Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Анатоль Вярцінскі


Анатоль Вярцінскі, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае тыднёвыя запісы прадстаўляе знаны паэт і перакладчык Анатоль Вярцінскі.

27 чэрвеня, панядзелак

Па даўнім звычаі адгарнуў лісток календара. Апошняя квадра. Даўжыня дня 17.06. Так, летняе сонцастаяньне мінае, дзень стаў меншыцца. Хай на нейкія паўтары-дзьве хвіліны, але ўжо пайшоў на спад. Ня вельмі люблю гэты самы пік лета, цяжкавата пераношу яго. Але ў той жа час адчуў і шкадаваньне: убывае беззваротна яшчэ адно лецейка. Да таго ж гэтыя чэрвеньскія дні зьвязаныя для многіх з нас асабіста зь імем Васіля Быкава. Згадаў, што сёньня надвячоркам у Доме літаратара адбудзецца прэзэнтацыя другога, дапоўненага выданьня па-свойму ўнікальнай кнігі “Быкаў на Свабодзе”.

Было 19 чэрвеня — дзень нараджэньня Васіля Ўладзімеравіча, было 22 чэрвеня — дзень яго сьмерці, і вось 27-га — дзень сустрэчы з кнігай, любоўна прысьвечанай яму, ягонаму жыцьцю і сьмерці ягонай, і ягонай бесьсьмяротнасьці.

Падчас сустрэчы амаль фізычна, амаль у рэальным вымярэньні адчувалася яго прысутнасьць. Эфэкт яго прысутнасьці, хвалюючага жывога сумоўя зь ім узмацняўся старанна падабранымі супрацоўнікамі радыё запісамі яго голасу. Паспрабаваў выказаць сваё адчуваньне радкамі верша “Ён недзе тут…”

І ява існая, і цуд! Ён недзе тут. Ну так, ён недзе тут. Ён побач, поплеч ён, ён з намі. Такі, якім яго мы зналі.

28 чэрвеня, аўторак

Як гэта бывае паводле аднаго зь няпісаных жыцьцёвых законаў, назаўтра раніцай згадваеш першым чынам найбольш значную падзею ўчарашняга дня. Так было і сёньня. Найперш зьвярнуўся ў думцы да прэзэнтацыі кнігі “Быкаў на Свабодзе”. А дакладней — да агучанага там запісу ягонага звароту, адрасаванага дэлегатам першага Ўсебеларускага сходу інтэлігенцыі.

У аўтарскім, так бы мовіць, выкананьні зварот успрыняўся неяк па-новаму, больш выразна. У прыватнасьці, прагучаў акцэнт на пытаньні аб тым, “што рабіць?” Захацелася параўнаць з друкаваным тэкстам. Знайшоў газэту, параўнаў і пераканаўся, наколькі ключавы момант звароту зьяўляецца актуальным на сёньняшні дзень, як ён самым непасрэдным чынам праецыруецца на праблему вылучэньня так званага адзінага кандыдата.

Увогуле Быкаў, як публіцыст, ня вельмі любіў заклікаць ці даваць рэкамэндацыі, але ў сакавіку 2003 году, адказваючы на пастаўленае ім жа пытаньне “што рабіць?”, ён з усёй рашучасьцю гаварыў: “Ужо зразумела, што наш шаноўны электарат няздольны разьвязаць тыя заклятыя праблемы, іх прыйдзецца разьвязваць ягонай эліце. Правай і левай. Нацыянальнай і дэмакратычнай. Радыкальнай і лібэральнай. З таго вынікае першая перадумова — аб’яднаньне. Мы занадта слабыя, каб дзейнічаць паасобку, каб доўга вагацца і перабіраць, з кожнай нагоды круціць носам. Тым болей самаеднічаць, цягнуць да халоднай вайны ва ўласным стане. Ня можам таго дазволіць сабе, бо інакш нас хутка ня стане”.

Вечарам пазваніў знаёмы навуковец, прафэсар адной з ВНУ, і я даведаўся ад яго, што ўчора ў жыцьці гораду адбылася яшчэ адна добрая падзея: раніцай ад сабору Сьвятой Марыі (“катэдры”) вялікая група вернікаў-пілігрымаў адправілася пешшу ў мястэчка Будслаў, дзе 2 ліпеня адбудзецца ўрачыстае сьвята ў гонар цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Пагадзіліся з суразмоўцам, што, выходзіць, ня ўсе беларусы страцілі здольнасьць адрозьніваць тыя дарогі, якія вядуць у храм, ад дарог, якія вядуць у процілеглым ад храма кірунку.

29 чэрвеня, серада

Даведваюся са сьвежага нумару “Народнай Волі”, што справы ў яе няважныя, што спроба абараніцца ад папярэджаньня Міністэрства інфармацыі шляхам апэляцыі да Вышэйшага гаспадарчага суду жаданага выніку не дала. Судовае разьбіральніцтва закончылася — як і трэба было чакаць — адмоўным рашэньнем. Газэта яшчэ не адышла ад судовай цяжбы з другам Садама Хусэйна Гайдукевічам, і вось яшчэ адна — якая ўжо па ліку? — непрыемнасьць.

З гэтага ж нумару газэты даведваюся таксама, што нічога добрага не атрымалася з касацыйнай скаргі адваката Паўла Севярынца. Менскі гарадзкі суд пасьля 18-хвіліннага знаходжаньня ў дарадчым пакоі вызначыў: “Рашэньне судзьдзі Цэнтральнага раёну Л.Ясіновіча пакінуць бязь зьменаў”. Што ж, адна рука нашай Тэміды мые яе другую руку.

Іншыя факты. Некалькімі днямі раней прысуджана да вялікага штрафу вядомая журналістка Ірына Халіп. Зьбіраюцца судзіць зьнясіленага доўгатэрміновай галадоўкай нядаўняга дэпутата Сяргея Скрабца…

Міжволі згадваеш вельмі ўжо блізкі — па сваёй сутнасьці — да сёньняшняй сытуацыі верш Янкі Купалы “Суды”, дзе жорстка судзяць выведзеную ў вобразе маладой саму шматпакутную Беларусь. Прыгавор чытаюць, “не спытаўшыся граху, віны”. За што ўсё ж яе судзяць? Па вэрсіі Купалы — за тое, што

К волі йдзе з дня на дзень, разглядаецца Па бел-сьвету калі-нікалі…

Бачыце, за што, за тое, што “к волі йдзе”. А ці прыйдзе? Ці дасягне сьветлай мэты насуперак усім цёмным сілам? Купала дае станоўчы адказ. Гаворым пра асаблівасьці быкаўскага пэсымізму. Янка Купала быў, так бы мовіць, гістарычным аптымістам. І сваю вершаваную прыпавесьць пад назовам “Суды” заканчвае на аптымістычнай ноце:

Як была, будзе так непакорнаю Адпраўляць вечнабыту імшу… Не здалеюць суды цемнатворныя Ёй спаганіць і вырваць душу.

Ня можам, ня маем права не падзяляць веру прарокаў сваіх. Яны ведалі, што казалі.

30 чэрвеня, чацьвер

З акна аўтобуса раптам убачыў: зьявілася новая, з новай назвай праспэкту шыльда. Кідкая, маляўнічая. І зробленая так хутка, каб не было ні ў каго сумневу, што ўказы не абмяркоўваюць, а тут жа выконваюць.

…Сышоў на наступным прыпынку, каб разгледзець наваяўленую шыльду. Пабачыў зблізку, пераканаўся, як кажуць, увачавідкі і… ці ня гучна амаль засьмяяўся. Новая назва — “праспэкт незалежнасьці” — накрэсьлена… чырвоным па белым. Чырвоныя літары на белым фоне. Праклятая нацыяналістычная бел-чырвоная гама! Гэта ж трэба… напраўду стала весела. Як казаў адзін мой знаёмы — па Вярхоўным савеце — старшыня калгасу: “Мы ўжо ня плачам, мы сьмяемся”.

А калі сур’ёзна, то Лукашэнку больш пасавала б (замест двухсэнсоўнай гульні ў незалежнасьць) адкрыць свой улюбёны козыр і назваць праспэкт імем свайго куміра — Сталіна. Дакладней, вярнуць вуліцы гэтае некалі прыналежнае ёй “добрае” імя правадыра. Тым болей, што ўсё ідзе да гэтага, адпаведныя захады зроблены і робяцца. Выдадзена кніга “Сталіну, Эўропа, пакланіся”, пабачыла сьвет аж двухтомнае выданьне “Сталін і каварства яго праціўнікаў”. Імя генэралісімуса вяртаецца на фасад сувораўскае вучэльні. А літаральна сёньня, некалькі гадзін таму, адбылося з удзелам прэзыдэнта пампэзнае шоў — адкрыцьцё так званай “лініі Сталіна”. “Лінія Сталіна”… Гэта гучыць. Нічога ня скажаш… “Лінія Сталіна” на шурпатай далоні Беларуса.

1 ліпеня, пятніца

Атрымаў ліст ад Ніны Мацяш. Пачынаецца вершаванымі радкамі:

На клімат недарэчна наракаць. Каб пацяплела — трэба варушыцца, Хаця б на нейкі ўласны рух рашыцца, — Хаця б са сьметніц шыльды павымаць!

(Апошні радок мае на ўвазе, пэўна, зьмешчаны ў друку фатаздымак, на якім кінутая ў сьметніцу шыльда са словамі “Праспэкт Скарыны”.)

Далей Ніна піша: “Адгукаюся, каб падзякаваць за падарунак. Я ня ведаю, наколькі гэты раман — паэзія ў звыклым сэнсе слова. Але зроблена трывала, зь веданьнем справы. Творчасьць, без сумненьня, сьмелая, вярэдлівая, годная. Датычная любога дыктатара. Таго ж, скажам, Ніязава. Асабліва цікавыя разьдзелы, зьвязаныя з тэмай “Улада і натоўп”, да аднаго зь якіх узятыя эпіграфам словы Сэнэкі: “Завалодаць уладай — справа выпадковая, а перадаць яе дабравольна іншаму — доблесьць”.

Гаворачы пра падарунак, аўтарка ліста мае на ўвазе сусьветна вядомы твор сучаснага казаскага паэта і грамадзкага дзеяча Мухвара Шаханава, поўная назва якога “Касмаформула караючай памяці. Таямніца, зьнесеная Чынгісханам”, і які, па ініцыятыве казаскага пасольства ў Беларусі, перакладзены мной на беларускую мову.

Зь ліста Ніны Мацяш пачаўся першы дзень другога месяца лета. Добры знак. Сапраўды, каб “пацяплела — трэба варушыцца”. Бо кожны з нас — гэта яшчэ і своеасаблівы энэрганосьбіт…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG