадзены момант я стаю на гарадзішчы, што месьціцца на супрацьлеглым баку Сьвіслачы. Тут знаходзяцца старажытныя габрэйскія могілкі. Надмагільныя пліты даўно парасьлі мхом і хаваюцца ў траве. З аднаго боку пагорак падразае рака. Бераг няспынна асоўваецца ў ваду. Такім чынам, палова нэкропалю ўжо зьнікла. На схіле і ў вадзе можна пабачыць помнікі і нават чалавечыя косткі.



Я гутару з пэнсіянэрам Аляксандрам Цімошанкам. Сталага веку чалавек ведае пра габрэйскія могілкі болей, чым хто іншы ў мястэчку.

(Аляксандар Цімошанка: ) “Цяпер гэта месца адпачынку моладзі. Бяруць бутэльку і едуць туды — там вельмі прыгожа — распальваюць вогнішча і адпачываюць. Гэты пахаваньні вельмі старажытныя, з 1713 году. Няма там ніякай шыльды. Гэтыя могілкі ня лічацца гістарычнай каштоўнасьцю. У мясцовых уладаў хапае іншых клопатаў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць надзея, што некалі разбурэньне могілак спыніцца, што будзе нейкая шыльда, якая забароніць там адпачываць?”

(Аляксандар Цімошанка: ) “Шыльду ўсталяваць можна, але гэты стэнд хутка разбураць”.

Габрэйскія могілкі таксама патрабуюць талакі. Пытаньне толькі, як доўга пратрымаюцца чысьціня і парадак. Пра норавы і культуру тутэйшых жыхароў разважае колішняя настаўніца Ірына Цімошанка. Шмат каго з насельнікаў Сьвіслачы яна вучыла ў школе, таму ейныя характарыстыкі дакладныя.



(Ірына Цімошанка: ) “Да вайны ў нас наагул не было п’яніцаў. А цяпер вельмі шмат. Прыйшлі франтавікі. Яны часта выпівалі. На іх гледзячы і моладзь пачала. І цяпер ужо не спыніць”.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць нейкія прычыны? Мо яны такім чынам ад праблемаў ратуюцца?”

(Ірына Цімошанка: ) “У тых, хто п’е, адна толькі праблема — дзе б знайсьці выпіць. У тут адзін такі ў школе працаваў і піў, а пасьля закадаваўся. Кажа: “Госпадзі, я хоць убачыў сьвет гэты, я зразумеў, як людзі жывуць, а раней адна толькі думка ў галаве была: дзе б знайсьці выпіць”.

(Карэспандэнт: ) “Каб быў тут Нацыянальны парк і сюды б пачалі езьдзіць турысты, мо гэта б зьмяніла мястэчка?”

(Ірына Цімошанка: ) “Напэўна, так. Жыцьцё Сьвіслачы падае ўніз: ад Княства і да сучаснага сельскага савету. Але тое, што тут было Княства… культура людзей пераходзіць зь веку ў век. І ў Сьвіслачы больш культурныя людзі, чым у навакольных вёсках. Але цяпер сьвіслацкіх людзей мала, болей прыбышоў”.

Ня так даўно ў Сьвіслачы зачынілі шпіталь. Дакладней нават будзе сказаць, не зачынілі, а пераўтварылі яго ў амбуляторыю — гэта значыць, скасавалі стацыянарныя ложкі і скарацілі мэдычны пэрсанал. Пад патрабаваньнем аднавіць лякарню месьцічы сабралі болей за дзьве сотні подпісаў. Але ўлады ліст праігнаравалі. Сярод тых, з кім давялося пагутарыць, гэтым фактам абураўся кожны. І толькі пэнсіянэр Георгі Забаўскі паставіўся да скасаваньня шпіталю без асаблівых эмоцыяў.



(Забаўскі: ) “Яго не зачынілі. Цяпер толькі нельга заставацца ночыць. А так, як лекаваліся, так і лекуемся. Калі нечага не хапае, накіроўваюць у раённы шпіталь. Калі табе сапраўды патрэбнае лекаваньне, цябе на хуткай дапамозе завязуць у суседняе паселішча Ялізава, дзе нашаму мястэчку адведзеныя палаты”.

(Карэспандэнт: ) “Быў падпісаны загад, каб вакол Сьвіслачы стварыць нацыянальны парк. Калі б ён зьявіўся і сюды б пачалі езьдзіць турысты, гэта б зьмяніла вёску?”

(Забаўскі: ) “Мне гэта не зусім выгадна, бо могуць не пусьціць на раку вудзіць рыбу. А так гэта было б нядрэнна”.

(Карэспандэнт: ) “Але і ўладам у гэтую справу трэба нешта ўкладаць…”

(Забаўскі: ) “Без уладаў тут яшчэ лягчэй, чым зь ёй. З Бабруйску да нас прыяжджаюць крутыя. У нас ёсьць адзінае месца, дзе пляж, там, дзе ніжэй за сьвінарнікі. Там вельмі прыгожая каса. І тыя на выходныя зь пятніцы як зоймуць, нават калі нашыя і прыйдуць пакупацца, ім няма дзе зачапіцца. Мала таго, што месцы займаюць, мурластых сабакаў спускаюць, і ніяк не падыдзеш”.

Выказваньне Георгія Забаўскага — “Без улады тут яшчэ лягчэй, чым зь ёй” — навяло на думку завітаць ў сельскі савет. На зачыненых дзьвярах будынку мяне чакала цыдулка: “Выбачайце, сельсавет зачынены. Усе зьехалі ў райвыканкам”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG