Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрась Губарэвіч: “Пра запасныя варыянты варта думаць ужо цяпер...”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць нашай ранішняй праграмы – Юрась Губарэвіч, кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ, дэпутат Белаазёрскага гарадзкога савету.

(Мадэратар: ) Спадар Губарэвіч, вось мы чулі, што на Віцебшчыне адразу ў трох раёнах ня здолелі правесьці сходы, каб вылучыць кандыдатаў. Як з раённымі сходамі ў Вашым рэгіёне?

(Губарэвіч: ) “У гэтыя выходную – суботу і нядзелі – у нас пачаліся першыя сходы па Берасьцейскай вобласьці. Былі заплянаваныя чатыры сходы, зь іх тры адбыліся – у Маларыце, Пружанах і Камянцы”.

(Мадэратар: ) Наколькі, на Вашую, думку рэальна правесьці вылучэньне дэлегатаў на Кангрэсам па ўсёй краіне, а таксама наколькі рэальна правесьці гэты Кангрэс унутры Беларусі?

(Губарэвіч: ) “Паводле маёй ацэнкі, працэнтаў 80 сходаў усё ж адбываецца. Прынамсі ў нас, у Берасьцейскай вобласьці, заплянавана каля 20 такіх месцаў, і зь іх толькі раёнаў 5 мы разглядаем як праблемныя, а ў астатніх – я думаю, што будзе яўка, людзі прыйдуць і абяруць сваіх дэлегатаў”.

(Мадэратар: ) Некаторыя грамадзкія дзеячы крытыкуюць у прынцыпе саму ідэю вылучэньня агульнага кандыдата на Кангрэсе дэмакратычных сіл – маўляў, чалавек, якога абяруць партыйныя актывісты, наўрад ці зможа спадабацца беларускаму грамадзтву ўвогуле. Што б Вы на гэта адказалі?

(Губарэвіч: ) “Ідэя кулюарнага абраньня кандыдата ў прэзыдэнта – яшчэ горшая, бо яе не зразумеюць тыя самыя партыйныя актывісты. А хто, калі не яны, пойдзе да людзей, будзе казаць пра гэтага кандыдата, хто, калі не яны, будзе зьбіраць подпісы? Мне проста незразумелая такая пазыцыя...”

(Мадэратар: ) Адзін з нашых слухачоў на мінулым тыдні ў тэлефанаваньні прапаноўваў такі варыянт абраньня адзінага кандыдата – маўляў, трэба ўжо цяпер зьбіраць подпісы за розных прэтэндэнтаў, і хто набярэ найбольш, той і варты быць кандыдатам. Наколькі гэта рэальны варыянт?

(Губарэвіч: ) “Гэта проста распыльваньне сілаў. Тое самае насельніцтва проста ня будзе разумець, што адбываецца. І калі сёньня мы прыходзім і просім іх паставіць подпіс за аднаго, а заўтра за другога, пасьлязаўтра за трэцяга – яны бачаць, што ў нас няма нейкай вызначанасьці. Куды прасьцей прыйсьці да іх – я думаю, што пасьля верасьня так і адбудзецца – і казаць: вось, ёсьць прэтэндэнт, якога абралі на агульным дэмакратычным сходзе, і распавядаць пра яго як пра альтэрнатыву Лукашэнку”.

(Мадэратар: ) Цяпер пра іншае. На мінулым тыдні урачыста адкрылі гэтак званую “лінію Сталіна”, на фасад Сувораўскай вучэльні вярнулі імя Сталіна, учора на афіцыйных сьвяткаваньнях Дня Рэспублікі былі партрэты Сталіна. Мы пыталіся ў нашых слухачоў, як яны ставяцца да вяртаньня імя Сталіна ў грамадзкае жыцьцё. На Вашую думку, якія мэты ставяць улады гэтым вяртаньнем?

(Губарэвіч: ) “Гэта лягічны працяг палітыкі Лукашэнкі – ім трэба зьвяртацца да нейкіх сымбаляў, і калі адрынаецца Скарына, то знаходзіцца месца для Сталіна. Працяг гэтай палітыкі мы бачым у нас тут у рэгіёнах. У Белаазёрску зьявіўся чалавек, які сам быў ахвярай палітычных рэпрэсіяў, і ў яго ёсьць задума стварыць камітэт ахвяраў палітычных рэпрэсіяў – для ўзаемнай дапамогі, для збору інфармацыі. Ён гэтым займаецца ўжо на працягу трох месяцаў, ён зьвяртаўся да мясцовых уладаў, да старшыні гарвыканкаму, каб той даў памяшканьне для арганізацыйнага сходу. Але яму паўсюль адмаўляюць – яму адмаўляюць у горадзе, у раёне, раённая газэта не дае абвестку пра арганізацыйны сход. Гэта яскрава падкрэсьлівае іх стаўленьне да такіх людзей”.

(Мадэратар: ) Вернемся яшчэ да Кангрэсу дэмакратычных сілаў і да вылучэньня дэлегатаў. Наколькі рэальна правесьці такі кангрэс на тэрыторыі Беларусі? Ці больш рэалістычна правесьці яго ў нейкай суседняй краіне?

(Губарэвіч: ) “Гэта пытаньне спрэчнае. Як вядома, аргкамітэт падаў больш за 50 заявак на розныя памяшканьні. Магчыма будзе такі сцэнар, што адно зь іх дазволяць, людзі зьбяруцца, і такую вялікую колькасьць людзей паставяць перад фактам, што ў дадзены момант гэтае памяшканьне даць немагчыма з-за нейкіх там тэхнічных праблемаў. І людзі будуць вымушаныя разьехацца, а другі раз сабраць такую колькасьць людзей будзе складана. Таму варта думаць пра запасныя варыянты ўжо цяпер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG