Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Алеі праведнікаў народаў сьвету


Марыя Ўсьціновіч, Бабруйск Алея праведнікаў народаў сьвету – гэта праект Бабруйскай габрэйскай грамады. Габрэйская грамадзкасьць гораду ў нядзелю ўшанавала памяць 15-ці чалавек, жыхароў Бабруйска і сельскага раёну, якія ўратавалі габрэяў ад фашыстаў і за гэта атрымалі ад ізраільскага мэмарыяльнага музэя Ядвашэм тытулы праведнікаў сьвету. Для стварэньня алеі Галяндзкі габрэйскі дабрачынны фонд прадаставіў грант у 3 тысячы эўра.

Праект выканалі вядомы архітэктар Леанід Левін, аўтар Хатынскага мемарыялу, і ягоная дачка Галіна. Алею зрабілі ў цэнтры Бабруйска: на ёй – камяні з імёнамі праведнікаў, побач з кожным – дрэва. Надпіс на цэнтральным мемарыяле зробленая на дзвюх мовах – беларускай і іўрыцэ: “Праведнікам народаў сьвету, якія з рызыкай для ўласнага жыцьця ратавалі габрэяў у гады вайны”.

“На праведнікаў трэба маліцца,” – упэўнены лідэр Бабруйскай габрэйскай грамады Леанід Рубінштэйн, якія паказваў алею.

(Рубінштэйн: ) «Вось гэтыя два вялікія камяні як два зрэзаныя дрэвы. Яны сымбалізуюць сяброўства габрэйскага і беларускага народаў, якая змацаваная кроўю вайны. Таму гэты надпіс зроблены ад аднога камня да іншага і паказвае, што гэтыя народы звязаныя паміж сабой на ўсё жыцьцё».

Учора на адкрыцьці алеі было шмат народу: кіраўніцтва гораду, грамадзкасьць, рабіны стаялі побач з праваслаўнымі сьвятарамі – гэта, у прынцыпе, звычайна для Бабруйска, дзе заўсёды жылі побач габрэі і беларусы.

На адкрыцьці прысутнічаў амбасадар дзяржавы Ізраіль Зееў Бен Ар’е, які аддаў даніну памяці і пашаны праведнікам сьвету. Ён узгадаў, як за савецкім часам нават самое слова “габрэй” лічылася не вельмі прыстойным, але цяпер ўсё зьмянілася, сказаў спадар амбасадар, і ён гучна заяўляе, што габрэйскі народ і дзяржава Ізраіль дзякуе беларусам, выратавальнікам габрэяў.

З 15-ці праведнікаў, якіх ушанавалі ў Бабруйску, жывыя толькі тры жанчыны вельмі паважнага ўзросту. Аляксандра Хомутава, Галіна Міхалап і Ірына Масюковіч. У кожнай зь іх – свая гісторыя, але яны вельмі падобныя: яны ратавалі жанчын і дзяцей. Іх гісторыі каранюць сэрца.

(Хомутава: ) «Мы ўзялі гэтую дзяўчынку, і ніхто не выдаваў, што яна – габрэйка. Мы казалі, што гэта нашая знаёмая дзяўчынка, якая адбілася, маці няма. Калі ішоў вялікі хапун, то мы яе – у дом, дзе тыф, дзе хварэлі людзі. Мы публічна яе пахрысьцілі ў царкве. Нам Бог дапамог яе выгадаваць».

(Масюковіч: ) «Прыйшла яна ў калгас. Пачулі, што яна – габрэйка, і сталі яе выганяць, спужаліся. А я прыйшла і хаджу: «Хадзем да мяне!» Цяжка: у мяне трое дзяцей, і ў яе – двое, але ўзяла. І не было нам страху, і жылі мы дружна».

Нядаўна бабруйскія дэмакраты наладзілі «Не—фашызму», запатрабаваўшы ад мясцовых уладаў зьнішчыць антысэміцкія надпісы ў горадзе. Шмат надпісаў з абразлівымі антысэміцкімі лёзунгамі і малюнкамі былі зафарбаваныя. Але ўсё ж некаторыя засталіся, у тым ліку і на доме адной з цэнтральных вуліцаў.

Загадчык аддзелу ідэалёгіі Сяргей Біткін падцвердзіў, што ўлада зьбірае інфармацыю пра тое, дзе зьяўляюцца антысэміцкія лёзунгі, і не толькі гатовая іх зьнішчаць, але ўжо робіць гэта. А ў габрэйскай грамадзе лічаць, што моладзі трэба больш тлумачыць, што габрэі і іншыя народы, якія жывуць тут, -- гэта сябры. І пра гэта таксама будзе нагадваць Алея праведнікаў народаў сьвету, якая адчынілася ў Бабруйску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG